Грамадскае аб’яднанне
Грамадскае аб’яднанне (ГА) — добраахвотнае таварыства на аснове агульнасці зацікаўленасцей, заснаванае ў выніку свабоднага волевыяўлення. Ствараецца шляхам склікання самачыннымі грамадзянамі ўстаноўчага з’езда, на якім ухваляюць статут і выбіраць кіроўную ўстанову. З дня дзяржаўнага ўліку статуту, за які збіраецца грашовая плата, прызнаецца юрыдычнай асобай. Дзейнічае на аснове раўнапраўя ўдзельнікаў, самакіравання і галоснасці. Змест статуту адлюстроўвае мэту і задачы, вызначае парадак кіравання ўласнасцю і ажыццяўлення міжнародных сувязяў[1]. Укараняецца ў грамадскім жыцці, дасягае шматлікасці і ўплывае на грамадскую свядомасць, калі спрыяе сумеснаму пераадоленню перашкод і пагроз[2].
Віды
правіць- Паводле ўдзельнікаў: ветэранскае аб’яднанне, навуковае таварыства, прафесійны саюз, палітычная партыя і творчы саюз.
- Паводле ахопу: мясцовае, агульнакраёвае і міжнароднае[1].
Гісторыя
правіцьГрамадскія аб’яднанні існавалі са Старажытнасці: Акадэмія Платона ў Старажытнай Грэцыі (Афіны, 387—83 гады да н. э.), пахавальныя калегіі ў Старажытным Рыме, раннія хрысціянскія брацтвы. У Новы час адбыўся іх колькасны рост. Іх дзейнасць зазнала найбольшае ажыўленне падчас грамадскіх пераваротаў у Заходняй Еўропе. Прастору для ўзнікнення яшчэ большай колькасці грамадскіх аб’яднанняў стварыла замацаванне ў заканадаўстве свабоды аб’яднанняў . На падставе ўтварэння ў заходнім грамадстве трох грамадзянскіх плыняў (лібералізм, кансерватызм, сацыялізм) пачалі ўзнікаць гаспадарчыя аб’яднанні і палітычныя партыі. У 2-ой палове 20-га стагоддзя прафесійныя саюзы сталі аказваць пастаянны ўплыў на заканадаўства. Пры канцы XX стагоддзя вырас уплыў мясцовых і прыродаахоўных аб’яднанняў. Пашырэнню міжнароднай супрацы грамадскіх аб’яднанняў паспрыяла зацвярджэнне ў рамках ААН большасцю дзяржаў свету, у тым ліку Беларуссю, Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека 1948 года (Артыкул 20) і Міжнароднага пагаднення аб грамадзянскіх і палітычных правах 1966 года (Артыкул 22). Адпаведную ўмову замацавалі ў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь 1994 года (Артыкул 36)[2].
Беларусь
правіцьЗ постсавецкага часу ў Беларусі засталіся Беларускі саюз архітэктараў (1935), Беларускі саюз кампазітараў (1938), Беларускі саюз мастакоў (1938) і Саюз беларускіх пісьменнікаў (1934). У даваеннай Заходняй Беларусі дзейнічалі Беларускае навуковае таварыства (Вільня, 1918—1939), Таварыства беларускай школы (Радашковічы, 1921—1937) і Беларуская сялянска-работніцкая грамада (Вільня, 1925—1938). Яшчэ да аднаўлення незалежнасці Беларусі 25 жніўня 1991 года ўтварыўся Беларускі народны фронт «Адраджэнне» (1989) і Беларускі фонд культуры (1987). Адразу пасля ўзнікла Згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына». Замест распушчанай Камуністычнай партыі Беларусі, што была адзінай у краіне, у 1-й палове 1990-х гадоў утварылася звыш 20 новых партый. Пашырылася дзейнасць рэлігійных аб’яднанняў. Патрэба ў пераадоленні наступстваў Чарнобыльскай катастрофы 1986 года прывяла да ўзнікнення адпаведных аб’яднанняў «Ахвяры Чарнобыля» і «Дзецям Чарнобыля». На 1 кастрычніка 1997 года ў Беларусі на дзяржаўным уліку стаялі 2002 грамадскія аб’яднанні (1 на 5041 жыхара): 952 (48%) мясцовыя, 855 (44%) агульнакраёвых і 119 (6%) міжнародных[2].
На лістапад 1998 г. на ўліку стаялі каля 2000 грамадскіх аб’яднанняў, з іх звыш 500 (25%) уваходзілі ў Асамблею няўрадавых дэмакратычных арганізацый. З агульнага ліку 15% займаліся справамі культуры; 9% — правоў чалавека; па 8% — адукацыі, спорту і турызму і сям’і; па 7% — моладзі, аховы здароўя і навукі і тэхнікі; па 5% — інвалідаў і экалогіі; 4% — Чарнобыльскай катастрофы; па 3% — вайскоўцаў, самакіравання і хобі[3].
На люты 2011 года налічвалася 2274 грамадскія аб’яднанні[4].
Пагром грамадскіх арганізацый у Беларусі (2021) здзяйсняўся ўладамі пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года і наступных масавых пратэстаў.
Зноскі
- ↑ а б Грамадскія аб’яднанні // Юрыдычны энцыклапедычны слоўнік / гал.рэд. Сяргей Кузьмін. — Мінск: Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 1992. — С. 151. — 636 с. — 25 000 экз. — ISBN 5-85700-087-4.
- ↑ а б в Віктар Боўш. Грамадскія арганізацыі, грамадскія аб’яднанні //Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 5: Гальцы — Дагон / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1997. — Т. 5. С. 399-400.
- ↑ «Трэці сектар» імкліва набірае сілу // Звязда : газета. — 20 лістапада 1998. — № 226-227 (23577-23578). — С. 2. — ISSN 1990-763x.
- ↑ Зоя Варанцова. Хацелі як лепш // Звязда : газета. — 11 лютага 2011. — № 27 (26891). — С. 7. — ISSN 1990-763x. Архівавана з першакрыніцы 5 сакавіка 2016.
Спасылкі
правіць- ГА «Аб’яднаны шлях» — партал грамадскіх аб’яднанняў Беларусі