Адкрыць галоўнае меню
Рэканструкцыя пасялення Порт-Раял, Новая Шатландыя

За тысячы гадоў да прыбыцця еўрапейцаў тая зямля, якая цяпер завецца Канадай, была заселена першабытнымі людзьмі, што пазней сталі знаёмыя нам пад імёнамі эскімосаў і паўночнаамерыканскіх індзейцаў. У XVI-XVII ст. англійскія і французскія мараплаўцы даследвалі ўзбярэжжа Канады, падарожнікі і траперы пранікалі ў яе ўнутраныя раёны, а каланісты стваралі пасяленні. У сярэдзіне XVIIІ ст. Францыя страціла ўсе свае паўночнаамерыканскія калоніі і Брытанія стала адзінаўладным гаспадаром. У 1867 годзе Канада ў складзе 4-х правінцый стала брытанскім дамініёнам. У 1931 Вэстмінстэрскі статут значна пашырыў яе аўтаномію. У 1982 Акт аб Канадзе дэнансаваў апошнія лёскі залежнасці. Самі ; канадцы гавораць, што ў іх зашмат геаграфіі і замала гісторыі.

Карэнныя народыПравіць

Археалагічныя і генетычныя даследванні карэнных народаў падцвердзілі прысутнасць чалавека на поўначы Юкана прыкладна 26 500 гадоў назад, і ў паўднёвай правінцыі Антарыа 9500 гадоў назад[1][2][3]. Археалагічныя аб’екты Олд Кроў Фэлтс і Блуфіш - два найбольш раннія археалагічныя помнікі чалавечага (палеаіндзейскага) жылля ў Канадзе[4][5][6] .

Сярод індзейцаў Канады ёсць восем унікальных міфаў аб стварэнні свету і адаптацый гэтых міфаў. Гэта міфы аб зямлі, аб сусветным бацьку, аб з’яўленні, аб разбоі, аб адраджэнні нябожчыка, аб двух стваральніках і іх спаборніцтве, а таксама міф аб братах[7]. Культуры канадскіх абарыгенаў уключалі ў сябе аселыя ці гарадскія паселішчы, вясковую гаспадарку, грамадскія і гістарычныя помнікі архітэктуры і складаную сацыяльную іерархію[8]. Некаторыя з гэтых цывілізацый зніклі яшчэ да з’яўлення першых еўрапейскіх паселішчаў (канец XV — пачатак XVI), і былі знойдзеныя ў працэсе археалагічных даследванняў.

Карэннае насельніцтва, паводле ацэнак, складала ад 200 тысяч да 2 мільёнаў людзей у канцы 1400 года[9], у цяперашні час Каралеўскай камісіяй Канады па ахове здароўя карэннага насельніцтва прынята лічба ў 500 тысяч чалавек[10]. Эпідэміі еўрапейскіх інфекцыйных захворванняў (грып, адзёр, воспа), да якіх індзейцы не мелі імунітэту, у спалучэнні з іншымі эфектамі кантактаў з еўрапейцамі, у выніку прывялі да вымірання ад 40% да 80% карэннага насельніцтва[11].

Карэнныя народы Канады уключаюць індзейцаў[12], эскімосаў[13] і метысаў[14]. Культура метысаў узнікла з сярэдзіны XVII-га стагоддзя, калі індзейцы і інуіты змешваліся з еўрапейскімі каланістамі[15]. Інуіты найчасцей абмяжоўвалі кантакты з еўрапейцамі цягам ранняга перыяда[16].

Першыя еўрапейцыПравіць

 
Жак Карцье высаджваецца на Гаспэ, 1534.

