Язэп Аляксандравіч Юхо
Язэп Аляксандравіч Юхо (19 сакавіка 1921, Пінск — 29 ліпеня 2004, Мінск) — беларускі гісторык права, доктар юрыдычных навук (1980), прафесар кафедры тэорыі і гісторыі дзяржавы і права юрыдычнага факультэта БДУ (1983), заснавальнік першай навуковай школы дзяржавы і права Беларусі, сябар Вялікай Рады міжнароднага грамадскага аб’яднання ЗБС «Бацькаўшчына».
Язэп Аляксандравіч Юхо | |
---|---|
Дата нараджэння | 19 сакавіка 1921 |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 29 ліпеня 2004 (83 гады) |
Месца смерці | |
Грамадзянства | |
Род дзейнасці | гісторык |
Месца працы | |
Навуковая ступень | доктар юрыдычных навук |
Альма-матар | |
Вядомыя вучні | Таісія Іванаўна Доўнар |
Узнагароды |
БіяграфіяПравіць
Вучыўся ў Беларускім палітэхнічным інстытуце (1938—1939), потым прызваны ў армію, скончыў Горкаўскае вучылішча зянітнай артылерыі (1941).
Падчас вайны: камандзір агнявога ўзводу (пад Масквой, 1941), намеснік камандзіра зянітнай гарматы і начальнік артылерыі стралковага палка на Паўднёвым і Заходнім франтах. Двойчы цяжка паранены. З 3-м Беларускім фронтам вызваляў Віцебск, Полацк, ваяваў ва Усходняй Прусіі. Скончыў вайну ў званні маёра. Узнагароджаны ордэнамі «Чырвонай Зоркі», «Айчыннай вайны» 1-й ступені, медалямі. У 1946 годзе звольніўся з арміі.
Скончыў Мінскі юрыдычны інстытут (1949), аспірантуру Інстытуту філасофіі і права АН БССР (1954).
Працаваў народным суддзёй Варашылаўскага раёна г. Мінску, навуковым супрацоўнікам Інстытута філасофіі і права АН БССР (1952), дацэнтам кафедры грамадзянскага і грамадзянска-працэсуальнага права юрыдычнага факультэта БДУ (1956), загадчыкам кафедры тэорыі і гісторыі дзяржавы і права БДУ, намеснікам дэкана юрыдычнага факультэта БДУ. Намеснік старшыні юрыдычнай камісіі пры Савеце Міністраў БССР (1960—1964).
Удзельнічаў у падрыхтоўцы праекту Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь 1994 года.
У навуцыПравіць
Аўтар больш за 200 навуковых прац. Кандыдацкая дысертацыя на тэму «Устанаўленне Савецкай улады ў Заходняй Беларусі ў 1939 г.» (Інстытут дзяржавы і права АН СССР, 1954). Доктарская дысертацыя на тэму «Грамадска-палітычны лад і права Беларусі ў XVI ст.» (Кіеўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Т. Шаўчэнкі, 1980).
Адзін з ініцыятараў перавыдання Статута ВКЛ 1588 года, адзін з аўтараў перакладу, каментароў і даведніка.
Суаўтар першага «Юрыдычнага энцыклапедычнага даведніка» на беларускай мове. Аўтар вядомых дапаможнікаў «Гісторыя дзяржавы і права Беларусі» і «Кароткі нарыс па гісторыі дзяржавы і права Беларусі».
Зноскі
ЛітаратураПравіць
- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 18. Кн. 1: Дадатак: Шчытнікі — Яя / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2004. — Т. 18. Кн. 1. — С. 222—223. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0295-4 (т. 18. Кн. 1).
- Юхо Іосіф (Язэп) Аляксандравіч // Беларусь: энцыклапедычны даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. М. В. Драко, А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн, 1995. — С. 784. — 800 с. — 5 000 экз. — ISBN 985-11-0026-9.