Генацыд
Генацыд (ад слова генезіс «паходжанне»): знішчэнне або пераследаванне людзей паводле прыкметы пэўнай агульнасці іх паходжання (згодна з прынцыпам калектыўнай адказнасці). Канцэпцыя генацыду не закладае абавязковай біялагічнай агульнасці пераследаванай супольнасці.
Міжнародны юрыдычны сэнс паняцця, згодна з Міжнароднай канвенцыяй 1948 года, уключае: забойства членаў сацыяльнай групы; спрычыненне сур’ёзных цялесных пашкоджанняў або разумовых парушэнняў членам такой групы; наўмыснае стварэнне для якой-небудзь групы такіх жыццёвых умоў, якія разлічаны на яе поўнае або частковае фізічнае знішчэнне; меры, скіраваныя на прадухіленне нараджэння дзяцей у асяроддзі якой-небудзь групы; прымусовая перадача дзяцей з адной групы ў іншую.
Ідэалогія генацыду аснаваная на перакананні, што рэпрэсіі могуць і павінны распаўсюджвацца не толькі на людзей, вінаватых у нечым асабіста, але і на тых, хто знаходзіцца з імі ў адной групе (сацыяльнай, культурнай, біялагічнай).
Паўнамаштабны генацыд мае мэтай татальнае фізічнае знішчэнне асобных супольнасцей. Усеабдымны генацыд мае мэтай такое знішчэнне не часткі, а ўсіх супольнасцей. Вузейшы тэрмін этнацыд ужываецца ў дачыненні да пераследавання этнічнай, нацыянальнай групы. Аўтагенацыд — знішчэнне грамадзянаў краіны іх уласным урадам, складнікамі якога могуць з’яўляцца палітацыд — знішчэнне або пераследаванне асобных палітычных груп, і дэмацыд — рэпрэсіі ў дачыненні да асобных сацыяльных груп.
ТэрмінПравіць
Тэрмін быў складзены амерыканскім юрыстам Рафаэлем Лемкіным (1943) і азначаў пачаткова «дзеянні заваёўнікаў, што знішчаюць народы і этнічныя групы… найперш, яўрэяў, палякаў, славакаў і рускіх…» Пасля выхаду кнігі Р. Лемкіна «Асноўнае правіла ў акупаванай Еўропе» (1944) тэрмін «генацыд» стаў юрыдычным паняццем. Юрыдычны сэнс тэрміну быў пашыраны і ўдакладнены ў міжнароднай канвенцыі «Аб папярэджанні злачынстваў генацыду і пакаранні за яго», падпісанай 9.12.1948 у Парыжы і ратыфікаванай усімі членамі ААН.
Тэрмін увайшоў у палітычны абарот неўзабаве пасля 2-й сусв. вайны ў сувязі з разгляданнем злачынстваў фашызму і ўжо тады шырока выкарыстоўваўся ў дакументах ААН. Аднак, сама практыка генацыду вядомая здаўна.
Прыкладамі паўнамаштабнага генацыду з’яўляюцца дзеянні іспанцаў і партугальцаў супраць індзейцаў Лацінскай Амерыкі (1492—1750), генацыд паўноамерыканскіх індзейцаў.
Х. Шэрэр назваў 4 выпадкі паўнамаштабнага генацыду ў 20 ст.: турэцкі генацыд супраць армянаў (1,5 млн ахвяр за 1915—1923); дзеянні нацысцкай дзяржавы і саюзнікаў супраць насельніцтва акупаваных краін; генацыд у Кампучыі (1975—1979); генацыд у Руандзе (1994).
Звычайнай практыкай сталі працяглыя дыскусіі вакол паняцця і адпаведнасці яго выкарыстання ў канкрэтнай сітуацыі, якія працягваюцца ў пошуках палітычнай карысці або, наадварот, пазбягання палітычных наступстваў і адказнасці. Да прыкладаў, адмаўлення факту генацыду адносіцца, напрыклад, стаўленне савецкага кіраўніцтва да мільёнаў насельніцтва тэрыторый, што трапілі пад радыёактыўнае заражэнне пасля чарнобыльскай катстрофы.
Выбар агульнапрызнаных генацыдаўПравіць
- Генацыд армян (1894—1896, 1915)
- Халакост (1941—1945)
- Масавае забойства беларусаў Падляшша (1946)
- Генацыд у Руандзе (1994)
- Разня ў Срэбраніцы (1995)
ЛітаратураПравіць
- Евгений Розенблат. Терминология темы Холокоста: основные проблемы // Гістарычны альманах / Беларускае гістарычнае таварыства; пад рэд. А. Смаленчука. Том 9, 2003. — Гродна: [Б. м.], 2003. — 252 с. С. 92—103.