Першымі еўрапейцамі на зямлі Канады сталі нарвежскія вікінгі, якія пасяліліся ў Л’Анс-о-Медаўз на Ньюфаўндлендзе каля 1000 года[17][18]. Пастаянныя сутычкі з негасціннымі індзейцамі вымусілі нарманаў хутка развітацца з новай калоніяй і да канца ХV cт вядомых нам экспедыцый у Амерыку не было. Чаканне ў 5 стагоддзяў было вартым наступнага імклівага ходу геаграфічных адкрыццяў. У 1497 годзе італьянскі мараплавец на англійскай службе Джавані Кабота (Джон Кабат) дасягнуў атлантычнага ўзбярэжжа Канады (Ньюфаундленд) і нанёс яго на карту.[19]. У 1498 годзе партугалец Жаау Лаўрадор (João Fernandes Lavrador) адкрыў (ці, каб не крыўдзіць скандынаваў, пераадкрыў) берагі паўвострава, пазней названага яго тытулам (парт."землеўладальнік"). Паміж 1498 і 1521 гадамі баскскія і партугальскія маракі асвоілі ўзбярэжжа ўсходняй Канады і заснавалі аселыя кітабойныя і рыбацкія паселішчы.[20]. У 1524 годзе усходнія берагі Канады даследвала экспедыцыя фларэнтыйскага мараплаўца Джавані да Верацана, які знаходзіўся на службе ў французскага караля. У 1534 годзе французскі даследчык Жак Карцье даследуе заліў Святога Лаўрэнція і на паўвостраве Гаспэ ўсталёўвае 10-метровы крыж са словамі "доўгія гады каралю Францыі", такім чынам аслупоўваючы гэтую зямлю, названую ім Новай Францыяй, за сваёй радзімай. Трэба адзначыць, што пасяленні ХVІ ст. існавалі нядоўга: бедная паўночная прырода не пасылала багатага ўмалоту, а трывалыя сувязі з Еўропай не ўсталяваліся.

Французская і Брытанская КанадаПравіць

 
Паўночная Амерыка ў 1750

У 1583 годзе сэр Хэмфры Гільберт згодна з прэрагатывай каралевы Лізаветы І засноўвае пасяленне Сент-Джонс на востраве Ньюфаундленд — першую брытанскую калонію ў Канадзе (раней чым у ЗША!). У 1603 годзе пачынаецца канадская старонка біяграфіі французскага падарожніка Самюэля Шамплейна, які ў 1605 засноўвае Порт-Раял (Новая Шатландыя), а ў 1608 — Квебек. Спачатку француская каланізацыя распаўсюджвалася на Акадыю (вобласць паўвострава Новая Шатландыя і сучаснага Нью-Брансуіка), з цягам часу каланісты прасунуліся да вярхоўяў Святога Лаўрэнція, ажно да Вялікіх азёр.

 
Карціна Б.Уэста Смерць Генерала Вулфа, на брытанскі генерал Джэймс Вулф памірае пасля перамогі ў бітве на Палях Абраама ў 1759 годзе

Каталікі і траперы асвойвалі ваколіцы Гудзонава заліва, сваім промыслам вывеўшы Канаду ў сусветныя лідары вытворцаў каштоўнага футра. Менавіта праз футра перыяд 1640 — 1701 быў адзначаны Бабровымі войнамі — серыяй канфліктаў паміж канфедэрацыяй індзейцаў-іракезаў з іншымі індзейцамі, якім дапамагала Францыя. Узрастала напружанасць і паміж вялікімі дзяржавамі. У 1688 — 1763 ў Паўночнай Амерыцы адбыліся 4 англа-французскія канфлікты. У выніку апошняга — падчас еўрапейскай Сямігадовай вайны — Францыя страціла ўсе канадскія калоніі, што было занатавана ў Парыжскім мірным дагаворы 1763 года. У тым жа дзесяцігоддзі Канада была падзелена на правінцыі, найбуйнешай з якіх стаў Квебек. Каб папярэдзіць магчымыя канфлікты ў Квебеку, англічане Квебецкім актам 1774 года пашырылі тэрыторыю правінцыі да Вялікіх азёр і даліны Агая. Улагоджаныя Квебекцы, якім вярнулі афіцыйную французскую мову і каталіцкую веру, не пайшлі праз два гады следам за трынаццацю калоніямі супраць Брытанскай кароны. З іншага боку, Квебецкі акт стаў каталізатарам вайны за незалежнасць ЗША. Пасля ўтварэння ЗША у Канаду лінуў паток лаялістаў — тых, хто змагаўся супраць незалежнасці 13 калоній. Гэта паўплывала на размеркаванне насельніцтва ў краіне. У выніку Нью-Брансуік вылучыўся са складу Новай Шатландыі, а Сент-Джон стаў першым канадскім горадам. У 1791 калонія на захад ад Нью-Брансуіка была падзелена на франкамоўную Ніжнюю Канаду (Квебек) і англамоўную Верхнюю Канаду (пазней — Антарыа) і пад агульнай назвай The Canadas.

