Беларускі Незалежны прафсаюз

Беларускі Незалежны прафсаюз (Беларускі Незалежны прафсаюз гарнякоў, хімікаў, нафтаперапрацоўшчыкаў, энергетыкаў, транспартнікаў, будаўнікоў і іншых работнікаў, БНП) — беларускі прафесійны саюз. Дэмакратычны прафсаюз, заснаваны 6 кастрычніка 1991 года, як Незалежны прафсаюз гарнякоў Беларусі (НПГБ). 3 чэрвеня 1993 г. на пазачарговым з’ездзе ў г. Салігорска НПГБ быў перайменаваны ў Беларускі Незалежны прафсаюз. Старшынёй прафсаюза з 20 красавіка 2019, з’яўляецца Пазнякоў Максім Міхайлавіч.

Беларускі Незалежны прафсаюз
БНП
BNPemblemRedd.jpg
Сфера дзейнасці абарона сацыяльна-эканамічных правоў
Дата заснавання 6 кастрычніка 1991
Тып прафсаюз
Старшыня Максім Пазнякоў
офіс БНП Салігорск
Сайт belnp.org

Найбольш буйныя суполкі — на прадпрыемствах нафтахіміі: ААТ «Беларуськалій» (Салігорск), ААТ «Нафтан» (Наваполацк), ААТ «Гродна Азот» (Гродна), ААТ «Белшына» (Бабруйск). Кіруючы орган — З’езд, які збіраецца раз на чатыры гады. Паміж з’ездамі, прафсаюзам кіруе — Рада прадстаўнікоў, выканаўчым органам прафсаюза з’яўляецца — Выканаўчае бюро, якое складаецца з старшыні, віцэ-старшынь і сакратара-скарбніка прафсаюза.

Мэты прафсаюзаПравіць

Асноўнай мэтай БНП з’яўляецца — выяўленне, выраз, рэалізацыя і абарона правоў і прафесійных інтарэсаў работнікаў. Прадстаўляць і адстойваць інтарэсы работнікаў:

— Членаў БНП у органах дзяржаўнай улады і органах кіравання, таксама ў судах;

— Распрацоўваць і заключаць тарыфныя пагадненні на розных узроўнях па пытаннях паляпшэння ўмоваў працы і жыцця работнікаў, занятасці, заработнай платы, працягласці рабочага часу, аховы здароўя і ў далейшым патрабаваць іх выканання.

Асноўныя задачы прафсаюзаПравіць

  1. Годная аплата працы.
  2. Забеспячэнне бяспечных і здаровых умоў працы.
  3. Садзейнічанне ў стварэнні пенсійных і медыцынскіх страхавых фондаў і ўвядзенне механізмаў дадатковага сацыяльнага страхавання.
  4. Абарона правоў работнікаў у пытаннях занятасці, працоўнага часу, адпачынку і сацыяльных гарантый.
  5. Рэгуляванне пытанняў працоўнага дагавора.
  6. Прававая абарона членаў БНП.
  7. Стварэнне і падтрымка: жаночай сеткі, моладзевай арганізацыі і арганізацыі ветэранаў вытворчасці.

ГісторыяПравіць

Перадгісторыя стварэння НПГБПравіць

Гісторыя незалежнага прафсаюзнага руху Беларусі цесна звязана з рабочым рухам. За кропку адліку можна з упэўненасцю ўзяць 1989 год, калі прайшлі выступы шахцёраў у Салігорску.

Першая хваля рабочага руху ў Салігорску паднялася ў 1989 годзе, тады там быў створаны клуб «Пошук», а пазней ў 1990 г. і незалежнае аб’яднанне «Рабочы саюз». Затым у горадзе сталі актыўна арганізоўвацца рабочыя камітэты і страйкамы. Рабочыя вылучылі палітычныя і эканамічныя патрабаванні: павышэнне заработнай платы, паляпшэнне ўмоў працы, ліквідацыя палітычнай манаполіі КПСС-КПБ.

У канцы 1980-х гадоў працоўны рух фармаваўся ў першую чаргу ў шахцёрскіх рэгіёнах: Данецк ва Украіне; Кузбас, Кемерава, Маскоўская вобласць — у Расіі; Карганда ў Казахстане. У Беларусі такім цэнтрам стаў Салігорск. У гэты час ўтвараецца Незалежны прафсаюз гарнякоў СССР (НПГ СССР), які стаў ля вытокаў працоўнага і незалежнага прафсаюзнага руху ў Беларусі.

