Масавае забойства беларусаў Падляшша (1946)

акт генацыду ў дачыненні да праваслаўных беларусаў у Польшчы

Масавае забойства беларусаў Падляшша ў 1946 годзе — акты гвалту ў дачыненні да праваслаўных беларусаў, здзейсненыя бандай былых байцоў польскай Арміі Краёвай на чале з капітанам Рамуальдам Райсам на тэрыторыі Беластоцкага ваяводства ў студзені — лютым 1946 года. У часе рэйда бандай Райса было спалена пяць вёсак і паводле этнічнай прыкметы забіта 79 праваслаўных беларусаў, уключна з малымі дзецьмі, жанчынамі і старымі.

Масавае забойства беларусаў Падляшша ў 1946 годзе
Месца нападу Падляшша
Мэта нападу Этнічная чыстка ў дачыненні да праваслаўных беларусаў
Дата 28 студзеня — 2 лютага 1946 года
Загінулыя 79
Колькасць тэрарыстаў каля 200
Тэрарысты Банда былых байцоў Арміі Краёвай
Арганізатары Рамуальд Райс

Перадгісторыя

правіць
 
Рамуальд Райс у 1943 годзе

Банда Райса складалася з прыкладна 200 чалавек — былых байцоў Арміі Краёвай з Віленшчыны і мясцовых палякаў[1]. Пасля афіцыйнага роспуску Арміі Краёвай Рамуальд Райс уступіў у войска камуністычнай Польшчы, але потым дэзэртаваў і далучыўся да антыкамуністычнага падполля[1], уступіўшы ў Нацыянальнае вайсковае задзіночанне (Narodowe Zjednoczenie Wojskowe).

28 студзеня 1946 года банда Райса, частка Нацыянальнага вайсковага задзіночання, апынулася каля вёскі Лазіца. Там палякі спынілі абоз фурманак, якім мясцовыя сяляне ехалі на нарыхтоўку дроў для школы[2]. Райс адпусціў фурманаў каталіцкага веравызнання, а праваслаўных прымусіў перавозіць яго банду[1]. 29 студзеня аддзел «Бурага» здзейсніў паспяховы напад на савецкі гарнізон у Гайнаўцы, забіўшы двух савецкіх салдат і ўзяўшы ў палон падпалкоўніка, якому ў выніку ўдалося ўцячы. 30 студзеня банда «Бурага», праяжджаючы праз вёску Краснае Сяло, вырашыла памяняць некаторых вазакоў. Солтысу вёскі было загадана падрыхтаваць новыя падводы. З Краснага Сяла выехалі з аддзелам 12 фурманаў, з якіх назад вярнуліся толькі чацвёра[2].

Храналогія падзей

правіць

Спаленне вёсак Заляшаны і Выганоўская Волька

правіць

29 студзеня 1946 года банда «Бурага» прыбыла ў вёску Заляшаны[3]. У Заляшанах Рамуальд Райс загадаў сабраць усіх людзей на сход у хаце Дзмітрыя Сахарчука. 16-гадовага Пятра Дземянюка, а таксама чырвонаармейца Аляксандра Зелінко вывелі на двор і расстралялі. Дзверы хаты заблакавалі і падпалілі будынак. У людзей атрымалася вызваліцца і выратавацца. Райс загадаў падпаліць усю вёску, і 16 чалавек, уключна з дзецьмі і жанчынамі, або згарэлі ў полымі, або былі застрэленыя на панадворках, калі спрабавалі ратавацца ад агню[2].

Далей батальён Райса «Бурага» пераехаў у суседнюю Выганоўскую Вольку. За адмову аказаць дапамогу палякі падпалілі хлявы і застрэлілі двух жыхароў: Яна Зінкевіча і Стэфана Бабулевіча.

