Беларускі з’езд Віленшчыны і Гродзеншчыны
Белару́скі з’езд Ві́леншчыны і Гро́дзеншчыны — з’езд прадстаўнікоў беларускай грамадскасці Віленшчыны і Гродзеншчыны, які адбыўся 9—10 чэрвеня 1919 года ў Вільні. Скліканы паводле ініцыятывы групы беларускіх палітычных дзеячаў на чале з Браніславам Тарашкевічам і Паўлам Алексюком. На з’ездзе было 125 дэлегатаў.
Правядзенне з’езда было выкліканае неабходнасцю пацвердзіць ідэю непадзельнасці і незалежнасці Беларусі ва ўмовах польскай акупацыі і агітацыі з боку паланафілаў за далучэнне беларускіх земляў да Польшчы. Бальшыня ўдзельнікаў з’езда была сябрамі Беларускай партый сацыялістаў-рэвалюцыянераў (БПС-Р).
Асноўныя даклады, якія былі заслуханыя і абмеркаваныя на з’ездзе: аб кааперацыі (Клаўдзій Дуж-Душэўскі), аб стане і неадкладных задачах беларускай асветы (Міхаіл Кахановіч), аб выдавецкай дзейнасці (Ян Станкевіч). З’езд пацвердзіў вернасць ідэалам незалежнай і непадзельнай Беларусі, выказаў поўны давер ураду Беларускай Народнай Рэспублікі, катэгарычна асудзіў унію з Польшчай; прымаючы пад увагу традыцыйныя гістарычныя і эканамічныя сувязі беларускага і літоўскага народаў, прызнаў пажаданым дзяржаўны звяз з Літвой. У прынятай з’ездам дэкларацыі БПС-Р асуджалася акупацыя Беларусі Польшчай, беларуская грамадскасць заклікалася да стварэння працоўных валасных, павятовых і губернскіх радаў. Былі прынятыя рэзалюцыі аб стварэнні беларускага войска дзеля абароны незалежнасці рэспублікі, аб арганізацыі настаўніцкіх курсаў у Вільні і Горадні. З’езд абмеркаваў пытанні пра неадкладную беларусізацыю царквы і касцёла ў Беларусі, стварэнне беларускага біскупства і епархіі ў Вільні, дапамогу пацярпелым ад вайны. Дэлегаты разгледзелі пратэст БПС-Р і Віленска-Гродзенскага дэмакратычна-рэспубліканскага блока ў сувязі з арыштамі беларускіх дзеячаў і забаронай беларускіх арганізацый польскімі ўладамі і асудзілі дзеянні апошніх.
З’езд абраў Цэнтральную беларускую раду Віленшчыны і Гродзеншчыны на чале з эсэрам Душэўскім, прыняў пастанову пра найхутчэйшае скліканне Рады БНР.
Літаратура
правіць- Ліс А. З’езд беларускіх дэлегатаў Віленшчыны і Гродзеншчыны // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 7: Застаўка — Кантата / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1998. — Т. 7. — 604 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0130-3 (т. 7).
- Ліс А. Беларускі з’езд Віленшчыны і Гродзеншчыны // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 1: А — Беліца / Рэдкал.: М. В. Біч і інш.; Прадм. М. Ткачова; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1993. — 494 с. — 20 000 экз. — ISBN 5-85700-074-2. С. 433