Вайна ў Персідскім заліве (2 жніўня 1990 — 28 лютага 1991) — вайна паміж шматнацыянальнымі сіламі на чале з ЗША і Іракам за вызваленне і аднаўленне незалежнасці Кувейта. Канфлікт вядомы нябачаным раней у гісторыі размахам ужывання авіяўдараў, і, па меркаванні шматлікіх спецыялістаў, абазначыў новую эпоху ў ваенным мастацтве. Адзін з найболей вядомых ваенных канфліктаў другой паловы XX стагоддзя.
Пасля заканчэння вайны з Іранам Ірак перажываў цяжкі эканамічны крызіс. Каб хоць як палепшыць фінансавы стан краіны, урад Садама Хусейна запатрабаваў ад суседняга Кувейта кампенсацыі «страт» у 2,4 млрд долараў за незаконную здабычу нафты з радовішча Румайла; спісання запазычанасці па пазыках, атрыманых ад Кувейта падчас ірана-іракскай вайны (17 млрд дол.); саступкі або здачы ў арэнду астравоў Варба і Бубіян. Вядома, патрабаванні былі адхілены[6]. Тым часам у самім Іраку вылучылі тэорыю, што Кувейт з’яўляецца штучнай дзяржавай, якая заснаваная брытанскімі каланізатарамі на тэрыторыі іракскага ўзбярэжжа[4]. У Багдадзе пачалі падрыхтоўку да ўварвання, мяркуючы, што цяпер, таксама як і ў час вайны з Іранам, ЗША падтрымаюць іх альбо зоймуць нейтральную пазіцыю[7].
- 2 жніўня 1990 — пачалося ўварванне іракскай арміі ў Кувейт. Да канца дня Кувейт амаль цалкам акупаваны. Савет Бяспекі ААН асуджае ўварванне і патрабуе неадкладнага адводу іракскіх войскаў[8].
- 6 жніўня — Савет Бяспекі ААН ўводзіць гандлёвае эмбарга супраць Ірака ў адказ на акупацыю Кувейта.
- 7 жніўня — УС ЗША пачынаюць аперацыю «Шчыт пустыні» для абароны Саудаўскай Аравіі ад магчымага іракскага ўварвання.
- 8 жніўня — Садам Хусейн аб’яўляе аб анексіі Кувейта.
- 12 жніўня — ВМС ЗША пачынаюць марскую блакаду краіны.
- 14 верасня — Вялікабрытанія і Францыя абвяшчаюць аб адпраўцы сваіх войскаў у Саудаўскую Аравію.
- 29 лістапада — прыняцце рэзалюцыі СБ ААН 678, якая дае Іраку тэрмін да 15 студзеня для вываду сваіх войскаў з Кувейта. У адваротным выпадку сілы шматнацыянальная кааліцыі атрымліваюць права «выкарыстаць усе неабходныя сродкі» для спынення акупацыі Кувейта.
- 9 студзеня — перамовы ў Жэневе паміж дзаржсакратаром ЗША Джэймсам Бэйкерам і міністрам замежных спраў Ірака Тарыка Азіза сканчаюцца безвынікова.
Іракская прапаганда падавала вайну як «аказанне дапамогі народу, які паўстаў супраць кувейцкага рэжыму», і вяртанне «спрадвечна іракскіх зямель, адабраных брытанскімі каланізатарамі»[9]. У Багдадзе абапіраліся на той факт, што раней кувейцкая тэрыторыя з’яўлялася часткай Асманскага Ірака, але пазней англічане адабралі рэгіён у асманаў[10]. Прапаганда ў ЗША, абапіраючыся на негатыўны інфармацыйны вопыт вайны ў В’етнаме, увяла жорсткі кантроль над сродкамі масавай інфармацыі, якія асвятлялі гэтыя падзеі, выкарыстоўваючы канфлікт як своеасаблівую піяр-кампанію[11].
Пасля вайны С. Хусейн яшчэ застаўся пры ўладзе, здушыў паўстанне курдаў на поўначы і шыітаў на поўдні. Войскі кааліцыі працягвалі ажыццяўляць патруляванне Ірака, між тым як іракскі лідар імкнуўся вызваліцца ад кантролю замежных войскаў. Новы віток ваеннага канфлікту, які прывёў да звяржэння Садама Хусейна і акупацыі краіны, адбыўся ў 2003 годзе[4].
Зноскі