Забойства фурманаў

правіць

30 студзеня аддзел апынуўся ў лесе каля вёскі Старыя Пухалы і вырашыў пазбавіцца фурманаў. Дадому былі адпушчаны тыя з іх, якія ўмелі хрысціцца па-каталіцку і прачытаць малітву «Ойча наш» па-польску, астатнія былі забітыя[2]. Паводле сведак, у тую ноч з лесу было чуваць крыкі катаваных людзей і толькі нешматлікія стрэлы[2]. Паводле журналіста Яна Максімюка, што даследваў гэтую тэму, фурманаў, імаверна, забілі абухамі сякер, а стралялі толькі ў тых, якія спрабавалі ўцякаць[2].

Агулам у тую ноч было забіта 30[2][3] або 31[4] чалавек з 12 вёсак (Краснае Сяло, Збуч, Чыжы, Вялікія Пасечнікі, Ягаднікі, Лазіца, Махнатае, Заляшаны, Ракавічы, Крывая, Арэшкава, Выганоўская Волька)[2].

Спаленне вёсак Зані і Шпакі

правіць

2 лютага банда Райса спаліла вёскі Зані (забіўшы 24 чалавекі) і Шпакі  (польск.) (загінулі 9 чалавек)[2]. Бандыты расстрэльвалі тых, хто спрабаваў выратавацца з агню. Самому старому забітаму было 83 гады, самому малодшаму — 4 гады[5].

Суд і следства

правіць

Рамуальд Райс быў схоплены камуністычнай польскай уладай у 1948 годзе. Яго судзілі ў Беластоку і павесілі ў 1949 годзе[1]. Райс не прызнаў сваёй віны ў разні беларусаў і пераводзіў адказнасць за забойствы на свайго намесніка[2].

Ацэнкі

правіць

Польскі камуністычны рэжым выкарыстоўваў разню 1946 года ў мэтах прапаганды. Аднак, гэтыя падзеі не было прынята абазначаць як акт генацыду або этнічныя чысткі[2].

У 1970 годзе ў вёсцы Зані была ўсталявана мемарыяльная дошка ў памяць пра ахвяр разні[5]. Месцы пахавання некаторых ахвяр удалося высветліць толькі праз 50 гадоў пасля трагедыі[6]. Пасля падзення камуністычнага рэжыму быў створаны «Камітэт сем’яў забітых фурманаў», было праведзенае перапахаванне рэшткаў ахвяр трагедыі на вайсковых могілках у Бельску Падляскім і пастаўлены помнік з высечанымі на ім імёнамі ахвяраў і іх ката[2]. На гадавіны трагедыі адбываюцца афіцыйныя памятныя мерапрыемствы ў Заляшанах і Бельску Падляскім[1][7].

Дзеячы беларускай меншасці ў Польшчы ацэньваюць разню 1946 годзе як адну з найважнейшых падзей пасляваеннай гісторыі рэгіёна. Паводле Яна Максімюка, трагедыя «з’яўляецца той найважнейшай гістарычнай падзеяй, якая застаецца ў свядомасці ўсіх беларусаў Беласточчыны і ў ацэнцы якой яны абсалютна згодныя»[2]. Паводле ацэнкі гісторыка Алега Латышонка, рэйд Бурага «спрыяў таму, што беларусы большую надзею звязвалі з камуністычнай Польшчай, чымся з аднаўленнем даваеннай»[1].

Нацыяналістычныя сілы ў Польшчы імкнуцца да рэабілітацыі Рамуальда Райса і яго банды[1]. У лютым 1991 года ў Польшчы быў прыняты закон, на падставе якога прысуды супраць рэпрэсаваных за дзейнасць на карысць незалежнай польскай дзяржавы былі адменены. Такім чынам Рамуальд Райс «Буры» быў фактычна рэабілітаваны[8]. У 1995 годзе Ваенны суд у Варшаве[1] скасаваў смяротны прысуд Рамуальду Райсу і рэабілітаваў яго[4], пастанавіўшы, што «стан найвышэйшай неабходнасці прымусіў іх прымаць рашэнні, якія не заўсёды былі этычна адназначныя»[8]. Ягоным нашчадкам была выплачана кампенсацыя[1].