У той час на Вытворчым аб’яднанні «Беларуськалій» быў вельмі нізкім ўзровень заработнай платы. Работнікі горнай галіны за катаржная праца атрымлівалі на парадак ніжэй, чым работнікі іншых прадпрыемстваў горада. Сярэдні заробак у гэтай галіне па Салігорску знаходзіўся на 6-м месцы. Пры гэтым працоўны дзень шахцёра часцяком ператвараўся ў 11-гадзінны, паколькі не ўлічваўся час, які затрачваецца на спуск у шахту і дастаўку да месца працы і назад. Да таго ж цалкам адсутнічала ўвага кіраўніцтва прадпрыемства да праблем шахцёраў, у тым ліку да самай галоўнай — забеспячэнню бяспекі працы. Сярэдняя смяротнасць салігорскіх гарнякоў на вытворчасці складала ў сярэднім — 49 гадоў.

Стварэнне НПГБПравіць

 
Устаноўчы сход Першаснай арганізацыі аб’яднання Незалежных прафсаюзаў гарнякоў (АНПГ) СССР. 27 сакавіка 1991 г.

Днём нараджэння Незалежнага прафсаюза гарнякоў Беларусі (НПГБ) умоўна можна назваць — 27 сакавіка 1991 года, калі была праведзена Ўстаноўчая канферэнцыя Салігорскай пярвічкі АНПГ СССР. Дэлегатаў на ўстаноўчай канферэнцыі было няшмат, усяго 16 чалавек. Не ўсе структуры прадпрыемства (рудаўпраўлення) былі ўцягнутыя ў працэс стварэння прафсаюзнай арганізацыі. Касцяк яе складалі толькі два рудаўпраўлення (3Ру і 4Ру). Але вельмі хутка ініцыятыву падхапілі рабочыя іншых падраздзяленняў прадпрыемства.

Увосень 6 кастрычніка 1991 года праходзіць Устаноўчы з’езд Незалежнага прафсаюза гарнякоў Беларусі, на якім прымаецца Статут і абіраюцца прафсаюзныя органы кіравання. Першым старшынёй Незалежнага прафсаюза гарнякоў Беларусі абіраецца — Юргевіч Іван Вацлававіч.

Заснавальнікамі Незалежнага прафсаюзнага руху Беларусі трэба лічыць усіх сябраў НПГБ, якія першымі ўступілі ў прафсаюз. Але ідэолагамі і распрацоўшчыкамі першага дэмакратычнага прафсаюзу ў Беларусі сталі тры чалавекі: Іван Юргевіч, Васіль Юркін, Аляксандр Доўнар.

Станаўленне прафсаюзаПравіць

У лютым 1992 года адбылася першая канферэнцыя Незалежнага прафсаюза гарнякоў ВА «Беларуськалій». Менавіта на канферэнцыі ўпершыню прафсаюз гарнякоў агучыў ініцыятыву ўступлення ў безтэрміновую працоўную спрэчку з наймальнікам і, у канчатковым выніку, прыняў рашэнне пачаць страйк. Патрабаванні, вылучаныя страйкоўцамі, ўключалі павышэнне аплаты працы, сацыяльныя гарантыі, забеспячэнне годных умоваў працы. Забастоўка доўжылася 44 дні. Паралельна шахцёрамі і членамі іх сем’яў была абвешчаная галадоўка шахцёраў, якая працягвалася 18 дзён. Затым прафсаюзам быў арганізаваны пешы паход шахцёраў у Мінск.

Акцыі апынуліся не марнымі. Незалежны прафсаюз атрымаў рэальную перамогу. У краіне ўпершыню было падпісана Тарыфнае пагадненне, у якім было адлюстравана палажэнне аб тым, што мінімальная зарплата павінна адпавядаць мінімальнаму спажывецкаму бюджэту. У красавіку 1992 года часовае пагадненне набыло статус нарматыўнага дакумента. Заработная плата на ВА «Беларуськалій» была павышана ў 3,4 разы.

