Адкрыць галоўнае меню

Згуртаванне беларусаў Канады

Згуртаванне беларусаў Канады — арганізацыя беларускай дыяспары Канады. Заснавана 28 лістапада 1948 у Таронта 14-ю беларусамі, ініцыятарам і кіраўніком гэтай групы быў Кастусь Акула.

ГісторыяПравіць

У сакавіку 1949 праз ЗБК было арганізавана святкавання Дня волі (25.3), а 28 мая 1949 у Таронта адбыўся 1-ы Агульны з'езд ЗБК, старшынёй Галоўнай управы ЗБК прызначаны Кастусь Акула. Былі заснаваныя аддзелы ЗБК у Таронта, Гамільтане, Лондане, Атаве, Садбуры і Манрэалі. На 4-м Агульным з'ездзе ЗБК (май 1952) большасць сяброў ЗБК выказала падтрымку Радзе і Ураду БНР і БАПЦ, меншая частка, якая выказвалася за апалітычнасць ЗБК, у выніку пакінула з'езд і заснавала Беларускае нацыянальнае аб'яднанне (БНА), а пры ім царкву Еўфрасінні Полацкай.

У 1951 пры ўніверсітэце Таронта дзякуючы ЗБК створаны лектарат беларусазнаўства (праіснаваў да 1953 года, калі яго лектар Вінцэнта Жук-Грышкевіча пераехаў у Мюнхен для працы ў беларускай рэдакцыі Радыё «Вызваленне» (цяпер Радыё «Свабода»). У 1952 праз ЗБК арганізаваная 1-я Сустрэча беларусаў Паўночнай Амерыкі, у тым жа годзе сябра ЗБК В. Жук-Грышкевіч рэпрэзентаваў беларусаў на «Пакс Романа», што адбываўся ў Таронта і Квебек-сіці. У 1953 годзе намаганнямі Вінцэнта Жук-Грышкевіча заснавана каса самапомачы — Belorussian (Toronto) Credit Union Ltd. Улетку 1954 ЗБК набыла дом на Дандас-стрыт, дзе БАПЦ адкрыла царкву Св. Кірылы Тураўскага. Але гэты дом мала адпавядаў патрэбам ЗБК, таму ў 1959 годзе быў прададзены (~10 млн. канадскіх дол.), і за сумесныя з БАПЦ грошы куплены будынак на Сант-Кларэнс авеню, 524, дзе быў створаны Беларускі рэлігійна-грамадскі цэнтр у Таронта. Пры старшыні ЗБК Антоне Маркевічу (2-я пал. 1950-х) ЗБК праз Таронтаўскае радыё арганізавала беларускія перадачы. ЗБК адзначаліся ўсе значныя для беларусаў і Беларусі святы і ўгодкі: Дзень беларускага друку, ладзіліся выстаўкі, імпрэзы і чытанні, у т.л. у супрацоўніцтве з іншымі беларускімі арганізацыямі Паўночнай Амерыкі, напрыклад з Беларускім інстытутам навукі і мастацтва ў Нью-Ёрку.

У студзені 1966 года заснаваны Каардынацыйны камітэт беларусаў Канады (ККБК), заснавальнікамі яго былі: Беларуская самапомач у Атаве, БНА, ЗБК, а ў 1967 далучыліся Беларускі інстытут навукі і мастацтва ў Канадзе і Саюз моладзі Канады, а ў 1980 годзе Згуртаванне беларусаў у правінцыі Квебек.

У 1967 В. Жук-Грышкевіч прыняў удзел у 2-й Канферэнцыі славян Канады, якая адбывалася пры ўніверсітэце Атавы, з дакладам "Беларусы і канадская статыстыка ў якім даводзіў, што беларусаў у Канадзе больш за 50 тысяч і яны мусяць быць адзначаны ў дзяржаўнай статыстыцы. Пасля гэтай канферэнцыі ў супрацоўніцтве з Беларускім інстытутам навукі і мастацтва ў Нью-Ёрку быў створаны Беларускі інстытут навукі і мастацтва ў Канадзе.