Брытанская Канада ў ХІХ стагоддзіПравіць

 
Ніжняя і Верхняя Канада, 1812

У 1812 Канада стала галоўнай арэнай ваенных дзеянняў англа-амерыканскай вайны. Мірны дагавор 1815 закрыў палітычныя амбіцыі ЗША па авалоданні тэрыторыяй Канады і ўзнавіў прыток мігрантаў з Брытанскіх астравоў. У 1815-1850 у Канаду перасялілася 960 000 брытанцаў. Асабліва магутнай была ірландская хваля, узнятая страшэнным голадам 1845-49 гг.. На тле эканамічнага крызісу і нежадання брытанскіх уладаў праводзіць рэформы, а таксама вечнага франка-брытанскага супрацьстаяння, успыхнулі паўстанні 1837-38 гадоў. Гэта падштурхнула англічан стварыць Адказны ўрад (1849) і паскорыць асіміляцыю франкамоўных канадцаў: у 1840-м "Акт саюзу" аб'яднаў Верхнюю і Ніжнюю Канады ў Брытанскую Паўночную Амерыку.

 
Абвяшчэнне Канадскай Канфедэрацыі

У 1846 годзе Арэгонскі дагавор канчаткова вызначыў мяжу паміж Брытанскай Паўночнай Амерыкай і ЗША, якая з таго часу на захад ад Верхняга возера і ажно да праліва Георга ідзе раўнютка па 49 паралелі; і дазволіў брытанцам уключыць у склад калоніі Брытанскую Калумбію і востраў Ванкувер. У 1867 Вялікабрытанія выразіла намер набыць у Расіі і далучыць да Канады Аляску, аднак гэты ладны паўночны кавалак у тым жа годзе перахапілі ЗША, і, нягледзячы на тое, што заставалася правесці дэмаркацыю і вырашыць колькі пытанняў, сучасныя межы Канады былі акрэслены.

 
Эвалюцыя правінцый і тэрыторый Канады

1 ліпеня 1867 года прыняты пасля некалькіх канферэнцый Канадскі акт абвясціў стварэнне з трох правінцый — Канада, Новая Шатландыя і Нью-Брансуік — Канадскай канфедэрацыі. Пры гэтым правінцыя Канада зноў падзялілася — цяпер на Антарыа і Квебек. Новы дамініён з чатырох правінцый не ахопліваў і пятай часткі сучанай Канады, аднак паступова да яго прырошчваліся новыя землі. Неўзабаве былі далучаны зямля Руперта і Паўночна-Заходнія тэрыторыі. Паўстанне Рэд-Рывер вылілася ў стварэнне правінцыі Манітоба ў 1870 годзе. Праз год 1871 да Канады далучылася Брытанская Калубія, у 1873 — востраў Прынца Эдуарда. Цягам наступных трох дзесяцігоддзяў існуючыя правінцыі пашыраліся, а са складу Паўночна-Заходніх тэрыторый вылучаліся новыя правінцыі.

У 1871 — 1896 чвэрць насельніцтва Канады пераехала ў ЗША. Каб стымуляваць асваенне еўрапейскімі мігрантамі — на той час ужо стракатай шматэтнічнай групай — неабсяжнага і дзікага захаду, улады ініцыявалі будаўніцтва Канадскай Ціхаакіянскай чыгункі, што адкрыла перасяленцам шлях у прэрыі. У 1898 падчас залатой ліхаманкі на Кландайку была створана тэрыторыя Юкан. Альберта і Саскачэван сталі правінцыямі ў 1905.

Канада ў ХХ стагоддзіПравіць

Паколькі Вялікабрытанія згодна з актам 1867 працягвала кантраляваць знешнюю палітыку Канады, у 1914 краіна кляновых лісцяў была аўтаматычна ўцягнута ў Першую Сустветную вайну. Канадскія валанцёры, што паехалі на Заходні фронт, сталі асновай для фарміравання Канадскага корпуса, які праславіўся ў 1917 у бітве пры Вімі. Гэты ж год адзначыўся Крызісам вайсковага прызыву, калі тысячы канадцаў (асабліва, франка-), выйшлі на вуліцы, выказваючы нежаданне паміраць на палях Еўропы. З 625 000 канадцаў-удзельнікаў той вайны каля 60 000 загінулі, 172 000 былі паранены. Удзел у вайне пашырыў міжнародную ролю Канады, у прыватнасці, у 1919 яна нароўні з Вялікабрытаніяй стаяла ля вытокаў Лігі Нацый.

У 1931 Вэстмінстэрскі статут даў Канадзе шырокія правы, ператварыўшы яе ў дэ-факта незалежную дзяржаву. Вялікая дэпрэсія вельмі балюча адгукнулася канадскай эканоміцы. З іншага боку, крызіс паспрыяў стварэнню сістэмы ўсеагульнага сацыяльнага дабрабыту ў 1940-х — 1950-х (ініцыятарам і натхняльнікам выступіў палітык і святар Томі Дуглас, губернатар Саскачэвана).

