Афіны

сталіца і найбуйнейшы горад Грэцыі

Афіны (грэч. Αθήνα) — сталіца Грэцыі, нома Атыка і намархіі (прэфектуры) Афін. Размяшчаецца ў Цэнтральнай Грэцыі, буйны эканамічны, культурны і адміністрацыйны цэнтр краіны. Тэрыторыя Афінскай агламерацыі — 412 000 кв.км. Гэтая тэрыторыя акружаная горамі: Эгалео (Αιγάλεω), Парніта (Πάρνηθα), Пендэлі (Πεντέλη) і Іміта (Υμηττό). Агульная колькасць насельніцтва складае 1/3 ад агульнай колькасці насельніцтва Грэцыі, паводле перапісу (2001) — 3361,806 тыс. чал. Такім чынам на 1 кв.км. прыпадае 8160 чал. Вышыня цэнтра горада над узроўнем мора — 20 м, але рэльеф тэрыторыі горада вельмі разнастайны, з раўнінамі і горамі. Лічыцца за адзін з найболей багатых у гістарычным плане гарадоў Еўропы, вядомы свету дзякуючы гістарычным помнікам, якія захоўваюцца тут на працягу некалькіх тысячагоддзяў. Гістарычным портам горада з’яўляецца Пірэй. Старажытныя Афіны, як горад-дзяржава, быў вельмі магутным у класічны перыяд антычнасці. Горад быў цэнтрам мастацтва, адукацыі і філасофіі. У Афінах з’явіліся Платонаўская Акадэмія і Ліцэй Арыстоцеля[2]. Афіны часта ўзгадваюць як калыску заходняй цывілізацыі і месца з’яўлення дэмакратыі[3][4], у асноўным за кошт яго культурных і палітычных дасягненняў на працягу V і IV стагоддзяў да н.э. у наступныя стагоддзі на астатніх вядомай на той час частцы еўрапейскага кантынента[5]. Сёння Афіны з’яўляюцца касмапалітычным мегаполісам, а сучасны горад займае цэнтральнае месца ў эканамічнім, фінансавым, прамысловым, палітычным і культурным жыцці ў Грэцыі.

Горад
Афіны
грэч. Αθήνα
Герб
Герб
Краіна
Перыферыя
Прэфектура
Каардынаты
Унутранае дзяленне
7 муніцыпальных раёнаў
Заснаваны
Першая згадка
Плошча
412 км²
Вышыня цэнтра
20 м
Тып клімату
субтрапічны
Афіцыйная мова
Насельніцтва
  • 643 452 чал. (2021)[1]
Шчыльнасць
8 160 чал./км²
Нацыянальны склад
грэкі
Канфесійны склад
праваслаўныя
Этнахаронім
афінянін, афінянка, афіняне
Часавы пояс
Тэлефонны код
210
Паштовыя індэксы
10x xx, 11x xx, 120 xx
Аўтамабільны код
BK, BM, BN, BP, HY, IA, IB, IE, IK, IM, IO, IP, IT, IX, IY, IZ, OA, TT, XE, XH, XP, XT, XX, XY, XZ, YA, YB, YE, YH, YZ, ZH, ZK, ZM і ZZ
Афіцыйны сайт
Афіны на карце Грэцыі
Афіны (Грэцыя)
Афіны

Спадчына класічнай эпохі па-ранейшаму праяўляецца ў горадзе, у асобе старажытных помнікаў і твораў мастацтва, самым вядомым з якіх з’яўляецца Партэнон, які лічыцца галоўнай славутасцю горада эпохі ранняй Заходняй цывілізацыі. У горадзе таксама захоўваюцца старажытнарымскія і візантыйскія помнікі, а таксама меншы лік асманскіх помнікаў.

Назва правіць

 
Багіня Афіна

У старажытнасці назва горада існавала ў множным ліку — (грэч. Ἀθῆναι) [atʰɛ̑ːnaɪ]. Але ў 70-х гадах XX стагоддзя назва набыла сваё сучаснае напісанне — Αθήνα [aˈθina].