У 1993 г. была падпісана першая Калектыўная дамова з наймальнікам. На 1 гадзіну быў скарочаны працоўны дзень для шахцёраў. Адпачынак для тых, хто працуе пад зямлёй, быў павялічаны да 66 дзён.

Ад НПГБ да БНППравіць

Пачынаючы з гэтага моманту па ўсёй Беларусі ствараюцца першасныя арганізацыі Незалежнага прафсаюза: Магілёў, Віцебск, Гродна, Мазыр, Бабруйск, Мінск, Руба, Мікашэвічы, Орша, Салігорск. Дзесяткі першасных арганізацый. У Незалежнага прафсаюза гарнякоў Беларусі ўступалі работнікі розных сфераў дзейнасці, ад транспартнікаў ды настаўнікаў і медыкаў. Таму ў 1993 годзе, на III-м пазачарговым З’ездзе НПГБ было прынята рашэнне перайменаваць прафсаюз у Беларускі Незалежны прафсаюз гарнякоў, хімікаў, нафтаперапрацоўшчыкаў, энергетыкаў, транспартнікаў, будаўнікоў і іншых работнікаў (БНП).

Акрамя таго, у гэтым жа годзе ствараецца Асацыяцыя прафсаюзаў Беларускага Кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў (АП БКДП). Адным з заснавальнікаў гэтай альтэрнатыўнага прафцэнтра стаў Беларускі незалежны прафсаюз (БНП). У склад БКДП на той момант ўваходзілі Беларускі незалежны прафсаюз (БНП), Свабодны прафсаюз Беларускі (СПБ), Свабодны прафсаюз металістаў (СПМ), Прафсаюз педагогаў і Дэмакратычны прафсаюз транспартнікаў (ДПТ), у які ўваходзіў нацыянальны прафсаюз авіядыспэтчараў.

На працягу 1990-х актывісты БНП вялі бесперапынную барацьбу па адстойванні інтарэсаў не толькі сваіх членаў, але і ўсіх працоўных краіны, арганізуючы масавыя акцыі пратэсту. Гэта адыграла сваю ролю ў лёсе прафсаюза. Асабліва, пасля выбараў першага прэзідэнта Рэспублікі Беларусі ў 1994 годзе. У прафсаюзе было прынята рашэнне падтрымаць на выбарах лідара Беларускага Народнага Фронту «Адраджэньне» Зянона Пазняка. Вялікая колькасць актывістаў ўвайшлі ў ініцыятыўныя групы З.Пазняка, або С.Шушкевіча.

 
Сцяг НПГБ (БНП) да 1995 года

Першыя выбары прэзідэнта Беларусі прайшлі 23 чэрвеня і 10 ліпеня 1994 года. Фаварыт БНП Зянон Пазьняк заняў трэцяе месца і набраў — 13,1 % галасоў. Перамогу ў другім туры атрымаў Аляксандр Лукашэнка.

БНП у «няміласці»Правіць

У жніўні 1995 года, пачалася забастоўка гомельскіх кіроўцаў тралейбусаў, якія хутка знайшлі падтрымку ў тралейбусных дэпо сталіцы. 15 жніўня пачалася забастоўка ў тралейбусным дэпо № 1 у Мінску. Асноўным патрабаваннем была выплата заробку, які работнікам затрымлівалі ўжо тры тыдні. 17 жніўня кіроўцаў падтрымалі працаўнікі Мінскага метрапалітэна. На дзвярах Мінскага метрапалітэна з’явіліся таблічкі з паведамленнем, што станцыі зачыненыя па тэхнічных прычынах. У страйке прынялі ўдзел дэмакратычныя прафсаюзы.

 
Л. Мархотка, А. Доўнар, І. Юргевіч, С. Шушкевіч, В. Сапронаў на сустрэчы ў Салігорску, 13 кастрычніка 1993 г.

19 жніўня ўнутраныя войскі ачапілі штаб-кватэры Свабоднага прафсаюза Беларусі, якія выступалі арганізатарамі страйку. У падтрымку СПБ выступілі ўсе дэмакратычныя прафсаюзы Беларусі. Сябры НПГ ВА «Беларуськалій» з Салігорску абяцалі, што ў выпадку спробаў расправы з страйкоўцаў «выступяць з акцыямі пратэсту, аж да абвяшчэння папераджальнага страйку». Не гледзячы на гэта, былі арыштаваныя тры прафсаюзных лідара і звольнена 58 работнікаў сталічнай падземкі. Аляксандр Лукашэнка крытыкаваў МУС за тое, што з страйкоўцаў метрапалітэну залішне цырымоняцца.

