Статут Вялікага Княства Літоўскага 1566

Статут Вялікага Княства Літоўскага 1566 года або Другі статут Вялікага Княства Літоўскага — звод законаў феадальнага права, які дзейнічаў на землях Вялікага Княства Літоўскага у 1566—1588, а на Правабярэжнай Украіне і ў XVII—XVIII стст[1]. Помнік старабеларускага пісьменства[1].

Старонка II Статуту. Віцебскі спіс

Статут 1566 года дзейнічаў у Вялікім Княстве Літоўскім да прыняцця новага Статута 1588 года, а на ўкраінскіх землях далучаных да Польшчы ў 1569 годзеВалынскім, Кіеўскім, Брацлаўскім ваяводствах працягваў дзейнічаць (за выключэннем некаторых артыкулаў) і пасля 1588 года пад назвай Валынскі Статут[2].

Крыніцы

правіць

Асноўныя крыніцы Статута: агульназемскія і абласныя прывілеі, Судзебнік 1468 года, Статут Вялікага Княства Літоўскага 1529 года і некаторыя нормы звычаёвага права; выкарыстаны таксама нормы царкоўнага (рымска-каталіцкага і грэка-праваслаўнага) права. У ім былі спалучаны тэарэтычныя распрацоўкі мясцовага права з практычнай дзейнасцю і тэарэтычнымі асновамі рымскага і заходне-еўрапейскага права[1].

Падрыхтоўка

правіць

Для падрыхтоўкі Статута ў 1551 годзе меркавалася стварыць камісію з 10 чалавек (5 католікаў, 5 праваслаўных), але былі вызначаны імёны толькі 5 католікаў[3] — гэта жамойцкі біскуп Ян Даманоўскі, віленскі канонік Станіслаў Габрыловіч, віленскі войт і сакратар гаспадара Аўгусцін Ратундус, віленскі суддзя Павел Астравіцкі і Марцін Валадковіч.

Невядома, ці была створана такая камісія, бо з тэксту Бельскага прывілея 1564 вынікае, што праект Статута рыхтавала іншая камісія[3]:

  особы певные, рады наши, маршалкове, врадники земскме, хоружие и иные особы ряду и народу шляхецкого, доктори прав чужоземских, которые заседши не одно поправили тот статут старый, але теж новым кшталтом некоторые розделы звлаша судовый, за засаженьем новым обычаем суду и порадку судового то становили и написали.  

Працай гэтай камісіі кіраваў канцлер Мікалай Радзівіл «Чорны», у ёй удзельнічаў маршалак дворны Астафій Валовіч, імаверна, Пётр Раізій, Аўгусцін Ратундус і іншыя[1].

Праект Статута аддадзены сойму на папярэдні разгляд у 1561 годзе, зацверджаны толькі 1 ліпеня 1564, меркавалася ўвесці яго ў дзеянне з 11 лістапада 1564. Аднак з прычыны спрэчак па асобных артыкулах набыў законную сілу з 1 сакавіка 1566, некаторыя змены ўнесены ў яго прывілеем 1 ліпеня 1566. У Статут былі ўпісаны Віленскі прывілей 1563 года, Бельскі прывілей 1564 года і Віленскі прывілей 1565 года[1].

 
Польскі пераклад Статута Вялікага Княства Літоўскага 1566 года. Спіс бібліятэкі ардынацыі Замойскіх

Статут напісаны на старабеларускай мове, быў перакладзены на лацінскую і польскую мовы. Выяўлена 58 спісаў Статута 1566 года, з іх 13 на старабеларускай, 40 на польскай і 5 на лацінскай мовах. Упершыню надрукаваны ў 1855 у Маскве[1].

Структура і змест

правіць

У Статуце 1566 года захавана з невялікімі зменамі структура Статута 1529 года. У ім 14 раздзелаў і 367 артыкулаў. Першыя 3 раздзелы ахопліваюць нормы дзяржаўнага, ваеннага, адміністрацыйнага права, 4-ы — судовы лад і судовы працэс, 5—6-ы — сямейнае і апякунскае права, 7—9-ы — цывільнае права, 10-ы — лясное і паляўнічае права, 11—14-ы — крымінальнае права. Найбольш істотныя змены ўнесены ў нормы дзяржаўнага, судова-працэсуальнага і цывільнага права[1].

