Геаграфія Латвіі

Латвія — еўрапейская дзяржава, што мае выхад да Балтыйскага мора. Адзінай думкі аб рэгіянальнай прыналежнасці Латвіі вучоныя не маюць: краіну адносяць як да Усходняй, так і да Паўночнай Еўропы. Агульная працягласць латвійскай мяжы складае 1866 км (з іх 1368 — сухапутная мяжа). На поўдні Латвія мяжуе з Беларуссю і Літвой, на ўсходзе — з Расіяй, на поўначы — з Эстоніяй. З захаду краіна абмываецца Балтыйскім морам, у тым ліку даволі глыбока ўрэзаным у сушу мелкім Рыжскім залівам на паўночным захадзе. У Балтыйскім моры Латвія мае марскую мяжу са Швецыяй, Літвой, Эстоніяй. Заходняя тэрыторыя, што выступае ў Балтыйскае мора, разглядаецца некаторымі географамі як Курляндскі паўвостраў.

Карта

Рэльеф правіць

 
Агляд з узгорка Гайзінькалнс

Латвія размешчана на заходняй ускраіне Усходне-Еўрапейскай раўніны. Нягледзячы на нязначныя абсалютныя вышыні, латвійскія краявіды багатыя на ўзгоркі і азёры, што абумоўлена стваральнай працай старажытнага ледавіка, паходжаннем якому абавязаны ўзвышшы: Курземскае на захадзе, Латгальскае на ўсходзе і Відземскае ў цэнтральнай частцы. Да апошняга належыць найвышэйшы пункт краіны — узгорак Гайзінькалнс (312 м). Узбярэжжа ж Балтыйскага мора нізіннае (нешырокая Прыморская нізіна) і аднастайна пакатае. Іншыя нізіны разлегліся па берагах буйных рэк і на поўначы краіны.

Клімат правіць

Латвія знаходзіцца ў пераходнай зоне паміж марскім і кантынентальным кліматам. На Курземскім паўвостраве пераважаюць рысы марскога клімату, кантынентальнасць расце на ўсход не толькі ў сувязі з павелічэннем аддаленасці ад мора, але і з ростам вышыні над яго ўзроўнем. Так, на ўзгорак Гайзінькалнс снегавое покрыва кладзецца на 10-15 дзён раней, чым на яго больш нізкія ваколіцы.

Рэкі і азёры правіць

Буйнейшая рака Латвіі — Даўгава, так латышы называюць Заходнюю Дзвіну. Латвіі належаць 352 км яе ніжняга цячэння. Найбольшую працягласць на тэрыторыі Латвіі мае рака Гаўя (452 км). Азёры пераважна ледавіковага паходжання. Самае буйное возера Латвіі — Лубанс (80,7 км²).

Краявіды правіць

Лясы займаюць 52 % тэрыторыі Латвіі.[1] У тыповым латышскім пейзажы пушчы чаргуюцца з палямі, сядзібамі і лугамі, плямы раллі перамяжаюцца бярозавымі гаямі. У Латвіі сотні кіламетраў неасвоенага марскога ўзбярэжжа, парослага сасновым лесам, аздобленага нізкамі выдмаў ды белых пясчаных пляжаў. Каля 9 % тэрыторыі занята балотамі, 70 % з якіх не крануты чалавекам. З фаўны распаўсюджаныя алені, лісы, ласі, ваўкі, бабры. Рэкі Латвіі — дом для буйнейшай ва ўсходняй Балтыі папуляцыі ласосевых рыбаў.

Ахова прыроды правіць

Прырода краіны захоўваецца ў нацыянальных парках. У кожным з чатырох рэгіёнаў Латвіі створаны адзін парк: Гаўя ў Відземе, Кемеры ў Земгале, Слітэрэ ў Курземе і Разнас у Латгале. У 2012 Латвія была другой ў свеце пасля Швейцарыі паводле індэксу экалагічнай эфектыўнасці[2], што азначае як высокую ступень захаванасці экасістэм, так і беражлівае стаўленне да прыроды ў наш час.

Зноскі