З гэтага моманту ўсе дэмакратычныя прафсаюзы, якія ўваходзілі ў БКДП, сталі разглядаюцца палітычным рэжымам Беларусі, як апазіцыйныя структуры.

У сувязі з пагаршэннем здароўя 18 лютага 1995 года ў адстаўку сыходзіць першы лідар і натхняльнік БНП Іван Вацлававіч Юргевіч. Выконваючым абавязкі старшыні БНП абраны Бабаед Віктар Сяргеевіч, а 29-30 чэрвеня 1995 г. на з’ездзе яго абіраюць старшынёй прафсаюза.

Адносіны прафсаюза з уладамі працягваюць пагаршацца. 17 кастрычніка 1996 г. актывісты БНП вырашылі паўтарыць пешы паход з Салігорску на Мінск, як у 1992 годзе. Асноўныя патрабаванні чыталіся на плакатах, якія трымалі ў руках удзельнікі шэсця: «Пенсіянерам годную і своечасовую пенсію!», «Беспрацоўным — пасобіе на жыццё, а не на выміранне!», «Лекарам і настаўнікам — годны заробак, а не жабрацкае пасобіе!» . Аднак кіраўніцтва прафсаюза адразу ж было затрымана пры выхадзе з горада і аштрафавана. Па шляху руху калоны ўдзельнікі затрымліваліся прадстаўнікамі міліцыі розных РАУС. Так затрыманне адбываліся ў Салігорскім, Слуцкім і Ўздзенскім раёнах. У выніку «руплівай» працы прадстаўнікоў міліцыі, да Мінска дайшоў толькі адзін з удзельнікаў калоны.

У Салігорску 4 кастрычніка 1998 г. 600 членаў БНП прайшліся па горадзе, нагадаўшы ўладам аб пачатку 1990-х. Роўна праз месяц, 4 лістапада, на стадыёне «Будаўнік» прафсаюзы сабралі 3000 пратэстуючых. Для 100 тысячнага горада гэта стала самай масавай акцыяй пратэсту.

У гадавіну чарнобыльскай трагедыі 26 красавіка 1997 года, некалькі актывістаў разам з намеснікам старшыні НПГ Аляксандрам Каралёвым арганізуюць велапрабег пад лозунгам: «Не — сацыяльнаму Чарнобылю!».

У лістападзе 1998 г. актывісты НПГ ВА «Беларуськалій» арганізавалі трэці паход на Менск, у гэты раз — «Паход за шахтёрскай пенсіяй». Па аналогіі з 1996 годам, людзей затрымлівалі супрацоўнікі мясцовых РАУС, у аддзяленнях іх прыніжалі, абшуквалі і распраналі. Калі гарнякі дайшлі да Мінска, усю групу шахцёраў атачыў АМАП і затрымаў паўторна. Праз пэўны адрэзак часу, пасля акцыі, пенсія для забойнай групы была павялічана ў 2 разы.

У чэрвені 1999 г. праходзіць V-ы чарговы з’езд БНП. Старшынёй паўторна абіраецца Віктар Бабаед.

Барацьба за выжываннеПравіць

Чарговыя выбары прэзідэнта Беларусі, якія прайшлі 9 верасня 2001 года, зноў паўплывалі на становішча справаў у БНП. У гэты раз актывісты і лідары прафсаюза не так заўзята прымалі ўдзел у перадвыбарчай кампаніі. Прычынай таму стала тое, што на чале ўсіх апазыцыйных сілаў у краіне была вылучана адзіная кандыдатура на пасаду прэзідэнта, дзейны лідар Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі — Уладзіміра Ганчарыка. Па сутнасці, галоўны канкурэнт БКДП на прафсаюзным полі Беларусі.