Асноўныя прынцыпы

правіць

Статут 1566 замацаваў асноўныя прынцыпы права: адзінства права для грамадзян, хоць яно не было роўным для ўсіх, дзяржаўны суверэнітэт (насуперак царкоўнаму касмапалітызму), абмежаванне ўлады гаспадара (вялікага князя), прыярытэт пісанага права. Упершыню намячалася аддзяленне суда ад органаў улады і кіравання. Для гэтага ствараліся земскія суды і падкаморскія суды[1].

Больш поўна рэгламентавалася кампетэнцыі органаў дзяржаўнай улады і кіравання, якія былі заснаваны на агульных прынцыпах феадальнага права: стварэння ільгот і перавага для класа феадалаў і саслоўя шляхты, недапушчэнне простых людзей у органы кіравання, замацаванне прававой няроўнасці розных сацыяльных груп насельніцтва. Складальнікі Статута надалі яго нормам аднастайную і сучасную, на той час, форму і прававую тэрміналогію (беларускую), зразумелую для большасці насельніцтва, што спрыяла ўмацаванню сярод шляхты і мяшчан павагі да закона і дзяржавы[1].

Статус вялікага князя

правіць

Кіраўніком дзяржавы і галоўнай асобай ва ўсёй сістэме дзяржаўных органаў прызнаваўся вялікі князь, які ў Статуце называецца «господарем». Яго прававое становішча тыповае для абмежаванага феадальнага манарха, але былі і некаторыя асаблівасці. Паўнамоцтвы вялікага князя грунтаваліся на выбарным пачатку, яны рэгламентаваліся прававымі нормамі Статута 1566. Ён не меў права без рашэння сойма пачынаць вайну, устанаўліваць падаткі на ваенныя патрэбы (раздзел 2, артыкул 2), выдаваць законы (раздзел 3, артыкул 12). Вялікі князь абавязваўся «всих князей и панов-рад, як духовных, так и свецких, и всех врядников земских и дворных, панов хоруговных, шляхту, рыцарство, мещане и всих людей посполитых у Великом Князстве Литовском… заховати при свободах и вольностях» (раздзел 3, артыкул 2)[1].

Прывілеі шляхты і феадалаў

правіць

Важнае значэнне меў артыкул, які забараняў даваць маёнткі, пасады, чыны і званні чужаземцам, у т.л. ўраджэнцам Польшчы (раздзел 3, арт. 9). Статут 1566 заканадаўча замацаваў прывілеі і галоўную ролю буйных феадалаў у дзяржаве. Паводле артыкула 5-га раздзела 3-га, на вальны (агульны) сойм запрашаліся князі, паны, маршалкі і іншыя службовыя асобы. Інтарэсы буйных феадалаў забяспечваў артыкул 10-ы гэтага ж раздзела, паводле якога ў адпаведнасці з даўнімі звычаямі захоўваліся і ўсе прывілеі, пасады, чыны і званні феадалаў. У Статуце 1566 года акрэслены пераход ад феадальнага права ўласнасці да буржуазнага. Артыкул 1-ы раздзела 7-га даваў усім феадалам права вольна распараджацца сваімі маёнткамі. Паўней выкладзены і нормы спадчыннага права (8-ы раздзел)[1].

Крымінальнае права

правіць

Істотныя змены ўнесены ў крымінальнае права. Суб’ектам злачынства прызнаваўся толькі чалавек. Непаўналетнія маглі быць пакараны толькі пасля 14 гадоў (раздзел 14, артыкул 8). Абвяшчалася прэзумпцыя невінаватасці (раздзел 14, артыкул 2). Крымінальнае пакаранне павінна было ажыццяўляцца толькі па суду, а асоба, якая абвінаваціла каго-небудзь у злачынстве і не даказала яго віны, павінна была быць пакарана так, як мог быць пакараны абвінавачаны ёю (раздзел 1, артыкул 2)[1].

Гл. таксама

правіць

Крыніцы

правіць
  1. а б в г д е ё ж з і к л Юхо І. А. Стату́т Вялі́кага Кня́ства Літо́ўскага 1566 // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 15: Следавікі — Трыо / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2002. — Т. 15. — С. 171. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0251-2 (т. 15).
  2. В. М. Бічун. КАНСТЫТУЦЫЙНАЕ ПРАВА ВЯЛІКАГА КНЯСТВА ЛІТОЎСКАГА (ПА СТАТУТАХ 1529, 1566, 1588 гг.)
  3. а б Язэп Юхо. Статут Вялікага княства Літоўскага 1566 // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 6. Кн. 1: Пузыны — Усая / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 2001. — 591 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0214-8.

Літаратура

правіць

Спасылкі

правіць