Статут Вялікага Княства Літоўскага 1588

звод законаў феадальнага права

Статут Вялікага Княства Літоўскага 1588, таксама Трэці статут Вялікага Княства Літоўскага — звод законаў феадальнага права. Статут закончыў кадыфікацыю права ў Вялікім Княстве Літоўскім.

Першы аркуш Статута (1588) выдання друкарні Мамонічаў

Гісторыя падрыхтоўкі правіць

Пасля таго як быў прыняты Статут Вялікага Княства Літоўскага 1566, кадыфікацыйная работа не спынілася. Ужо на Берасцейскім сойме 1566 года было папраўлена некалькі артыкулаў. Праз два гады Гарадзенскі сойм унёс папраўкі ў некаторыя артыкулы і стварыў камісію для дапрацоўкі Статута. Камісія для выпраўлення Статута была выбрана і на Люблінскім сойме 1569 года. Крыніцы для распрацоўкі Статута 1588 — Статуты ВКЛ 1529 і 1566, соймавыя пастановы 1573, 1578 (гл. Паправы статутовыя 1578), 1580 і 1584, прывілеі, пастановы павятовых соймікаў. Да канца 1584 года работа над Статутам была скончана, але ў сувязі з тым, што ён ігнараваў акт Люблінскай уніі 1569 года, прадстаўнікі Польшчы не дапускалі яго зацвярджэння на агульным сойме Рэчы Паспалітай. Каб захаваць велікакняжацкі трон, Жыгімонт Ваза зацвердзіў Статут сваім прывілеем 28 студзеня 1588 года.

Змест і структура правіць

Трэці статут Вялікага Княства Літоўскага падрыхтаваны на высокім тэарэтычным узроўні кваліфікаванымі прававедамі пад кіраўніцтвам канцлера ВКЛ Астафія Валовіча і падканцлера Льва Сапегі. У Статут увайшлі нормы дзяржаўнага (канстытуцыйнага) права, чаго на той час не было ў заканадаўчай практыцы іншых еўрапейскіх дзяржаў. Ён абагульніў тагачасныя дзяржаўна-прававыя ідэі, некаторыя з іх былі новымі для таго часу. У Статуце знайшла адлюстраванне тэорыя падзелу ўлад на заканадаўчую (сойм), выканаўчую (вялікі князь, адміністрацыйны апарат) і судовую (Трыбунал ВКЛ, земскія і падкаморскія суды, выбарныя і незалежныя ад адміністрацыі).

Статут мае 14 раздзелаў і 488 артыкулаў. У 1—4-м раздзелах змешчаны нормы дзяржаўнага права і судовага ладу, у 5—10-м і часткова ў 13-м — шлюбна-сямейнага, зямельнага і цывільнага права, у 11—12, 14-м і часткова ў 13-м — крымінальнага і крымінальна-працэсуальнага права. Ідэі Рэфармацыі і верацярпімасці замацаваны ў арт. 3-м раздзела 3-га, паводле якога вялікаму князю і ўсім дзяржаўным органам прадпісана забяспечваць спакой усіх жыхароў дзяржавы, незалежна ад таго, якога вучэння яны прытрымліваюцца ў хрысціянскім веравызнанні. Ідэі гуманізму адбіліся і на нормах крымінальнага, цывільнага права. Так, у пэўнай ступені гарантаваліся маёмасныя і асабістыя правы мяшчан. Кожны вольны чалавек мог пры жаданні выехаць за мяжу, калі гэта рабілася не на шкоду сваёй краіне. Статут юрыдычна замацоўваў тыя фактычныя адносіны, якія склаліся паміж ВКЛ і Польшчай пасля 1569 года, але абавязаў урад вярнуць адлучаныя ад княства землі, забараняў назначаць на дзяржаўныя пасады і надзяляць зямлёй «чужаземцаў і загранічнікаў», у тым ліку і падданых Польшчы, захаваў адасобленасць дзяржаўных устаноў, арміі, заканадаўства, эканомікі і фінансаў ВКЛ. Уладаром дзяржавы прызнаваўся вялікі князь, названы ў Статуце гаспадаром. Але многія яго паўнамоцтвы былі абмежаваны, і выконваць іх ён мог толькі са згоды сойма, вышэйшых дзяржаўных службовых асоб. Статут замацоўваў наяўнасць феадалаў і залежных сялян. Асабліва былі вылучаны князі, паны радныя і паны харугоўныя, якія мелі права судзіць не толькі простых людзей, але і залежную ад іх шляхту, даваць ёй у часовае карыстанне землі, маёнткі, а таксама адбіраць гэтыя маёнткі, нягледзячы на даўнасць уладання імі (раздзел 3, арт. 30). Статут рэгламентаваў таксама некаторыя правы і абавязкі простых людзей і прадстаўнікоў этнічных груп (сялян, слуг, чэлядзі, мяшчан, рамеснікаў, яўрэяў, татараў). Ён абараняў інтарэсы буйных і сярэдніх феадалаў і ўзмацняў іх прывілеяванае становішча, канчаткова запрыгоніў сялян. Для шляхты Статут прадугледжваў крымінальную адказнасць за забойства простага чалавека, забараняў перадачу ў няволю вольнага чалавека за даўгі або злачынства, абмяжоўваў пакаранне непаўналетніх да 16 гадоў. Хоць Статут дэклараваў, што ўсе простыя людзі разам з феадаламі ўдзельнічаюць у выбранні гаспадара (раздзел 3, арт. 2), аднак простых людзей не дапускалі ў сойм, а іх удзел у палітычным жыцці абмяжоўваўся выключна мясцовымі валаснымі справамі.

