Археологическая карта Могилевской губернии
«Археологическая карта Могилевской губернии» (бел.: Археалагічная карта Магілёўскай губерні) — адна з асноўных прац Е. Р. Раманава ў галіне археалогіі. Падрыхтоўка яе пачалася каля 1884 г. Паводле пастановы Віленскага аддзялення папярэдняга камітэта IX археалагічнага з'езда карту планавалася надрукаваць на працягу 2 гадоў да пачатку з'езда (1893). Выданне не адбылося з-за недастатковасці звестак (былі толькі пра курганы і гарадзішчы) і пратэрміноўкі адказаў на разасланыя лісты (апошні дасланы ў 1897 г.). У дапрацаваны варыянт карты Е. Р. Раманаў уключыў падрабязныя звесткі пра месцазнаходжанні шматлікіх прылад працы каменнага веку, каменныя крыжы з надпісамі і без іх, камяні-следавікі з выявамі крыжоў, месяца, падковы і пісталета (мяст. Хальч), язычніцкага ідала ў выглядзе 4-кантовага каменнага слупа з высечанай наверсе галавой (в. Пярэспа Сенненскага павета), крыж з літарамі IC XC/XЪ і надпісам «БАРИСЪ БАИСЬЪ» (мяст. Раманава), «замкавішчы», палі пахаванняў, ахапіўшы практычна ўсе катэгорыі археалагічных помнікаў губерні. Вучоны пералічыў віды курганных пахаванняў (у мацерыку, на мацерыку, у насыпе, у труне і без яе, трупаспаленне па-за межамі кургана, у кургане, са зброяй, курганы-кенатафы, парныя курганы, злучаныя невялікімі валамі). Асаблівасцю могільнікаў Магілёўшчыны Е. Р. Раманаў лічыў наяўнасць у адных і тых жа могільніках розных відаў пахаванняў. Ім зафіксавана 9506 курганных насыпаў (у 1885 — 1888 гг. раскапаў 39 курганоў), атрыманы звесткі пра 245 гарадзішчаў. Е. Р. Раманаў зазначаў, што насельніцтва на поўначы Магілёўскай губерні называла курганы «капцамі», на поўдні — «валатоўкамі», на усходзе — «курганамі». Да карты былі напісаны фізіка-геаграфічны і гістарычны нарысы. Выдадзены толькі «Археологический очерк Гомельского уезда (Могилевской губерни)» і фізіка-геаграфічны нарыс губерні (Вільня, 1910). Усе рукапісныя матэрыялы, апытальныя лісты захоўваюцца ў Цэнтральным дзяржаўным гістарычным архіве Украіны ў Львове .
Археалагічная карта Магілёўскай губерні | |
---|---|
Археологическая карта Могилевской губернии | |
Жанр | Навуковае выданне |
Аўтар | Е. Р. Раманаў |
Мова арыгінала | руская |
Дата напісання | 1884 — 1893(?) |
Асобнае выданне | 1910 (часткова) |
Публікацыя
правіць- Археологический очерк Гомельского уезда (Могилевской губернии) / Издание Северо-Западного Отдела Императорского Русского Географического Общества. — Вильна: [б. и.], 1910. — 32 с.
Літаратура
правіць- Каханоўскі, Г. Львоўскае рэха // Полымя. — 1971. — № 11. — С.
- Рассадзін, С. Я., Ткачоў, М. А. «Археалагічная карта Магілёўскай губерніі» / С. Я. Рассадзін, М. А. Ткачоў // Археалогія і нумізматыка Беларусі: Энцыклапедыя / Беларуская Энцыклапедыя; Рэдкал.: В. В. Гетаў і інш. — Мн.: «Беларуская Энцыклапедыя» імя П. Броўкі, 1993. — 702 с. — С. 46 — 47. — ISBN 5-85700-077-7.
- Рассадзін, С. Я., Ткачоў, М. А. «Археалагічная карта Магілёўскай губерніі» / С. Я. Рассадзін, М. А. Ткачоў // Археалогія Беларусі: энцыклапедыя: у 2 т. / [склад. Ю. У. Каласоўскі; рэдкалегія: Т. У. Бялова (гал. рэд.) і інш.]. Т. 1: А ― К. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя імя П. Броўкі, 2009. — 492, [1] c. — С. 45. — ISBN 978-985-11-0353-5.
- Рассадин, С. Е. Неизданная книга: (Е. Р. Романова «Археологическая карта Могилевской губернии») // История книги, книжного дела и библиографии в Белоруссии: (Сб. науч. ст.) / АН БССР, ЦНБ им. Якуба Коласа. — Мн.: ЦНБ АН БССР, 1986. — 189 с.