З міфалогіі вядома, што горад атрымаў сваю назва ў гонар багіні Афіны. Легенда сцвярджае, што першы цар Афінаў Кекроп, які быў напалову чалавекам, напалову змяёй, павінен быў вырашыць, хто будзе апекуном горада. Сярод кандыдатур былі толькі Афіна і Пасейдон. Было вырашына правесці спаборніцтва — хто зробіць самы лепшы падарунак, той і будзе апекуном. Першым грукнуў сваім трызубцам Пасейдон, і з зямлі выбілася крынічка. Але вада аказалася салёнай.

Пасля ж таго як па зямлі грукнула Афіна тут жа вырасла маленькае аліўкавае дрэўца. Гэты падарунак вельмі спадабаўся Кекропу і ён выбраў Афіну ў якасці апекуна, назваўшы нават свой горад яе імем. Але за таго, што цар не выбраў Пасейдона, у горадзе пачало не хапаць вады. Гэта недахоп адчуваёцца і па сёння.

Іншая версія распавядае, што назва горада пайшла ад слова Афон (άθος), што блізка да «кветкі» (άνθος).

Гісторыя правіць

Афіны — старажытная сталіца Атыкі, галоўны цэнтр грэчаскай цывілізацыі. Паводле падання, горад быў заснаваны Кекропасам у 15 ст. да н.э., легендарным заснавальнікам яго магутнасці лічыцца Тэзей — адзій са славутых герояў міфалагічнага перыяду антычнай Грэцыі.

У архаічную эпоху горадам кіравалі васілеўсы (цары), потым архонты, з канца 6 ст. да н.э. усталявалася рабаўладальніцкая дэмакратыя. Найбольшага росквіту Афіны дасягнулі ў так званы залаты век Перыкла (5 ст. да н.э.). У канцы 4 ст. да н.э. апылуліся пад уладай Македоніі, у 1 ст. да н.э. захоплены рымлянамі. Багатая культурная спадчына Старажытнай Грэцыі і яе сталіцы Афін паслужыла асновай еўрапейскай культуры. Глыбокія язычніцкія традыцыі, высокі ўзровень навукі і адукаванасці ў Афінах не спрыялі хуткаму распаўсюджанню хрысціянства сярод гараджан, таму прапаведніцкая дзейнасць сярод афінян першых прапагандыстаў новай веры, у тым ліку апостала Паўла, асаблівага поспеху не мела.

Філасофскія школы былі зачынены ў 529 годзе па загадзе імператара Візантыі Юстыніяна I. З цягам часу Афіны страцілі сваю велічнасць і ператварыліся ў правінцыяльнае мястэчка. З XIII па XV стагоддзі на горад прэтэндавалі візантыйскія, італьянскія і французскія рыцары з Лацінскай імперыі, але ў 1458 годзе, горад быў падпарадкаваны турэцкім войскам і ўвайшоў у склад Асманскай імперыі. Насельніцтва горада скарацілася ў сувязі з пагаршэннем умоў жыцця пасля падзення грэчаскай імперыі. Многія раёны горада (у тым ліку і старадаўнія будынкі) былі знішчаны на працягу XVIIXIX стагоддзяў, а горад кантралявалі некалькі груповак. Неспрыяльна адбіліся на Афінах і частыя войны паміж Турцыяй і Венецыянскай рэспублікай у гэты перыяд. Так, падчас штурму горада войскамі венецыянскага генерала Франчэска Маразіні 22 верасня 1687 года артылерыяй венецыянцаў быў разбураны Парфенон.

Афіны былі пустынымі і амаль бязлюднымі, калі яны сталі сталіцай новага Грэчаскага Каралеўства ў 1833 годзе. У наступныя дзесяцігоддзі горад, адпаведна статусу, буйнеў і развіваўся. У 1923 годзе горад зведаў буйное пашырэнне пасля Малаазійскай катастрофы, калі хаатычна былі створаны новыя раёны для бежэнцаў з Малой Азіі.

