Беларускі цэнтральны саюз сельскагаспадарчых і крэдытных кааператываў
Беларускі цэнтральны саюз сельскагаспадарчых і крэдытных кааператываў (Белсельсаюз) — рэспубліканская кааператыўная арганізацыя ў верасні 1921 — кастрычніку 1929 гг. Створаны ў Мінску як Саюз сельскагаспадарчай кааперацыі Беларусі, у лютым 1922 — жніўні 1925 гг. называўся Беларускі цэнтральны саюз сельскагаспадарчых і прамысловых таварыстваў (Белсельпрамсаюз), са жніўня 1925 г. — Белсельсаюз.
Мэта і задачы
правіцьСаюз меў на мэце арганізацыю вытворчасці і збыту сельскагаспадарчай прадукцыі, калектывізацыю вёскі.
Паводле новага статута (май 1925 г.) задачамі Белсельпрамсаюза былі: абарона працоўных інтарэсаў членаў саюза, забеспячэнне іх насеннем, сельскагаспадарчымі прыладамі і сыравінай, арганізацыя прадпрыемстваў па перапрацоўцы сельскагаспадарчай прадукцыі, распрацоўка агракультурных мерапрыемстваў.
Гісторыя
правіцьБярэ пачатак ад створанага ў час акупацыі польскімі войскамі Мінска Беларускага саюза сельскай гаспадаркі (кастрычнік 1919 г.), перайменаванага ў снежні 1919 у Беларускі цэнтральны саюз сельскай гаспадаркі. Сярод заснавальнікаў і першых членаў А. Бонч-Асмалоўскі, I. Канчэўскі, Я. Мамонька, А. Смоліч, С. Рак-Міхайлоўскі. Саюз атрымліваў дапамогу ад Найвышэйшай Рады БНР, польскіх улад і на пачатку красавіка 1920 г. ахопліваў 40 асобных членаў, 16 сельскагаспадарчых таварыстваў; меў 34 аграномаў і тэхнікаў. Выдаваў беларускі сельскагаспадарчы часопіс «Саха». У час летняга наступлення РСЧА Мінск пакінулі многія кіраўнікі саюза, парушыліся сувязі паміж цэнтрам і мясцовымі арганізацыямі, дзейнасць саюза прыпынілася. Вынікам поглядаў савецкіх кіраўнікоў на сельскагаспадарчую кааперацыю як на кулацкую арганізацыю стала яе зліццё са спажывецкай кааперацыяй у жніўні 1920 г. і падпарадкаванне Беларускага цэнтральнага саюзу спажывецкіх таварыстваў (Цэнтрабелсаюз). У красавіку 1921 г. на аснове Беларускага цэнтральнага саюза сельскай гаспадаркі створана секцыя сельскагаспадарчых і саматужна-прамысловых кааператываў пры Цэнтрбелсаюзе, якая ў верасні 1921 г. вылучана ў самастойны саюз сельскагаспадарчай кааперацыі Беларусі.
24 кастрычніка 1921 г. Прэзідыум ЦВК БССР зацвердзіў склад часовага праўлення. Пэўны час (люты 1922 — жнівень 1925 гг.) у складзе саюза была прамысловая секцыя. Дзейнасці Белсельпрамсаюза перашкаджалі шматлікія рэарганізацыі. Вясной 1923 г. прынята рашэнне аб зліцці сельскагаспадарчай і прамысловай кааперацыі са спажывецкай (адменена ў ліпені 1923 г.), якое прынесла народнай гаспадарцы вялікія страты. Няўвага да фінансавага боку справы, захапленне кіраўніцтва Белсельпрамсаюза арганізацыйна-мітынговымі метадамі працы прывялі саюз у 1924 г. амаль да краху. У 1924—1925 завяршыўся працэс арганізацыйнага станаўлення сельскагаспадарчай кааперацыі ў сувязі з узбуйненнем БССР. 1-ы з’езд упаўнаважаных сельскагаспадарчай кааперацыі ўзбуйненай БССР (сакавік 1924) захаваў Белсельпрамсаюз як адзіную рэспубліканскую кааператыўную ўстанову і выбраў новы склад органаў кіравання (старшыня праўлення С. Лысаў, старшыня савета Дз. Прышчэпаў, старшыня рэвізійнай камісіі I. Валодзька). Саматужна-прамысловая секцыя была вылучана ў асобную кааператыўную арганізацыю (жнівень 1925 г.).
Станаўленне НЭПа ў беларускай вёсцы з сярэдзіны і да канца 1920-х гадоў спрыяла паспяховай дзейнасці Белсельпрамсаюза. Пашыралася нізавая сетка сельскагаспадарчай кааперацыі: у 1924—1927 гг. колькасць сельскагаспадарчых таварыстваў павялічылася з 803 да 1273, а пайшчыкаў — з 23,4 тыс. да 286 тыс. За кошт прыцягнення ў склад крэдытных кааператываў значнай часткі заможнага сялянства пашырылася сацыяльная база кааперацыі. Развіваліся спецыяльныя віды сельскагаспадарчай кааперацыі: малочная, садова-агародная, меліярацыйная. Аднак кааператыўныя ўстановы не былі пазбаўлены дзяржаўнага кантролю і цалкам залежалі ад крэдытаў з боку дзяржавы. У непамерна раздутым апараце Белсельсаюза мелі месца растраты, некампетэнтнасць у пытаннях развіцця кааперацыі. У кастрычніку 1928 г. са складу Белсельсаюза вылучаны Беларускі саюз сельскагаспадарчых таварыстваў (Белкалгассаюз). У кастрычніку 1929 г. Белсельсаюз ліквідаваны, яго функцыі перададзены рэспубліканскім галіновым саюзам ссельскагаспадарчай кааперацыі (ліквідаваны ў 1932 г.). У выніку такой рэарганізацыі кааператыўныя структуры страцілі рэшткі сваёй эканамічнай самастойнасці.
Літаратура
правіць- Ходзін, С. М. Белсельсаюз / С. М. Ходзін // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 2: Беліцк — Гімн / Рэдкал.: Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1994. — 537 с. — 20 000 экз. — ISBN 5-85700-142-0. — С. 8.