У.Ганчарык прайграў выбары А. Лукашэнкі, набраўшы — 15,65 % галасоў. Улады не забыліся пра падтрымку У.Ганчарыка прафсаюзамі. У бліжэйшы час была абмежаваная магчымасць збору прафсаюзных узносаў безнаяўным шляхам. У Снежні 2001 года, Савет Міністраў РБ сваёй Пастановай № 1804 аб мерах па абароне правоў членаў прафсаюзаў распарадзіўся адмяніць сістэму безнаяўнага ўтрымання прафсаюзных унёскаў з заработнай платы. Прафсаюзам давялося збіраць ўнёскі ўручную. Натуральна гэта скараціла лік сродкаў, што паступалі ў бюджэт БНП, а ў выніку скарацілася і колькасць сябраў прафсаюза.

Да таго ж, з гэтага моманту ў незалежных прафсаюзаў з’явіўся новы вораг — ФПБ, якая падпарадкавалася прэзыдэнту Лукашэнку на пазачарговым IV з’ездзе ФПБ і абралі сабе ў старшыні Леаніда Козіка. Л. Козік быў абраны старшынёй ФПБ летам 2002 года. Да гэтага ён займаў шэраг кіруючых пастоў ў органах беларускай улады і Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі, працаваў намеснікам кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта, не маючы ніякіх адносін да прафсаюзаў.

Атрымаўшы ў шэраг ворагаў яшчэ і 4-х мільённую Федэрацыю прафсаюзаў Беларусі, справы ў арганізацыі значна пагоршыліся. Да фінансавых праблемаў, падключыліся праблемы ціску на сябраў прафсаюза. На прадпрыемствах з’яўляюцца ідэалагічныя аддзелы. З работнiкамi, што ўваходзяць у «ня афіцыйныя» прафсаюзы пачалі праводзіць «прафілактычныя» гутаркі, караць за ўдзел у прафсаюзных акцыях, угаворваць выходзіць з Незалежнага прафсаюза, падкупляць пасадамі і разрадамі. Сваю ролю ў якасці меры ўздзеяння адыграла «пагалоўная кантрактызацыі» работнікаў. З непажаданымі работнікамі папросту не працягнулі караткачасовыя працоўныя кантракты. У выніку колькасць арганізацыі пачала скарачацца. З 12 000 сябраў прафсаюза ў 1999 годзе, у 2007 яна ўжо складала 7 000 сябраў прафсаюза.

15 кастрычніка 2002 г. у адстаўку падаў старшыня БНП Віктар Бабаед. З яго слоў, ён не бачыў больш да сябе даверу сябраў Рады прадстаўнікоў. Акрамя таго, пагоршылася эканамічная сітуацыя: не было сродкаў на ўтрыманне офісаў. Выконваючым абавязкі старшыні Беларускага Незалежнага прафсаюза абіраецца сакратар-скарбнік Зімін Мікалай Васільевіч. Даходзіла да таго, што Н. В. Зімін з свайго шахцёрскага заробку аплачваў камунальныя плацяжы прафсаюзнага офіса, працягваючы працаваць у забоі на 4 РУ ААТ «Беларуськалій».

VI з’ездам БНП, які адбыўся ў Мінску 15 лютага 2003 года, старшынёй прафсаюза абіраюць намесніка старшыні НПГ ВА «Беларуськалій» — Корабава Васіля Сямёнавіча. Ня гледзячы на тое, што спыніла сваё дзеянне Пастанова Саўміна РБ № 1804, сітуацыя ў прафсаюзе была катастрафічная. БНП у Салігорску адмаўлялі ў арэндзе офіса. У 2004 годзе офіс тройчы пераязджаў. У штаце наёмных супрацоўнікаў офіса засталіся толькі пара чалавек.

 
Правядзенне пікету на стадыёне «Будаўнік» (г. Салігорск) супраць ціску на прафактывістаў ТАА «Дэльта-стыль»

З 15 па 24 красавіка 2004 года Беларусь наведала Камісія Міжнароднай арганізацыі працы. Яшчэ ў 2000 годзе ў МАП была пададзена скарга, ініцыяваная АСМ, АПК, РЭП і БКДП ў дачыненні да парушэнняў прафсаюзных правоў у Рэспубліцы Беларусь. Дадзенае расследаванне праходзіла ў рамках справы № 2090 — аб парушэнні Урадам Рэспублікі Беларусь прынцыпаў свабоды аб’яднанняў. Падчас візіту была арганізавана інтэнсіўная праграма гутарак з прафсаюзнымі работнікамі і членамі прафсаюзаў, а таксама з іншымі арганізацыямі працоўных і працадаўцаў ў краіне. Разгледзеўшы скаргу, кіраўніцтва МАП вынесла беларускаму ўраду спіс рэкамендацый.