Падчас Другой сусветнай вайны горад быў акупаваны нямекім войскам. А 21 красавіка 1967 года адбыўся ўзброены пераварот, калі ў краіне ўсталяваўся ваены рэжым. У 1974 годзе ў Грэцыі зноўку аднавіўся дэмакратычны лад.

Клімат правіць

Афіны маюць субтрапічны засушлівым клімат у той час, калі паўднёвай частка гораду знаходзіцца ў паўпустыні, з надзвычай доўгім перыядам сонечнай актыўнасці на працягу года (2884 сонечных гадзін у год[6]) і са значнай колькасцю ападкаў, якія адбываюцца ў асноўным з сярэдзіны кастрычніка да сярэдзіны красавіка. У летні час ападкі звычайна прымаюць форму ліўняў з навальніцай. Дзякуючы свайму размяшчэнню ў дажджавым цені за гарой Парніта, афінскі клімат значна больш сухі ў параўнанні з іншымі месцамі Міжземнаморскай Еўропы. У гарыстых паўночных прыгарадах, у сваю чаргу, існуе некалькі іншая кліматычная мадэль, якая мае, як правіла, больш нізкія тэмпературы напряцягу ўсяго сезону. Туман вельмі незвычайная з’ява для цэнтра горада, але часцей за ўсё мае месца на ўсходзе, за хрыбтом Іміта.

Зіма мяккая, з сярэднім паказчыкам тэмпературы ў студзені 8,9—10,3 °C. Снегапады не з’яўляюцца звычайнымі з’явамі, але ў апошнія дзесяцігоддзі Афіны зведалі некалькі моцных снегападаў. Вясна і восень лічацца ідэальным сезонам для агляду славутасцей і ўсех відаў актыўнага адпачынку. Лета можа быць асабліва гарачым. Па дадзеных Нацыянальнай абсерваторыі Афінаў сярэдні дзённы максімум тэмпературы на працягу ліпеня складае 35,1 °C.

Горад сумна вядомы сваёй моцнай спякотай, якая пануе ў цэлым на працягу ліпені і жніўня, калі гарачыя паветраныя масы перамяшчаюцца па ўсёй Грэцыі з поўдня ці паўднёвага-захаду. Пры такім раскладзе тэпература ў такой час падымаецца вышэй за 38 °C[7].

Афіны трымаюць рэкорд самай высокай тэмпературы ў Еўропе, калі 10 ліпеня 1977 года была зафіксавана тэмпература роўная 48.0 °C[8].

Клімат Афінаў
Паказчык Сту Лют Сак Кра Май Чэр Ліп Жні Вер Кас Ліс Сне Год
Абсалютны максімум, °C 21 23 28 32 36 42 42 43 38 37 28 22 43
Сярэдні максімум, °C 12,5 13,5 15,7 20,2 26,0 31,1 33,5 33,2 29,2 23,3 18,1 14,1 22,5
Сярэдняя тэмпература, °C 10 10 12 15 19 23 27 27 23 19 15 11 17
Сярэдні мінімум, °C 5,2 5,4 6,7 9,6 13,9 18,2 20,8 20,7 17,3 13,4 9,8 6,8 12,3
Абсалютны мінімум, °C −4 −6 −1 0 6 14 16 16 12 7 −1 −4 −6
Норма ападкаў, мм 57 47 41 31 23 11 6 6 14 53 58 69 416
Крыніца: Турыстычны партал, bbc.co.uk

Рэльеф правіць

Афіны месцяцца ў цэнтральнай раўніне Атыкі. З усіх бакоў горад акружаюць горы: Эгалеў (з захаду), Парніта (з поўначы), Пендэлі (з паўночнага ўсходу) і Іміта (з усходу). З паўднёвага захаду амываецца залівам Сароніка. Горад падзелены ракой Кіфіса, што цячэ з масіва Пендэлі-Парніта, яна аддзяляе Пірэй ад астатняй часткі Афінаў.