 
Канадскі сцяг, што папярэднічаў "кляноваму"

10 верасня 1939 года Канада — праз 7 дзён пасля Вялікабрытаніі, каб падкрэсліць сваю незалежнасць — аб'явіла вайну фашысцкай Германіі. У саюзных аперацыях было задзейнічана каля мільёна канадцаў, з іх 42 000 загінулі, 55 000 атрымалі раненні. Канадцы паўдзельнічалі ў няўдалай бітве за Д'еп 1942 г., паспяховых вызваленні Італіі, высадцы ў Нармандыі і бітве за Нармандыю, бітве на Шэльдзе 1944 г. Падчас вайны Канада дала прытулак галандскай каралеўскай сям'і. За гэта і за ўдзел у вызваленні Нідэрландаў Галандыя шчодра адплаціла Канадзе крэдытамі і інвестыцыямі. Вайна прынесла Канадзе не толькі чалавечыя ахвяры, але і небывалы прамысловы бум.

 
Сімвалы Нунавута

У 1949, пасля двух складаных рэферэндумаў, да Канады ў якасці дзясятай правінцыі далучыўся Ньюфаўндленд. Пасляваенныя дзесяцігоддзі былі адзначаны эканамічнымі поспехамі, ростам сацыяльнага дабрабыту, узаемапаразуменнем нацый. Фарміраванне канадскай нацыянальнай свядомасці вылілася ў прыняцці ў 1965 годзе кляновага сцяга, увядзенні афіцыйнага двухмоўя ў 1969 і інстытуту мультыкультуралізму ў 1971. Былі рэалізаваны такія праграмы, як канадскі пенсійны план, праграма студэнцкага крэдытавання, праграма аховы здароўя. Зрэшты, некаторыя ўдзельнікі федэрацыі (напрыклад, Альберта) ад некаторых з іх адмаўляліся. З іншага боку, глыбокія эканамічныя і сацыяльныя ператварэнні ў Квебеку ("Ціхая рэвалюцыя") выклікалі рост франкаканадскага сепаратызму. Квебекскія нацыяналісты праводзілі акцыі, у тым ліку, тэрарыстычныя. Былі ініцыянаваны два рэверэндумы (1980 і 1995) і ў выніку другога з іх Квебек быў на самай мяжы (49,4 % за!) незалежнасці.[21] З таго часу хваля сепаратызму суцішылася.

Канстытуцыйны акт 1982 года аформіў поўную незалежнасць Канады. 1 красавіка 1999, з мэтай пашырыць аўтаномію эскімосаў, астравы Канадскага Арктычнага архіпелага і кавалак мацерыковага ўзбярэжжа Ледавітага акіяна былі выдзелены ў трэцюю тэрыторыю, што атрымала назву Нунавут (Наша зямля). У 1980-х — 1990-х Канада прайшла праз цяжкія выпрабаванні авіякрушнняў, тэрактаў, масавых забойстваў, канфліктаў з карэннымі жыхарамі. У 1990-х — 2010-х канадскія экспедыцыйныя сілы ўдзельнічаюць у аперацыях НАТА, такіх як Бура ў пустыні, вайна ў Югаславіі, баявыя дзеянні ў Іраку і Афганістане, змаганне супраць Ісламскай дзяржавы.