Выкарыстанне правіць

Статут дзейнічаў у ВКЛ з 1589, а пасля далучэння зямель ВКЛ да Расійскай імперыі — у Віцебскай і Магілёўскай губернях да 1831, у Віленскай, Гродзенскай, Мінскай, Кіеўскай, Падольскай і Валынскай губернях дзейнічаў да 1840 года.

Статут ВКЛ 1588 выкарыстоўваўся пры кадыфікацыі ў канцы XVI ст. прускага права, складанні Саборнага ўлажэння 1649 ў Расіі, афіцыйна не зацверджаных зборнікаў «Права за якими судится малороссийский народ» (другая чвэрць XVIII ст.), «Суд и разправка в правах малороссийских» (1750—1758). У заканадаўстве і судах Польшчы, Латвіі, Эстоніі ўжываўся як дадатковая крыніца права. Статут 1588, пераважна ў рэдакцыі 1614, быў галоўным пісьмовым зводам дзеючага права на Украіне. У XVII—XIX стст. перакладзены на рускую, украінскую, нямецкую, французскую, лацінскую мовы.

Публікацыі правіць

Статут упершыню надрукаваны на беларускай мове ў 1588 у віленскай друкарні Мамонічаў пад наглядам падканцлера Сапегі. Выданне яго двойчы паўторана (каля 1592—93 і каля 1600) з выхадной датай «1588». У 1614, 1619 і каля 1623 (з датай «1619») Л. Мамоніч выдаў Статут на польскай мове. У 1648 Статут на польскай мове надрукаваў у Варшаве каралеўскі друкар П. Элерт. Наступныя польскамоўныя выданні выйшлі ў Акадэмічнай друкарні ў Вільні ў 1693, 1744, 1786 і ў друкарні А. Марціноўскага ў 1819. У 1811 Статут у перакладзе на польскую і рускую мову выдадзены ў Санкт-Пецярбургу, у 1854 — у Маскве на беларускай мове.

Комплекснае выданне, прысвечанае Статуту Вялікага Княства Літоўскага 1588, з нагоды яго 400-годдзя было падрыхтавана выдавецтвам «Беларуская Энцыклапедыя» ў 1989. Яно стала першай на Беларусі поўнай публікацыяй Статута. Выданне ўключае: нарыс «Сацыяльна-гістарычныя ўмовы ўзнікнення Статута Вялікага Княства Літоўскага 1588 г.», дзе раскрыты ўмовы, пры якіх адбывалася падрыхтоўка і ўвядзенне ў дзеянне Статута; факсімільнае ўзнаўленне тэксту Статута, яго арыгінальны тэкст і пераклад на рускую мову; энцыклапедычны даведнік з 820 артыкулаў; паартыкульны каментарый; тэрміналагічны і імянны паказальнікі. Асноўная частка матэрыялаў даведніка — артыкулы пра тагачасныя адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел ВКЛ, катэгорыі насельніцтва, саслоўі, службовых асоб і пасады, судовы лад; віды злачынстваў і правапарушэнняў, меры пакарання і ўздзеяння за іх; грашовую сістэму, адзінкі вымярэння і інш. Змешчаны артыкулы пра крыніцы Статута і іншыя прававыя акты і дакументы XV—XVI стст., пра гісторыю падрыхтоўкі і выдання Статута, яго паліграфічныя і мастацкія асаблівасці. Шэраг артыкулаў прысвечаны выкарыстанню, збераганню і гісторыі даследавання Статута. У каментарыях разглядаецца прававая сутнасць і гісторыя распрацоўкі кожнай з уключаных у яго норм.

Літаратура правіць