Асаблівасці мясцовасці выклікаюць эфект тэмпературнай інверсыі, з-за якой утвараецца павышанае забруджванне. Амерыканскі горад Лос-Анджэлес мае аналагічныя цяжкасці з забруджванннем атмасферы.

Глеба ў Афінах камяністая і амаль неўрадлівая, складаецца з афінскага сланцу і вапняку.

 
Выгляд на Афіны

Культура і сучаснае жыццё правіць

 
Нацыянальны архіалагічны музей
 
Храм прысвечаны Зеўсу

Археалагічны цэнтр правіць

Горад з’яўляецца адным з асноўных сусветных цэнтраў археалагічных даследаванняў. Акрамя нацыянальных устаноў, такіх як Афінскі ўніверсітэт, Археалагічнае таварыства, некалькіх археалагічных музеяў (у тым ліку Нацыянальны археалагічны музей, Эпіграфічны музей, Візантыйскі музей, а таксама музеі ў старажытных Агоры, Акропалі і Керамейкаса), горад таксама з’яўляецца домам для Дэмакрытавай лабараторыі Археаметрыі, а таксама шэрагу рэгіянальных і нацыянальных археалагічных устаноў, якія з’яўляюцца часткай грэчаскага дэпартамента культуры. Акрамя таго, Афіны месцяць 17 замежных археалагічных інстытутаў, якія заахвочваюць вучоных са сваіх родных краін і садзейнічаюць правядзенню даследаванняў. У выніку, Афіны маюць больш за дзесятак археалагічных бібліятэкаў і тры спецыялізаваныя археалагічныя лабараторыі, акрамя таго гэта месца некалькіх сотняў спецыялізаваных канферэнцый і семінараў на год, а таксама ў Афінах праходзяць дзесяткі археалагічных выставак.

Музеі правіць

Найбольш важныя музеі Афінаў уключаюць у сябе: Нацыянальны археалагічны музей, найбуйнейшы археалагічны музей у краіне і адзін з найбольш важных міжнародных музеяў, так як ён утрымлівае шырокую калекцыю старажытнасцей, яго экспанаты ахопліваюць перыяд больш за 5000 гадоў, пачынаючы з позняга неаліту і заканчваючы рымскай Грэцыяй; Музей Бенакі з некалькімі філіяламі, дзе ў кожным ёсць свая калекцыя, у тым ліку рэчаў старажытнага часу, візантыйскай і асманскай эпохаў і кітайскае мастацтва; Візантыйскі і хрысціянскі музей, адзін з самых знакамітых музеяў візантыйскага мастацтва; Нумізматычны музей, дзе сабрана ўнікальная калекцыя старажытных і сучасных манет, Музей Кікладскага мастацтва, дзе размяшчаецца шырокая калекцыя кікладскага мастацтва, у тым ліку знакамітыя фігуркі з белага мармуру, і, нарэшце, Новы Музей Акропаля, адчынены ў 2009 годзе, замяніўшы стары музей на Акропалі. Новы музей стаў значна больш папулярным, амаль аднаго мільёна чалавек наведалі яго ўлетку 2009 года. Малыя і прыватныя музеі таксама засяроджаны на грэчаскай культуры і мастацтве.

Тэатры правіць

 
Адэон Герода Атычнага

Афіны з’яўляюцца домам для 148 тэатральных пляцовак, больш, чым у любым іншым горадзе свету. Самая знакамітая з іх — старажытны Адэон Герода Атычнага, дзе праходзіць Афінскі фестываль, які доўжыцца з мая па кастрычнік кожнага года[9]. Акрамя таго ў горадзе размяшчаецца значная колькасць кінатэатраў на адчыненым паветры, якія зроблены ў антычным стыле. Таксама ў Афінах маецца велізарная колькасць канцэртных заляў, у тым ліку «Афінская канцэртная зала» (Megaron Moussikis), якая прыцягвае сусветнавядомых артыстаў цэлы год. Афінскі планетарый ёсць адзін з найбуйнейшых і самых сучасных планетарыяў у свеце[10].