ЛітаратураПравіць

Зноскі

  1. Y-Chromosome Evidence for Differing Ancient Demographic Histories in the Americas (PDF). University College London 73:524–539 (2003). doi:10.1086/377588. Архівавана з першакрыніцы 21 жніўня 2011. Праверана 22 студзеня 2010.
  2. Cinq-Mars, J (2001). "On the significance of modified mammoth bones from eastern Beringia" (PDF). The World of Elephants – International Congress, Rome. http://web.archive.org/web/*/http://www.palanth.com/forum/upload_download/articles/cinqmars_elefanti_01.pdf. Retrieved on 2010-02-25. 
  3. Wright, JV A History of the Native People of Canada: Early and Middle Archaic Complexes. Canadian Museum of Civilization Corporation (27 верасня 2001). Архівавана з першакрыніцы 21 жніўня 2011. Праверана 19 кастрычніка 2009.
  4. Griebel, Ron The Bluefish Caves. Minnesota State University. Архівавана з першакрыніцы 13 лістапада 2003. Праверана 18 верасня 2009.
  5. Beringia: humans were here (re-published online by Canada.com). Gazette (Montreal). CanWest MediaWorks Publications Inc. (17 мая 2008). Архівавана з першакрыніцы 21 жніўня 2011. Праверана 18 верасня 2009.
  6. Cinq-Mars, Jacques Significance of the Bluefish Caves in Beringian Prehistory. Canadian Museum of Civilization (2001). Архівавана з першакрыніцы 21 жніўня 2011. Праверана 15 красавіка 2010.
  7. Dickason, Olive, ed (1995). The Native Imprint: The Contribution of First Peoples to Canada's Character. 1. Athabasca: Athabasca University Educational Enterprises. pp. 114–117. 
  8. Peter Turchin, Leonid Grinin, Andrey Korotayev, and Victor C. de Munck., ed (2006). History & Mathematics: Historical Dynamics and Development of Complex Societies. Moscow: KomKniga/URSS. ISBN 5484010020. http://edurss.ru/cgi-bin/db.pl?cp=&page=Book&id=53185&lang=en&blang=en&list=Found. 
  9. Thornton, Russell (2000). "Population history of Native North Americans". in Michael R. Haines, Richard Hall Steckel. A population history of North America. Cambridge: Cambridge University Press. p. 13. ISBN 0521496667. 
  10. «Handbook of North American Indians: Indians in contemporary society». Garrick Alan Bailey (2008). Government Printing Office. p.285. ISBN 0-16-080388-8
  11. Wilson, Donna M; Northcott, Herbert C (2008). Dying and Death in Canada. Toronto: University of Toronto Press. pp. 25–27. ISBN 9781551118734. http://books.google.com/?id=p_pMVs53mzQC&pg=PA25&dq&q=. Retrieved on 2010-06-20. 
  12. Civilization.ca-Gateway to Aboriginal Heritage-Culture. Canadian Museum of Civilization Corporation. Government of Canada (12 мая 2006). Архівавана з першакрыніцы 21 жніўня 2011. Праверана 18 верасня 2009.
  13. Inuit Circumpolar Council (Canada)-ICC Charter. Inuit Circumpolar Council > ICC Charter and By-laws > ICC Charter (2007). Архівавана з першакрыніцы 21 жніўня 2011. Праверана 18 верасня 2009.
  14. In the Kawaskimhon Aboriginal Moot Court Factum of the Federal Crown Canada (PDF). Faculty of Law. University of Manitoba (2007). Архівавана з першакрыніцы 25 чэрвеня 2008. Праверана 18 верасня 2009.
  15. What to Search: Topics-Canadian Genealogy Centre-Library and Archives Canada. Ethno-Cultural and Aboriginal Groups. Government of Canada (27 мая 2009). Архівавана з першакрыніцы 21 жніўня 2011. Праверана 2 кастрычніка 2009.
  16. Innu Culture 3. Innu-Inuit 'Warfare'. 1999, Adrian Tanner Department of Anthropology-Memorial University of Newfoundland. Архівавана з першакрыніцы 21 жніўня 2011. Праверана 5 кастрычніка 2009.
  17. Pálsson, Hermann (1965) (Digitized online by Google books). The Vinland sagas: the Norse discovery of America. Penguin Classics. p. 28. ISBN 0140441549. http://books.google.ca/books?id=m-4rb_GhQ5EC&lpg=PP1&dq=The%20Vinland%20sagas%3A%20the%20Norse%20discovery%20of%20America&pg=PA28#v=onepage&q&f=true. Retrieved on 2010-04-15. 
  18. Reeves, Arthur Middleton (2009) (Digitized online by Google books). The Norse Discovery of America. BiblioLife. p. 82. http://books.google.ca/books?id=HkoPUdPM3V8C&pg=PA7&dq=The+Norse+discoverers+of+America,+the+Wineland+sagas&hl=en&ei=to3HS_vvJoT7lwfnhNHFAQ&sa=X&oi=book_result&ct=result&resnum=6&ved=0CE8Q6AEwBQ#v=onepage&q&f=true. Retrieved on 2010-04-15. 
  19. John Cabot's voyage of 1498. Memorial University of Newfoundland (Newfoundland and Labrador Heritage) (2000). Архівавана з першакрыніцы 21 жніўня 2011. Праверана 12 красавіка 2010.
  20. The Portuguese Explorers. Memorial University of Newfoundland (2004). Архівавана з першакрыніцы 21 жніўня 2011. Праверана 27 чэрвеня 2010.
  21. https://books.google.by/books?id=JIuO9HmX_8QC&pg=PA112&redir_esc=y#v=onepage&q&f=false