Сяляне-слугі
Сяляне-слугі — тэрмін у савецкай гістарыяграфіі, пад якім абазначалася катэгорыя насельніцтва у Вялікім Княстве Літоўскім у XV—XVIII стст., асноўнай павіннасцю якіх было выкананне спецыяльных службаў — вайсковай і тых, якія патрабавалі большай кваліфікацыі, чым службы даннікаў, цяглых сялян і чыншавых сялян. Гістарычна гэтыя людзі маглі менавацца служэбнымі людзьмі[1]. Да служэбных людзей належалі вайсковыя людзі : панцырныя баяры і путныя баяры (слугі вайсковыя, лат. servitores expeditionarii) , выбранцы, і інш., адміністрацыйна-гаспадарчыя службовыя асобы (гіст. «чэлядзь дворная» — старцы, войты, цівуны, гуменнікі, падвойскія, дзесятнікі і інш.), прадстаўнікі дворных службаў (кухары, конюхі і інш.), прамыславікі (асочнікі, баброўнікі, рыбаловы, стральцы і інш.), вясковыя рамеснікі (кавалі, цесляры, ганчары, калеснікі, кушняры і інш.). Служэбныя людзі былі ў дзяржаўных, прыватных і царкоўных уладаннях.
Да 1-й паловы XVI ст. яны часта жылі цэлымі вёскамі. Зыходзячы са спецыфічнасці павіннасцей, мелі больш высокі сацыяльны статус, чым цяглыя і чыншавыя сяляне. Гэта выяўлялася ў большай набліжанасці да пануючага класа — шляхты, у большых памерах штрафаў за злачынствы супраць служылага насельніцтва. Так, у Статуце ВКЛ 1588 вызначаны наступныя памеры галоўшчыны: за забойства панцырнага слугі — 60 коп грошаў, путнага слугі — 50 коп, цівуна, войта, бортніка — 40 коп, рамесніка, псяра — 30 коп, у той час як за цяглага чалавека — 25 коп грошаў (у 1638 памер галоўшчыны ўраўнаваны для ўсіх катэгорый сялян). Службовыя абавязкі некаторых катэгорый слуг (путных баяр, стральцоў, цівуноў і інш.) маглі выконваць шляхціцы. Служэбныя людзі мелі такое ж права пераходу, як і інш. сяляне, маглі быць як з людзей пахожых, так і з людзей непахожых. Пытанні пра змену іх становішча (замена аб’ёму павіннасцей, перавод у стан ці са стану сялян-слуг) канчаткова вырашаў уласнік уладання.
Павіннасці г.зв. сялян-слуг насілі комплексны характар, у іх уваходзіла асноўная служба і дадатковыя. Слугі, што выконвалі спецыяльную службу, поўнасцю ці часткова вызваляліся ад іншых сялянскіх павіннасцей. Пэўная служба спаганялася з вызначанага памеру зямельнага надзелу, калі сяляне-слугі мелі больш зямлі, то ў асноўным за лішак яны плацілі толькі чынш; калі ж зямельны надзел быў недастатковы, то прапарцыянальна змяншаўся аб’ём павіннасцей. Пасля валочнай памеры служба сялян-слуг стала спаганяцца з валок. У дзяржаўных уладаннях служба, выконваць якую патрабавался конна (путныя баяры, служкі, стральцы, асочнікі, войты), спаганялася з 2 валок, а іншыя службы — з 1 валокі; сяляне-слугі былі абавязаны несці толькі службу. У прыватных уладаннях сяляне часта сумяшчалі асноўную павіннасць з адработачнымі і натуральнымі. Яны карысталіся выганамі, снажацямі, борцямі, прыёмнымі землямі і інш. у асноўным на роўных умовах з іншымі сялянамі. Плацілі дзяржаўныя падаткі (сярэбшчыну, падымнае і інш.), адказвалі разам з іншымі сялянамі за эксплуатацыю аб’ектаў агульнага карыстання (грэбляў, мастоў і інш.). Агульнай тэндэнцыяй у павінасным становішчы сялян-слуг было імкненне ўласнікаў абысціся іх меншай колькасцю, а на існуючых накласці дадатковыя павіннасці ці зменшыць памер «вольнага» зямельнага надзелу (з якога ішла служба). У XVI—1-й палове XVII стст. гэта выяўлялася ў пераводзе непатрэбных сялян-слуг на чынш (асабліва рамеснікаў), а радзей на паншчыну. У гэты і наступны час сяляне-слугі ў большай меры захавалі свой стан у буйных уладаннях.
На працягу XVII—XVIII ст. значная частка былых вайсковых слуг прыватных уладанняў (баяры панцырныя і путныя) увайшлі ў склад зямян з абавязкам коннай вайсковай службы, або на ўмовах выплаты за зямлю грашовай паконьшчыны. Некаторыя захавалі назву «баяры» і трымалі землі на чыншу, а таксама вазілі лісты, давалі падводы і здавалі палавіны мёд на карысць двара, іншыя былі пераведзены на асаду, або звычайны чынш. Пэўная частка зямян і баяр да канца XVIII ст. увайшла ў мясцовае дробнашляхецкае асяроддзе, а іх нашчадкі ў часы Расійскай імперыі рабілі вывад шляхецтва.
З канца XVI ст. і асабліва ў 2-й палове XVII ст. характэрна змяншэнне «вольнага» зямельнага надзелу, а з пачаткам XVIII ст. сама служба сялян-слуг стала абцяжарвацца новымі павіннасцямі (пераважна адработачнымі). пры гэтым сяляне-слугі прыватных уладанняў захавалі на больш працяглы час «вольныя» надзелы, хоць іх колькасць і тут змяншалася. Для абароны свайго становішча сяляне-слугі выкарыстоўвалі скаргі на новаўвядзенні адміністрацыі ці арандатараў, дамагаліся надання ім пацвярджальных грамат пра іх павіннасці, адмаўляліся выконваць нетрадыцыйныя павіннасці. Такія сродкі барацьбы былі больш эфектыўнымі ў дзяржаўных уладаннях.
З далучэннем у канцы XVIII ст. беларускіх зямель да Расійскай імперыі сяляне-слугі перасталі лічыцца асобнай сацыяльнай групай, і ў афіцыйных дакументах іх адносілі да іншых разрадаў сялян (вольных, паўцяглых і інш.), хоць у інвентарах уладанняў яны згадваюцца. У 1-й палове XIX ст. рамеснікі, якія жылі з рамяства, плацілі чынш і ператварыліся ў чыншавых сялян; прамыславікі станавіліся цяглымі ці чыншавымі сялянамі, а іх функцыі мог выконваць любы падданы ўладаеея ці прышлы чалавек.
Зноскі
- ↑ Литов. Метр., кн. Запис. IX, л. 141—142
Літаратура
правіць- Доўнар, А. Сяляне-слугі / Аляксандр Доўнар // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя: У 2 тамах / Рэдкалегія: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) [і інш.]; Навук. кансультанты: Я. К. Анішчанка [і інш.]. Т. 2: К—Я. — 2-е выд. — Мн.: Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 2007. — С.
- Доўнар, А. Б. Сяляне-слугі Беларусі другой паловы XVI — сярэдзіны XVIII ст. / А. Б. Доўнар; НАН Беларусі, Ін-т гісторыі; Навук. рэд. П. А. Лойка. — Мн.: Беларуская навука, 2007. — 193 с. — ISBN 978-985-08-0883-7.