Міжнародны крымінальны суд

Пастаянны міжнародны крымінальны суд


Міжнародны крымінальны суд (англ.: International Criminal Court, ICC ці ICCt; фр.: Cour pénale internationale; скарочана — МКС) — першы пастаянны міжнародны орган крымінальнай юстыцыі, у кампетэнцыю якога ўваходзіць праследаванне асоб, адказных за генацыд, ваенныя злачынствы, злачынствы супраць чалавечнасці і агрэсію. Заснаваны на аснове Рымскага статуту, прынятага ў 1998 годзе. Афіцыйна пачаў сваю працу 1 ліпеня 2002 года.

Міжнародны крымінальны суд
International Criminal Court
Cour pénale internationale
International Criminal Court Headquarters, Netherlands.jpg
эмблема суда
эмблема суда
Від міжнародны судовы орган
Інстанцыя суд вышэйшай інстанцыі
Юрысдыкцыя Дзяржавы-ўдзельнікі Рымскага статуту
Дата заснавання 1998 год (фактычна з 1 ліпеня 2002 года)
Мовы справаводства англійская, французская
Склад суддзі абіраюцца Асамблеяй дзяржаў-удзельнікаў
Правамоцны па Рымскі статут
Тэрмін службы 9 гадоў
Членаў 18 (колькасць можа быць павялічана)
Кіраўніцтва
Старшыня Сцяг Паўднёвай Карэі Сон Санхён
Зала пасяджэнняў
Рэзідэнцыя суда ў Гаазе
Месцазнаходжанне Нідэрланды Гаага, Нідэрланды
Каардынаты 52°04′05″ пн. ш. 4°21′11″ у. д.HGЯO
Міжнародны крымінальны суд (Нідэрланды)
Міжнародны крымінальны суд
Сайт
http://www.icc-cpi.int

У адрозненне ад іншых міжнародных спецыяльных (ad hoc) і змяшаных крымінальных судоў, МКС з'яўляецца пастаяннай установай. У яго кампетэнцыю ўваходзяць злачынствы, здзейсненыя пасля ўвахождання Рымскага статуту ў сілу.

Месцазнаходжаннем з'яўляецца Гаага, аднак па жаданні суда пасяджэння могуць праходзіць у любым іншым месцы. Міжнародны крымінальны суд не варта блытаць з Міжнародным судом ААН, які таксама засядае ў Гаазе, але мае іншую кампетэнцыю. МКС не ўваходзіць у афіцыйныя структуры Арганізацыі Аб'яднаных Нацый, хоць можа ўзбуджаць справы па прадстаўленні Савета Бяспекі ААН.

ГісторыяПравіць

Міжнародная супольнасць даўно імкнулася да стварэння пастаяннага міжнароднага крымінальнага суда, але з-за разнастайных рознагалоссяў гэта пытанне на працяглы час адкладвалася. Яшчэ ў 1948 годзе Генеральная Асамблея ААН у сваёй рэзалюцыі паказвала на неабходнасць стварэння спецыяльнага юрыдычнага органа, які б на пастаяннай аснове займаўся крымінальным праследаваннем асоб, адказных за здзяйсненне злачынстваў генацыду і іншых злачынстваў аналагічнага цяжару. Праца над гэтым пытаннем была даручана Камісіі міжнароднага права, якая прыйшла да высновы, што стварэнне такога органа з'яўляецца пажаданым і магчымым з пункту гледжання міжнароднага права, аднак пазней праца ў гэтым кірунку Генеральнай Асамблеяй была прыпынена ў сувязі з адсутнасцю кансенсусу ў вызначэнні паняцця агрэсія[1][2].