У 2005 годзе з падпісных каталогаў і з сеткі распаўсюду перыёдыкі «Белсаюздрук» была выдаленая газета «Салідарнасць», што ўдарыла па яе распаўсюджванню, і адпаведна па акупальнасці. Было прынята рашэнне прыпыніць яе выпуск. З гэтага часу быў створаны сайт «Салідарнасць», які працуе да гэтага часу.

14 сакавіка 2007 г. у Салігорску прайшоў VII з’езд БНП. На ім былі адзначаны асноўныя праблемы з якімі сутыкаецца прафсаюз: арэнда памяшканняў для прафсаюзаў, пагалоўная кароткатэрміновая кантрактная сістэма. Старшынёй быў пераабраны Корабаў Васіль Сямёнавіч, які ў сваім выступе адзначыў не сяброўскія дзеянні «братняга», па міжнароднай арганізацыі ICEM, «Белхімпрафсаюза», які разам з уладамі «паводзяць сябе не па-партнёрску».

Асноўнай праблемай прафсаюза заставалася яго малая колькасць, 7000 членаў, на той момант. Акрамя ціску на сяброў ўжо створаных першасных арганізацый, было немагчыма стварыць і новыя арганізацыі.

Таму прыкладам з’яўляецца першасная арганізацыя ТАА «Дэльта-стыль» у Салігорску, калі 101 работнік ўступілі ў БНП і вырашылі стварыць сваю прафсаюзную арганізацыю. Адміністрацыя прадпрыемства адмовілася выдзяляць памяшканне для офіса арганізацыі, без якога іх рэгістрацыя ў мясцовых органах улады была не магчымая. Пярвічка тройчы атрымала адмову ад Салігорскага райвыканкаму ў рэгістрацыі. Наймальнік адмовіў і ў пералічэнні прафсаюзных унёскаў, парушыўшы Закон РБ «Аб Прафесійных саюзах», што пацвердзіў Салігорскі раённы суд. Пасля таго, як справа прыняла агалоску на ўзроўні ўсёй краіны, кіраўніцтвам прадпрыемства быў выдадзены загад аб ліквідацыі ТАА «Дэльта-стыль», а работніцы пераведзены на іншае швейнае прадпрыемства «Купалінка».

Сыход у ценьПравіць

З 2010 года БНП цалкам сыходзіць з палітычнага поля. Перад прэзідэнцкімі выбарамі 2010 года, кіраўніцтва БНП прыняло пазіцыю няўдзелу ў перадвыбарных кампаніях. «Нам яшчэ трэба расці. А сёння ўдзел у прэзідэнцкай кампаніі для нас проста немагчыма. Незалежныя прафсаюзы і так вінавацяць у палітыканстве … А калі мы сапраўды паўдзельнічаем у палітычнай кампаніі, нам будзе вельмі кепска», — адзначыў тады старшыня БНП Васіль Корабаў.

Нам. старшыні НПГ Аляксандр Каралёў яшчэ больш канкрэтна падкрэсліў пазіцыю прафсаюза па гэтым пытанні: «Прафсаюз павінен займацца жыццём чалавечым, асноўнае — гэта ахова працы і даход работніка. Таму звязваць прафсаюз з палітычнымі кампаніямі — неразумна».

З 2010 года Незалежны прафсаюз фактычна больш не прымае ўдзелу ў вулічных пратэстах у якасці арганізатара. Заяўкі БНП на правядзенне акцый папросту адхіляюцца мясцовымі ўладамі. Апошняя праведзеная акцыя пратэсту арганізаваная БНП адбылася 20 лістапада 2010 г. на Салігорскім стадыёне «Будаўнік». Пікет быў заяўлены ў падтрымку сябраў прафсаюза ТАА «Дэльта-стыль». У ім узялі ўдзел каля 10 чалавек. Гэты дзень, на прадпрыемстве «Дэльта-стыль» быў абвешчаны працоўным, не гледзячы на тое, што гэта была субота, каб работніцы прадпрыемства не прынялі ўдзел у пікеце.

