Асочнікі
Асочнікі — сяляне-слугі ў Вялікага Княства Літоўскага XIV—XVIII стст., галоўным абавязкам якіх была ахова пушчаў вялікага князя ці буйных феадалаў, нагляд за звярынымі пераходамі і логавішчамі, падрыхтоўка палявання і ўдзел у ім, нарыхтоўка да панскага двара пэўнай колькасці дзічыны. Вядомыя з XIV ст., жылі звычайна каля пушчаў у асобных вёсках ці на хутарах, вызваляліся ад паншчыны і грашовых падаткаў, удзельнічалі ў ваенных паходах. Паводле «Уставы на валокі» (1557) за службу атрымлівалі дзве валокі зямлі, якія не абкладаліся падаткамі. З заняпадам паляўніцтва, масавай высечкай лесу, развіццем лясных промыслаў і фальваркавай гаспадаркі эканамічнае становішча асочнікаў пагоршала. Колькасць іх скарацілася, зямельныя надзелы зменшыліся спачатку да 1, а паводле «Ардынацыі каралеўскіх пушчаў у лясніцтвах былога ВКЛ» (1641) да 0,5 валокі. У XVIII стст. змяніліся абавязкі асочнікаў: іх паступова пераводзілі на чынш, за зямельны надзел яны павінны былі выплачваць дзякло, ахоўваць лясы, рамантаваць дарогі і масты ў пушчах, перавозіць пошту, вырабляць драўнінны вугаль, дзёгаць, паташ і інш.