Гамяюк

рака ў Беларусі

Гамяюк (Гаміюк, Гаме́йка) — глыбокі яр у цэнтральнай частцы Гомеля, рэчышча колішняга правага прытока Сожа.

Гамяюк
Вадацёк
Вусце Сож
 • Каардынаты 52°25′14″ пн. ш. 31°01′01″ у. д.HGЯO
Размяшчэнне
Водная сістэма Сож → Дняпро → Дняпроўскі ліман[d]
Краіна
physical
вусце
вусце
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы
Сажалка на ручаі Гамяюк, Гомельскі палацава-паркавы ансамбль

Гэта адзін з найбуйнейшых яроў, якія ўтвораныя даўнейшымі ручаямі ці рэчкамі, што бралі свой пачатак з колішняга ледавіковага возера, на месцы якога ў XIX — сярэдзіне XX ст. было Гарэлае балота (у раёне цяперашняга чыгуначнага вакзала).

Ад назвы «Гамяюк» выводзіцца летапісная назва «Гомій» (згадваецца пад 1142 г.). Яна з цягам часу эвалюцыянавала ў сучасную форму «Гомель»[1].

Рачная назва балцкага паходжання.

Больш аўтэнтычны варыянт той, што засведчаны найраней, — «Гаме́йка», Homéjkaod Homejki», «w Homejku»).

Канчатак -ейка часта ўзнікаў на месцы ранейшага балцкага -ēja, як у падняпроўскіх гідронімах Вядзейка — Vedēja, Мярэйка — Merēja, Рыпейка — Rupēja, але мог дадавацца і да бессуфіксальнай асновы[2].

Корань такі ж, што і ў літоўскіх гідронімах Gamė, Gamenta, Gamena, Gomerta. Ён звязаны з літоўскім gamalas «камяк», gomulti «камячыць» з семантыкай сціскання[3][4], далей да індаеўрапейскага *gem- «хапаць, сціскаць»[5]. Адпачатная балцкая форма мела быць або *Gamēja, або блізкая да літ. Gamė.

Гідронім з таго ж семантычнага шэрагу, што і балцкія назвы рэк тыпу Горадзен (> Гараднічанка), Жлобін, якія ўрэшце ўзыходзяць да каранёў *gher(d)- «ахопліваць; агароджваць», *gleb(h)- «сціскаць». Мяркуецца, што такія назвы адлюстроўваюць канфігурацыйныя асаблівасці адпаведнай ракі ці возера[6].

З тэрытарыяльна бліжэйшых балцкіх гідронімаў — назвы возера Чэчэль (каля Веткі), рэк Ачоса, Чачора, Віхолка (прытокі Іпуці).

Існуюць і іншыя версіі, апроч балцкай. Корань «гом» інтэрпрэтуюць як праславянскі са значэннем «узвышша над ярам, нізінай» (звязаны з тым жа індаеўрапейскім *gem-), а суфікс «-юк» як сцёрты да непазнавальнасці або вельмі старажытны інтэрнацыянальны геаграфічны тэрмін са значэннем «вада», «рака»[1][7].

Гістарычныя звесткі

правіць

Першыя пісьмовыя згадкі Гамеюка прыпадаюць толькі на сярэдзіну XVII ст.

У «канфесатах» (пратаколах допытаў) палонных казакоў пад Гомелем ліпеня 1649 г. паведалялася аб планах паўстанцаў напасці «od Homejki, rzeki» («ад Гамейкі, ракі»)[8].

Рэляцыя аб аблозе Гомеля казакамі ў чэрвені 1651 г. паведамляе, што казацкія загоны, намагаючыся ўзяць Гомель, «у Гамяйку (Гамейцы) раз 15 на штурм хадзілі»[9].

Мяркуецца, што да Гамеюка ў другой палове XVIII ст. прылягала адно з гомельскіх прадмесцяў — Рэчыцкае падвалле. На плане Гомеля 1799 г. яр пазначаны подпісам «Оврагъ Гомѣюкъ», у яго нізоўі тады працякаў невялічкі ручай[10].

У XIX ст. у ніжняй частцы яра, што адрэзаная ад яго верхніх рукавоў вуліцай, быў створаны штучны вадаём, які ўпрыгожыў парк Паскевічаў. Гэты вадаём, вядомы як «Лебядзіная сажалка», застаецца і сёння адным з найбольш маляўнічых куткоў прысожскага парка ў Гомелі.

Праз сажалку перакінутыя два масты — Верхні (пешаходны) і Ніжні ў выглядзе аркі, з якіх можна назіраць за лебедзямі. Леў Вінаградаў у 1900 г. апісваў Верхні мост як даўгую ажурнай работы жалезную канструкцыю, перакінутую праз рэчку над векавымі дрэвамі, а саму рэчку называў ярам («оврагомъ»)[11]. Падобным чынам гэты мост апісваўся і ў кнізе Фёдара Жудро, Ісака Сербава і Дзмітрыя Даўгялы 1911 г., а рэчка называлася ровам («рвомъ»)[12].

