Выбра́нцы — ваенна-служылая група сельскіх жыхароў у Рэчы Паспалітай у XVI—XVIII стагоддзях.

У Польшчы пяхота з выбранцаў узнікла ў 1578 годзе па ініцыятыве караля Стафана Баторыя на ўзор вугорскай пяхоты, у Вялікім Княстве Літоўскім — у 1595 годзе. Выбіралі выбранцаў у каралеўскіх маёнтках (1 чалавек ад 20 двароў). За сваю службу выбранцы і іх сем’і вызваляліся ад усіх падаткаў і павіннасцей, прывілеі выбранцаў («выбранецкае права») пашыраліся і на іх нашчадкаў.

У пачатку XVII стагоддзя ў войску Вялікага Княства Літоўскага было 12 рот выбранцаў (крыху больш за 1 тысячу чалавек). Яны ўдзельнічалі ў вайне Рэчы Паспалітай з Расіяй у 1609—1618 гадах. У першай палове XVII стагоддзя вялікалітоўскія магнаты стваралі атрады выбранцаў і ў прыватных войсках, набіраючы іх з дробнай шляхты, вольных людзей і сялян. За вайсковую службу выбранцы атрымлівалі «ў вечнасць» зямлю.

Слуцкія выбранцы

правіць

У другой палове XVII стагоддзя выбранцы засталіся толькі на Случчыне (вёскі Агароднікі, Бранавічы, Варкавічы, Лучнікі, Падзёры, Сярагі). Яны неслі службу ў слуцкім гарнізоне (пяхота, мушкецёры, грэнадзёры), у залежнасці ад вайсковага звання мелі зямельныя надзелы ад 0,5 да 1,5 валокі, якія пераходзілі ў спадчыну па мужчынскай лініі. Фармальна (з 1659) выбранцы лічыліся ў войску ВКЛ, фактычна ж былі васаламі магнатаў, мелі прывілеі ад каралёў і магнатаў, вызваляліся ад падаткаў. Зброю і мундзіры куплялі за свой кошт, адзін тыдзень выбранцы служылі, другі — працавалі на сваім надзеле. У судовых адносінах яны былі экстэрытарыяльныя, падсудныя толькі суду ваеннага губернатара Слуцкага княства; у спрэчных справах са шляхтай, мяшчанамі і сялянамі выбранцы судзіліся ў замкавым судзе. Пасля акупацыі Беларусі Расійскай імперыяй і скасавання слуцкага гарнізона Дамінік Радзівіл у 1808 годзе намагаўся перавесці выбранцаў (каля 1500 чалавек) на паншчыну, што выклікала іх бунт і перадачу справы ў расійскія суды. Частка выбранцаў даказала свае правы на дваранства, іншыя — на вольнасць. У 1811 годзе яны былі залічаны ў разрад вольных хлебаробаў, але працягвалі судовую справу супраць Радзівіла, адстойваючы свае правы на волю і зямлю. У 1834 годзе Дзяржаўны савет і цар Мікалай I прызналі іх «не залічанымі ў сялянства»; выбранцы былі прызнаны вольнымі, але іх зямля — памешчыцкай. Тады выбранцы адмовіліся плаціць чынш спадкаемцу Радзівіла князю Вітгенштэйну. Толькі ў 1846 годзе Слуцк і землі 6 выбранецкіх вёсак былі выкуплены ў яго дзяржавай.

У 1868 годзе выбранцы, спрабуючы замацаваць свае правы на зямлю, патрабавалі вылучыць іх вёскі ў асобную воласць, не жадаючы быць у адной воласці з былымі прыгоннымі сялянамі, але міравы з’езд пасрэднікаў адмовіў ім, не жадаючы патураць «шляхецкай пагардзе да хлопства». У 1870 годзе выбранцы атрымалі люстрацыйныя акты на зямлю і ў 1871 годзе перайшлі на выкупныя плацяжы. Да пачатку XX стагоддзя мелі спецыфічныя рысы побыту, некаторыя выбранцы, што захавалі граматы, былі адноўлены ў правах дваранства.

Гл. таксама

правіць

Літаратура

правіць

Спасылкі

правіць