У сярэдзіне XX стагоддзя пасля Другой сусветнай вайны міжнародная супольнасць дасягнула кансенсусу толькі ў вызначэнні генацыду, злачынстваў супраць чалавечнасці і ваенных злачынстваў, прыняўшы адпаведныя міжнародныя дакументы па іх. Велізарны ўплыў на фарміраванне міжнароднага крымінальнага права аказалі Нюрнбергскі і Такійскі працэсы над асобамі, вінаватымі ў здзяйсненні ваенных злачынстваў, злачынстваў супраць міру і супраць чалавечнасці падчас Другой сусветнай вайны. У далейшым ва ўмовах біпалярнага свету і абвастрэння халоднай вайны пытанне аб заснаванні міжнароднага крымінальнага суда больш не ўздымалася.

Толькі ў канцы 1980-х — пачатку 1990-х гадах пасля заканчэння халоднай вайны да гэтага пытання было зноў прыцягнута ўвага. Спачатку ў 1989 годзе ўрад Трынідада і Табага звярнулася з літом у Генеральную Асамблею з просьбай аднавіць працу над пытаннем аб міжнародным крымінальным судзе, чыя б юрысдыкцыя распаўсюджвалася і на незаконны абарот наркатычных сродкаў. Затым у 1991 годзе ў былой Югаславіі пачалася кровапралітная грамадзянская вайна, а ў 1994 годзе ў Руандзе адбыўся генацыд. Савет Бяспекі ААН адрэагаваў на дзве апошнія сітуацыі і сваім рашэннем заснаваў ad hoc трыбуналы (МТБЮ і МТР) для прыцягнення да пакарання адказных асоб. Аднак, паколькі гэтыя трыбуналы былі створаны для расследавання злачынстваў, здзейсненых толькі ў пэўны час і ў рамках пэўнага канфлікту, міжнароднай супольнасцю была дасягнута агульная згода наконт таго, што канчаткова наспела пытанне аб заснаванні незалежнага і пастаяннага крымінальнага суда. На сваёй 52-й сесіі Генеральная Асамблея па гэтым пытанні пастанавіла склікаць у 1998 годзе пад эгідай ААН Дыпламатычную канферэнцыю ў Рыме з удзелам усіх дзяржаў. 17 ліпеня 1998 года міжнародная супольнасць дасягнула гістарычнай мяжы, калі 120 дзяржаў падпісала Рымскі статут — прававую аснову для стварэння пастаяннага міжнароднага крымінальнага суда[1].

Міжнародны крымінальны суд (МКС) з'яўляецца першым пастаянным міжнародным органам крымінальнага правасуддзя, створаным на аснове дагавора паміж дзяржавамі, які неабходны, у першую чаргу, для таго каб не дапусціць сітуацыі беспакаранасці асоб, якія здзейснілі самыя сур'ёзныя злачынствы, якія выклікаюць заклапочанасць усёй міжнароднай супольнасці ў цэлым. МКС мае статус незалежнай міжнароднай арганізацыі, і не з'яўляецца часткай структуры ААН. Ён размяшчаецца ў Гаазе, Нідэрланды. Расходы суда фінансуюцца за кошт яго дзяржаў-удзельнікаў, а таксама магчымыя добраахвотныя ўнёскі ад урадаў, міжнародных арганізацый, прыватных асоб, карпарацый і іншых суб'ектаў.

Рымскі статут набыў моц 1 ліпеня 2002 года пасля яго ратыфікацыі 60 краінамі.

Дзяржавы-ўдзельнікіПравіць

 
     Дзяржавы-ўдзельнікі МКС      Дзяржавы, якія падпісалі, але не ратыфікавалі Рымскі статут      Дзяржавы, якія не падпісалі і не далучыліся да Рымскага статуту

Дзяржавы становяцца ўдзельнікамі МКС, а злачынствы, дзейсненыя іх грамадзянамі або на іх тэрыторыі — падсуднымі яму, па факце ратыфікацыі Рымскага статуту.

Станам на красавік 2013 года Рымскі статут ратыфікавала 122 дзяржавы ва ўсім свеце[3]. З 193 дзяржаў-членаў ААН ратыфікавала толькі 121 (астравы Кука не з'яўляюцца членам ААН), 31 — падпісалі, але не ратыфікавалі, а 41 — зусім не падпісалі.

