Дзёран — верхні пласт глебы, які фарміруецца травою і перапляценнем травянога карэння.

Біяцэноз

правіць

Дзёран фарміруецца пераважна на лугавых і стэпавых участках, адкрытых лясных прагалінах, уздоўж дарог, дзе росту травы не замінаюць іншыя расліны. Складае аснову культурных газонаў.

Час фарміравання займае ад 1 года і болей у залежнасці ад відаў травянога пакрыцця. У прыродзе адбываецца сталае ўзаемадзеянне і канкурэнцыя травяных раслін, што залежыць ад асаблівасцей надвор’я, кліматычных умоў і характару глебы.

Год за годам дзёран стварае шчыльную, цяжкую глебу. Па складу яна бяднейшая за перагной, але ўтрымоўвае менш хваробатворных бактэрый і грыбоў. Шырока распаўсюджаны дзярнова-падзолістыя і дзярнова-карбанатныя глебы.

З’яўляецца важным месцам для існавання шматлікіх насякомых, жывародкаў, чарвякоў, яшчарак, змей, грызуноў і г. д..

Выкарыстанне ў земляробстве

правіць

Дзярновая зямля ўваходзіць у склад большасці садовых зямельных сумесяў. Нарыхтоўваецца ўвесну або ў іншы цёплы перыяд года. Лепшая дзярновая зямля атрымліваецца пры нарыхтоўцы яе з месцаў, дзе растуць канюшына і люцэрна. Для атрымання штучнай дзярновай зямлі пасля нарыхтоўкі дзярніну складаюць у штабелі, багата паліваюць і час ад часу перагортваюць для далейшага гніення сцёблаў травы і карэнчыкаў.

Для стварэння газонаў выкарыстоўваюць як прыродны, так і штучны дзёран, сфарміраваны газоннымі травамі. У далейшым яго выкарыстоўваюць для слання паверхні стадыёнаў, пляцовак, а таксама ў дэкаратыўных мэтах.

У многіх краінах свету існуе цэлы напрамак дзярновага земляробства, які адрозніваецца значнай эканамічнай эфектыўнасцю.

Выкарыстанне ў будаўніцтве

правіць

Здаўна ў мясцовасцях, бедных на іншыя будаўнічыя матэрыялы, дзёран ужываўся пры пабудове жытла. Для пабудовы дзярновых хацін канструюецца каркас, які абкладваецца скруткамі або «цаглінамі» з дзёрну. Дзярновыя будынкі шырока вядомы ў Ісландыі, стэпавых рэгіёнах Паўночнай Амерыкі і Аўстраліі. Акрамя таго, у краінах Скандынавіі да нашых дзён дзёрнам крыюць дахі. Сухі дзёран можа ўжывацца для затыкання дзірак у драўляных і глінабітных пабудовах. На Беларусі выкарыстоўваўся для ацяплення прызбы.

Як будаўнічы матэрыял дзёран мае асаблівасць назапашваць вільгаць, што адмоўна ўплывае на стан драўлянага каркасу. Пры ўзнікненні працэсу гніення патрабуе замены.

Гл. таксама

правіць

Галерэя

правіць

Спасылкі

правіць