У 2010 годзе «Белхімпрафсаюз» і кіраўніцтва канцэрна «Белнафтахім» ў таямніцы ад БНП падпісваюць Тарыфнае пагадненне. На шэрагу прадпрыемстваў першасным арганізацыям БНП адмаўляюць у працы Камісій па фарміраванню і падпісанню калектыўных дамоваў. Незалежны прафсаюз папросту ігнаруюць.

Змяненне тактыкіПравіць

На думку некаторых актывістаў БНП, большай ступені з Салігорску і Мазыра, сітуацыя ў прафсаюзе пагаршалася не толькі з-за вонкавага ціску, але і з-за няправільнага кіравання самім прафсаюзам. Таму 16 красавіка 2011 г. у Салігорску праходзіць чарговы VIII з’езд БНП, на якім старшынёй абіраецца Зімін Мікалай Васільевіч. У гэтым жа годзе ў лістападзе праходзіць ўрачыстае мерапрыемства прысвечанае 20-годдзю прафсаюза.

Усплёск актыўнасці выпаў на 2012 год. 600 работнікаў мікашэвіцкага прадпрыемства РУВП «Граніт» выйшлі з ФПБ «па прычыне нездавальняючай працы прафкама і нізкай заработнай платы». 24 снежня 2011 года па ініцыятыве гранітаздабытчыкаў у Мікашэвічах адбылася сустрэча з прадстаўнікамі БНП, на чале з яго старшынёй М.Зіміным. Каля 200 чалавек выказалі жаданне перайсці ў незалежны прафсаюз. Быў праведзены Ўстаноўчы сход па стварэнню першаснай прафсаюзнай арганізацыі. Аднак працаўнікі сутыкнуліся з той жа праблемай, што і работніцы «Дэльта-стыль» — адмова ў памяшканні наймальнікам і адмова ў рэгістрацыі арганізацыі мясцовымі ўладамі.

 
Канферэнцыя НПГ ААТ «Беларуськалій»

Барацьба за права мець на прадпрыемстве першасную арганізацыю працягвалася больш за год. За гэты час усе актывісты БНП на «Граніце» былі альбо звольненыя, альбо самі звольніліся з прадпрыемства. Кіроўца «БелАЗа», лідар пярвічкі Алег Стахаевіч быў пазбаўлены пасведчання кіроўцы і звольнены з прадпрыемства, праз некалькі месяцаў пасля таго, як быў абраны старшынёй пяршоўкі.

Нягледзячы на салідарнасць з прафактывістамі ў Беларусі, так і міжнародную падтрымку, арганізацыя БНП на «Граніце» усё ж не змагла існаваць. Кіраўніцтва БНП у асобе яе лідара М. В. Зіміна так пракаментавалі сітуацыю: «З упэўненасцю можна сказаць, што ў нашай краіне дзейнічае дазвольны парадак стварэння арганізацый».

Пасля падзей на «Граніце» і «Дэльта-стыль» у прафсаюзе вырашылі змяніць тактыку і займацца ўмацаваннем ўжо створаных у БНП структур. На працягу апошніх пяці гадоў у прафсаюзе распрацоўваюцца і зацвярджаюцца стратэгіі развіцця БНП. Былі створаны тры напрамкі для больш эфектыўнай працы з членамі прафсаюза: жаночы, моладзевы і ветэранскі напрамкі. Актыўна праводзіцца навучанне і падрыхтоўка прафактыва. Прадстаўнікі БНП прымаюць удзел у міжнародных мерапрыемствах.

Большасць першасных арганізацый, дзякуючы міжнароднаму ціску, вярнуліся ў рамкі працэсу па заключэнню каллектыўных дамоваў. Узаемаадносіны паміж прафсаюзам і органамі ўлады перайшлі ў ранг афіцыйнай перапіскі. БНП пастаянна накіроўвае ў Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, Адміністрацыю прэзідэнта ці Саўмін: звароты, лісты і адкрытыя заявы, як гэта было ў перыяд правядзення ў Беларусі пенсійнай рэформы. Актыў першасных арганізацый перыядычна прымае ўдзел у зборы подпісаў.