Шэраг краін прынцыпова пярэчыць супраць самой ідэі МКС, бо яна, на іх думку, абмяжоўвае суверэнітэт дзяржаў і дае нявызначана шырокія кампетэнцыі суду; сярод іх ЗША, Кітай, Індыя, Ізраіль і Іран.

Самым заўзятым праціўнікам дзейнасці МКС з'яўляецца ЗША. Урад ЗША хоць і падпісаў Рымскі статут у 2000 годзе, але ўжо ў 2002 годзе адклікаў свой подпіс. Першапачаткова Біл Клінтан, падпісваючы дакумент, патлумачыў, што ЗША не збіраюцца ратыфікаваць Рымскі статут, пакуль у поўнай меры на свае вочы не азнаёмяцца з працай Міжнароднага крымінальнага суда[4]. У далейшым ужо адміністрацыя Буша-малодшага на падставе абароны сваіх ваеннаслужачых цалкам адмовілася ад удзелу ў Рымскім статуце, заявіўшы, што ён парушае нацыянальныя інтарэсы і суверэнітэт ЗША. Акрамя таго ў 2002 годзе быў прыняты спецыяльны Закон аб абароне амерыканскага персанала за мяжой  (англ.), які дазволіў ужыванне ваеннай сілы для вызвалення любога амерыканскага грамадзяніна або грамадзян з ліку саюзнікаў ЗША, затрыманых на тэрыторыі якой-небудзь дзяржавы па ордары МКС[5]. Таксама ЗША склалі двухбаковыя пагадненні з шэрагам краін, у якіх абавязалі іх не выдаваць падазраваных амерыканскіх грамадзян Міжнароднаму крымінальнаму суду, а ў выпадку парушэння гэтых дамоўленасцей ЗША спыняць аказанне ім ваеннай дапамогі і любую іншую падтрымку[6][7].

 
Рост колькасці дзяржаў, якія ратыфікавалі Рымскі статут (1998—2006)

Дзяржавы-ўдзельнікі, што ратыфікавалі Рымскі статут, падзяляюцца на наступныя рэгіянальныя групы:

Станам на на красавік 2013 года 34 дзяржавы-ўдзельніцы МКС адносяцца да афрыканскіх краін, 18 — да азіяцкіх, 18 — з Усходняй Еўропы, 27 — з Лацінскай Амерыкі і Карыбскага басейна і 25 — з Заходняй Еўропы і іншых дзяржаў[3].

Гл. таксамаПравіць

КаментарыіПравіць

ЗноскіПравіць

  1. а б Міжнародны крымінальны суд: Гістарычны агляд(недаступная спасылка). сайт ААН. Архівавана з першакрыніцы 6 снежня 2012. Праверана 4 красавіка 2013.
  2. Верещетин B.C. Международный уголовный суд: новые перспективы // Московский журнал международного права. — 1993. — № 2. — С. 4-41.
  3. а б ICC: The States Parties to the Rome Statute (англ.)(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 12 красавіка 2016. Праверана 3 красавіка 2013.
  4. Clinton's statement on war crimes court (англ.)(недаступная спасылка). BBC News. Архівавана з першакрыніцы 22 чэрвеня 2013. Праверана 4 красавіка 2013.
  5. Новы напад ЗША на Міжнародны крымінальны суд (руск.)(недаступная спасылка). Х'юман Райтс Вотч (2 чэрвеня 2002). Архівавана з першакрыніцы 24 верасня 2015. Праверана 4 красавіка 2013.
  6. Пачатак супрацьстаяння. ЗША і Міжнародны крымінальны суд Агляд за май 2002 г. (руск.)(недаступная спасылка). Часопіс «Індэкс». Архівавана з першакрыніцы 10 снежня 2014. Праверана 4 красавіка 2013.
  7. Status of US Bilateral Immunity Acts (англ.) (PDF)(недаступная спасылка). Coalition for the International Criminal Court (2 чэрвеня 2006). Архівавана з першакрыніцы 15 сакавіка 2012. Праверана 4 красавіка 2013.

СпасылкіПравіць