Увесну 1941 г. рэчышча Гамеюка («древней гомельской реки Гомеюк») планавалі даследаваць і апісаць удзельнікі краязнаўчага гуртка 2-й школы імя Сталіна г. Гомеля[13]. Перад адыходам немцаў з Гомеля 22-23 лістапада 1943 г. тут — «на дне і па краях яра каля аранжарэй паблізу пешаходнага моста» — немцы расстралялі 12 чалавек, што ўхіляліся ад прымусовай эвакуацыі[14].

За верхнімі рукавамі Гамеюка замацавалася назва «Кагальны роў»[1].

Гістарычныя выявы

правіць

Сучасныя здымкі

правіць

У культуры

правіць
  • Краявіды Гамеюка натхнілі расійскага паэта Фёдара Салагуба на стварэнне верша «***Тихо, тихо над прадедовским прудом», які быў наспісаны падчас перабывання аўтара ў Гомелі ў кастрычніку 1913 г.[15]
  • У рамане Івана Шамякіна «Сэрца на далоні» (1960—1963), дзеянне якога адбываецца ў абласным горадзе, прататыпам якога стаў Гомель, ёсць эпізод са шпацырам па парку і роздумамі галоўнага героя Кірыла Шыковіча. У тым ліку ён затрымліваецца на мосце над ровам, у якім выразна пазнаецца Лебядзіная сажалка ў Гамеюку: «На вузкім мосце цераз роў ён спыніўся. Падумаў, што было б, каб з такой вышыні скочыць у зялёную ваду сажалкі, дзе цьмяна адлюстроўваюцца неба і старыя дрэвы, парэнчы моста і горда выгнутыя шыі лебедзяў»[16].

Зноскі

  1. а б в Гомель: Энцикл. справ. / редкол.: И. П. Шамякин [и др.]. — Минск: БелСЭ, 1990. — С. 191.
  2. В. Н. Топоров, О. Н. Трубачев. Лингвистический анализ гидронимов Верхнего Поднепровья. Москва, 1962. С. 165, 178, 195, 206.
  3. A. Vanagas. Lietuvių hidronimų etimologinis žodynas. — Vilnius, 1981. — С. 106, 119.
  4. V. Urbutis. Liet. gomus, -i «norus, noringas, linkęs», la. gama «kas pernelyg daug valgo» ir kiti giminiški žodžiai // Baltistica, 1973, t. 9(2). С. 183—188.
  5. J. Pokorny. Indogermanisches etymologisches Wörterbuch. Bern / München 1959 / 1969. C. 368—369.
  6. A. Vanagas. Lietuvių hidronimų etimologinis žodynas. — Vilnius, 1981. — С. 118.
  7. Рогалев, А. Ф. Топонимический словарь Гомеля и Гомельского района [Текст] / А. Ф. Рогалев. — Гомель : Барк, 2012. — С. 65.
  8. 1649, липня 10. — Під Гомелем. — Конфесати чотирьох полонених повстанців, в тому числі і фрагмент конфесати військового писаря // Мицик, Ю. Albaruthenica / о. Юрій Мицик. — Київ : Інститут української археографії та джерелознавства ім. М. С. Гру­шевського НАН України, 2009. — С. 176.
  9. Документы об освободительной войне украинского народа. 1648—1654 гг. / Ин-т истории Акад. наук УССР. Архивное упр. при Совете Министров УССР. — Киев : Наукова думка, 1965. — С. 520. Дакумент у гэтым выданні быў апублікаваны ў перакладзе з польскай мовы на рускую, і адпаведны тапонім быў пададзены там у форме «в Гомейке».
  10. План местечка Гомля. Нынешнего его положения, со всею подробностию. Сочиненный 1799 года.
  11. Виноградов, Л. Гомель. Его прошлое и настоящее. 1142—1900 гг. / Л. Виноградов [Репринт. изд.]. — Гомель: КИПУП «Сож», 2005. — С. 41.
  12. Жудро, Ф. А. Город Гомель (Могилевской губ.) : с 68 автотипиями / сост. Ф. А. Жудро, И. А. Сербов, и Д. И. Довгялло. — Вильна : Сев.-Зап. отд. Имп. Русского географического о-ва, 1911. — С. 8.
  13. Кужелев, Л. Новое в работе школы / Л. Кужелев // Советская Белоруссия. — 1941. — 9 апреля. — С. 2.
  14. Матэрыялы аб злачынствах нямецка-фашысцкіх захопнікаў у Гомелі. — Дзяржаўны архіў Гомельскай вобласці. — Ф. 1345. Воп. 1. Спр. 2. Арк. 137 адв.
  15. Сологуб, Ф. К. Собрание сочинений [Текст] / Федор Сологуб. — Санкт-Петербург : Сирин, 1913—1914. — Т. 17: Очарования земли [Текст] : стихи 1913 г. — 1914. — С. 15.
  16. Шамякін, І. Сэрца на далоні.