Не гледзячы на тое, што БНП імкнецца не прымаць актыўнага ўдзелу ў палітычным жыцці Беларусі і імкнецца весці канструктыўны дыялог з органамі ўлады, колькасць прафсаюза працягвае падаць і прафсаюз губляе свой уплыў. На сённяшні дзень БНП аб’ядноўвае пяць першасных арганізацый. Каля 80 % сяброў прафсаюза аб’яднаныя ў першаснай арганізацыі працаўнікоў ААТ «Беларуськалій» БНП. Агульная колькасць прафсаюза на 2018 год — 6062 сябраў прафсаюза.

БНП — адзіны з незалежных прафсаюзаў, які прайшоў праз перыяд прэсінгу з боку ўладаў 2001—2013 гг. не ператварыўшыся ў маргінальную арганізацыю.

Нягледзячы на ўсе цяжкасці і перыпетыі сучаснай гісторыі Беларусі, Беларускі Незалежны прафсаюз па сённяшні дзень застаецца самым шматлікім прафсаюзам у лагеры дэмакратычнага прафсаюзнага руху Рэспублікі Беларусь.

СяброўстваПравіць

Сябрамі БНП могуць быць усе грамадзяне Рэспублікі Беларусь, замежныя грамадзяне, асобы без грамадзянства, якiя дасягнулi пятнаццацігадовага ўзросту, якія працуюць, або з’яўляюцца навучэнцамі або студэнтамі. Акрамя таго, такая частка грамадства як пенсіянеры, хатнія гаспадыні, інваліды працы і беспрацоўныя, пакінуўшы працу па ўважлівых прычынах, могуць знаходзіцца на ўліку ў сваіх першасных арганізацыях. Яны падаюць заявы ў першасныя арганізацыі па апошнім месцы працы і становяцца на ўлік у БНП.

Не могуць быць сябрамі прафсаюза: наймальнікі і асобы, надзеленыя правам прыёму і звальнення, якія ажыццяўляюць функцыі найму і звальнення. Асобы, якія былі выключаныя з Незалежнага прафсаюза за парушэнне палажэнняў Статута БНП.

Па стане на снежань 2017 года БНП складаўся з 6068 членаў прафсаюза.

СтруктураПравіць

  • Беларускі Незалежны прафсаюз на сённяшні дзень складаецца з пяці першасных арганізацый размешчаных у пяці вобласцях Рэспублікі Беларусь.
  • Першасная прафсаюзная арганізацыя работнікаў ААТ «Беларуськалій» БНП, (г. Салігорск)
  • Першасная арганізацыя БНП ААТ «Мазырскі НПЗ», (г. Мазыр)
  • Першасная арганізацыя ААТ «Нафтан», (г. Наваполацк)
  • Першасная арганізацыя БНП ААТ «Гродна Азот», (г. Гродна)
  • Першасная прафсаюзная арганізацыя работнікаў ААТ «Белшына» БНП, (г. Бабруйск)
  • Рэгіянальная арганізацыя БНП г. Наваполацка.

Існуюць таксама тры напрамкі членаў прафсаюза: жаночы, моладзевы і ветэранскі.

Сродкі масавай інфармацыіПравіць

З 1991 года па 2005 год друкаваным органам БНП была газета «Салідарнасць». У 2005 годзе газета спыніла сваё паўнавартаснае выданне. Сення прафсаюз мае свой вэбсайт і суполкі ў сацыяльных сетках.

Лідары арганізацыіПравіць

дата абрання пасада старшыня прафсаюза колькасць тэрмінаў
6 кастрычніка 1991 Старшыня НПГБ, (з 1993 г. БНП) Юргевіч Іван Вацлававіч адзін
30 чэрвеня 1995 Старшыня БНП Бабаед Віктар Сяргеевіч два няпоўных
15 кастрычніка 2002 Выконваючы абавязкі старшыні БНП Зімін Мікалай Васільевіч -
15 лютага 2003 Старшыня БНП Корабаў Васілій Сямёнавіч два
16 красавіка 2011 Старшыня БНП Зімін Мікалай Васільевіч два
20 красавіка 2019 Старшыня БНП Пазнякоў Максім Міхайлавіч адзін

СпасылкіПравіць