Следства ў справе крывавага рэйду «Бурага» доўгія гады вёў польскі Інстытут нацыянальнай памяці. У 2005 годзе Інстытут зрабіў афіцыйнае заключэнне, што расправа банды Райса над жыхарамі беларускіх вёсак у 1946 годзе была злачынствам з прыкметамі генацыду[1][7]. Гэтае рашэнне не мела ніякіх наступстваў: нікога ў гэтай справе дадаткова не абвінавацілі, не адмянілі рэабілітацыі «Бурага» і не выплацілі кампенсацыі сем’ям закатаваных і спаленых людзей[2]. Акруговы суд у Беластоку ў тым жа годзе заявіў, што дзеянні банды Райса былі злачынствам генацыду[1].

2 лютага 2012 года, у дзень знішчэння вёсак Зані і Шпакі, польскі Сойм прыняў рашэнне пра адзначэнне 1 сакавіка «Дня выклятых жаўнераў»[4].

Ушанаванне памяці

правіць
  • Помнік праваслаўным жыхарам Беластока, забітым і зніклым без вестак у 1939–1956 гады.
  • Помнік забітым беларусам на Бельскіх вайсковых могілках.
  • Крыж у вёсцы Сынкаўцы (Падляшскае ваяводства) з надпісам «Од наглай и неспадеванай сьмерти сохрани нас госпади»
  • У 2019 годзе праваслаўны Мітрапаліт Варшаўскі і Усяе Польшчы Сава асвяціў краевугольны камень будучай царквы ў вёсцы Заляшаны, дзе ў студзені 1946 года атрад пад камандаваннем Рамуальда Райса «Бурага» расстраляў мясцовых беларусаў, а сяло спаліў[9].
  • У 2021 годзе Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда ўсклаў вянок і маліўся каля ўсталяванага ў Заляшанах помніка пакутнікам падляскім і хэлмскім. У Заляшаны ён прыехаў у кампаніі мітрапаліта Савы[10].
  • У ліпені 2023 г. адбылося адкрыццё помніка у гонар св. Марыя Петручук (адна з ахвяраў нападу на в. Шпакі). Помнік створаны дзякуючы грамадскай ініцыятыве «Наша памяць»[11].

У культуры

правіць

Падзеям 1946 года прысвечаная мастацкая кніга «Акулярнік» вядомай польскай пісьменніцы беларускага паходжання Катажыны Бонды[12].

Зноскі

  1. а б в г д е ё ж з і к 1946: час, калі палалі беларускія вёскі на Беласточчыне — Ян Максімюк, Радыё Свабода, 28 студзеня 2016
  2. а б в г д е ё ж з і к л м н Jakaja ž to pravda na sviêti? — Ян Максімюк, Радыё Свабода, 05 лютага 2013
  3. а б Andrzej Zdanowicz.. Romuald Rajs «Bury». Żołnierz wyklęty i morderca (польск.). Gazeta Współczesna (12 сакавіка 2011). Праверана 29 студзеня 2019.
  4. а б в Дзень выклятых салдат Архівавана 11 красавіка 2023. — Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя, 2015 г.
  5. а б «Попел і памяць» Архівавана 12 кастрычніка 2016. — успаміны сведак масакры, запісаныя Янам Максімюком. Апублікавана 6 мая 1990 г., Тыднёвік беларусаў у Польшчы «Ніва»
  6. Польскія ўльтраправыя абвінавачваюць беларускую журналістку ў ачарненні герояў Архівавана 12 кастрычніка 2016. — Польскае Радыё, 18.11.2015
  7. а б «Я іх бачу» — рэпартаж Валянціны Лаеўскай Архівавана 12 красавіка 2023. — Радыё Рацыя, 2015 г.
  8. а б «Буры» мог спаліць значна больш беларускіх вёсак, — польскі гісторык, дзякуючы якому апраўдалі Рамуальда Райса. 12 сакавіка 2019
  9. polskieradio.pl
  10. БелСат Архівавана 8 чэрвеня 2021.
  11. Асвечаны помнік Святой пакутніцы падляшскай зямлі Марыі Петручук
  12. Кніга пісьменніцы з Гайнаўкі стала бестселерам у Польшчы Архівавана 12 кастрычніка 2016. — Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя, 2016

Спасылкі

правіць