У 1960-я ЗБК удзельнічала ў грамадскім абмеркаванні дзяржаўнай моўнай палітыкі распачатым урадам Канады праз Камісію білінгвізму, ад ЗБК прадстаўлены былі два ліста — адзін ад магістра Алеся Грыцука, другі ад доктара Барыса Рагулі. У выніку камісія вырашыла, што Канада краіна двухмоўная і двухкультурная, але гэта было непрымальна для грамадзян Канады розных іншых этнічных прыналежнасцей, якія складалі тады каля 40 % насельніцтва Канады. Тады ў снежні 1968 года пад кіраўніцтвам сенатара Паўла Юзыка ў Таронта адбылася «Thinkers' Conference» па справе прававога стану культур этнічных груп. На гэтай канферэнцыі беларусаў прэзентаваў В. Жук-Грышкевіч. Канферэнцыя вынесла рэзалюцыю, каб дамагацца прызнання Канады краінай двухмоўнай, але шматкультурнай. У выніку ў 1971 годзе ў Канадзе абвешчана палітыка шматкультурнасці, а ў 1973 годзе створана Кансультатыўная рада па справах шматкультурнасці, якая складалася са 100 асоб — прадстаўнікоў розных этнічных груп Канады, якія ўсе былі прызначаныя ўрадам Канады, ад беларусаў была прызначаная Раіса Жук-Грышкевіч (займала пасаду 7 гадоў). Этнічныя арганізацыі былі незадаволены, што сябры Кансультатыўнай рады па справах шматкультурнасці былі прызначаныя ўрадам, без узгаднення з этнічнымі арганізацыямі, таму ў 1980 у Атаве заснаваная грамадская арганізацыя — Canadian Ethnocultural Council — CEC, што складалася з 36 этнічных арганізацый. У арганізацыі СЕС — Канадскай этнакультурнай рады ад ККБК бралі ўдзел Янка і Івонка Сурвілы, ККБК дагэтуль сябр-заснавальнік СЕС. З часам СЕС замяніла Кансультатыўная рада па справах шматкультурнасці (СССМ).

У сакавіку 1989 ЗБК праз ККБК арганізаваная 1-я Канферэнцыя прадстаўнікоў беларускага грамадства Канады, а таксама Канадскага фонду дапамогі ахвярам Чарнобыля ў Беларусі (арганізатар і старшыня Фонду — Івонка Сурвіла). На ўгодкі Чарнобыльскай катастрофы ў красавіку 1990 канадскія ўкраінцы арганізавалі масавую жалобную дэманстрацыю, узяць удзел у якой запрасілі і ККБК, ў часе дэманстрацыі старшыня ККБК выступіў з дакладам «Aftermath of Chernobyl in Belarus».

У 1991 ККБК арганізаваў 2-ю Канферэнцыю прадстаўнікоў беларускай абшчыны Канады, атрымаў на яе, як і на папярэднюю дзяржаўны грант. У 1993 годзе ЗБК, як сябра ЗБС «Бацькаўшчына», пад кіраўніцтвам Міколы Ганька арганізавала групавую паездку ў Мінск на 1-ы З'езд беларусаў свету. На гэтым З'ездзе выступалі з прывітальнымі прамовамі Старшыні ЗБК і ККБК, яны былі абраныя ў Вялікую раду ЗБС «Бацькаўшчына». У маі 1995 на 2-м Кангрэсе міжнароднай асацыяцыі беларусістаў у Мінску як дэлегат прыняла ўдзел Раіса Жук-Грышкевіч з дакладам «Роля беларускай эміграцыі ў Канадзе». У 1996 ЗБК дала даклад на іншую канферэнцыю ў Мінску, арганізаваную ЗБС «Бацькаўшчына» — «Культура беларускага замежжа — Канада».

Гл. таксамаПравіць

ЛітаратураПравіць

  • Жук-Грышкевіч Р. Гісторыя Згуртаваньня Беларусаў Канады // Гісторыя

СпасылкіПравіць