Турызм правіць

Афіны былі папулярным месцам для турыстаў яшчэ з часоў антычнасці. За апошняе дзесяцігоддзе, інфраструктура горада і сацыяльна-бытавое забяспячэнне горада значна палепшылася, у прыватнасці ў сувязі з паспяховаму правядзенню Алімпійскіх гульняў 2004 года. Грэчаскі ўрад, абапіраючыся на Еўрапейскі Саюз, фінансуе буйныя інфраструктурныя праекты, як мадэрнізацыя Афінскага Міжнароднага аэрапорта[11], пашырэнне сістэмы Афінскага метрапалітэна, будаўніцтва новай аўтамагістралі.

Транспарт правіць

 
Афінскі трамвай

У горад магчыма патрапіць дзвюма дарогамі: нацыянальнай аўтастрадай Афіны—Ламія, якая ўваходзіць у горад з поўначы, і нацыянальнай аўтастрадай Афіны—Карынф, якая вядзе на захад горада. Афіны таксама даступныя праз порты Пірэй, Рафіна і Лаўрыён. Каля горада працуе сучасны міжнародны аэрапорт Элефтэрыяс Венізелас («Ελευθέριος Βενιζέλος»), ён знаходзіцца з усходу ад Афінаў і звязаны з горадам чыгункай і аўтадарогай.

Сістэма грамадскага транспарту ў Афінах складаецца з тралейбусаў, аўтобусаў, а таксама рэйкавага транспарту, як метрапалітэн, прыгарадныя электрацягнікі і трамвай, дарэчы Афіны — першы грэчаскі горад, у якім дзейнічае метрапалітэн. Увесь грамадскі транспарт абсталяваны кандыцыянерамі.

  • Афінскі метрапалітэн адно з найбольш сучасных у свеце на сённяшні дзень. Яно складаецца з трох ліній, якія на картах пазначаюцца рознымі колерамі. Зялёная лінія найстарэйшая ў сучасным метрапалітэне, і выкарыстоўваецца для сувязі Пірея і Кіфісіі, праз цэнтр Афінаў. Дзве іншыя лініі будаваліся ў 90-х гадах, і былі адчынены толькі ў 2000 годзе, перад стартам Алімпійскіх гульняў. Гэтыя лініі праходзяць выключна пад зямлёй, на глыбіні 20 метраў і сярэдняй шырыні тунэля 9 метраў. Сіняя лінія злучае Эгалео з аэрапортам, а чырвоная злучае Аё-Дзімітрыё з Перыстэры.
  • Афінскі трамвай з’яўляецца хуткасным відам транспарту, рухаецца з дакладнасцю да хвіліны, як метро. У Афінах толькі дзве галіны трамвайных маршрутаў, і абедзве цягнуцца ўздоўж мора. Адна пачынаецца ад порта Пірас і ў раёне пляжу «Эдэм» аб’ядноўваецца з другой, якая цягніцца з іншага боку. Далей трамваі ідуць па адной галінцы да цэнтральнай плошчы Сінтагма.
  • На гару Лікавітас можна падняцца на фунікулёры, траса якога праходзіць унутры ўзгорка. Ён працуе з самага ранку да ночы.

У Афінах функцыянуе вялікая колькасць таксі, якія дапамагаюць разгрузіць грамадскі транспарт. Афінскае таксі таннейнае за таксі іншых краін, але прадастаўляюць паслугі больш нізкай якасці.

Гарады-пабрацімы правіць

Гарады-партнёры правіць

Вядомыя асобы правіць

Гл. таксама правіць

Зноскі правіць

Спасылкі правіць