Ахова здароўя Віцебска
Сістэма аховы здароўя ў Віцебску складаецца з сеткі амбулаторна-паліклінічных і стацыянарных лячэбна-прафілактычных устаноў:
- 7 дарослых паліклінік,
- 6 дзіцячых паліклінік,
- 2 стаматалагічных паліклінік,
- 5 жаночых кансультацый,
- Віцебскі абласны дыягнастычны цэнтр,
- Віцебская абласная клінічная бальніца (УАЗ ВАКБ),
- Віцебская гарадская клінічная бальніца № 1,
- Цэнтральная клінічная бальніца,
- Гарадская клінічная бальніца хуткай медыцынскай дапамогі,
- Віцебская гарадская станцыя хуткай і неадкладнай медыцынскай дапамогі,
- Віцебскі абласны кардыялагічны дыспансер,
- Віцебская абласная інфекцыйная клінічная бальніца,
- Віцебскі абласны супрацьсухотны дыспансер,
- Віцебскі абласны скурна-венералагічны дыспансер,
- Дзіцячая абласная клінічная бальніца,
- Віцебскі абласны псіханеўралагічны дыспансер,
- Віцебскі абласны эндакрыналагічны дыспансер,
- Віцебскі абласны дыспансер спартыўнай медыцыны,
- Віцебскія гарадскія клінічныя радзільні № 1 і № 2,
- Віцебскі гарадскі спецыялізаваны Дом дзіцяці,
- Віцебская абласная станцыя пералівання крыві (ВАСПК).
Дзейнічае Рэспубліканскі цэнтр медыцынскай рэабілітацыі воінаў-інтэрнацыяналістаў і Віцебскі занальны цэнтр гігіены і эпідэміялогіі.
Медыцынскія ўстановы горада, акрамя спецыялізаванай медыцынскай дапамогі, ажыццяўляюць санітарную асвету і прапаганду здаровага ладу жыцця, нарыхтоўку донарскай крыві, медэкспертызу, санітарны нагляд за эпідэміялагічнай сітуацыяй і захаваннем санітарных нормаў на вытворчасці.
Гісторыя
правіцьУ 1865 г. у Віцебску былі адна бальніца на 170 ложкаў і адна багадзельня. За год (у сярэднім) у бальніцы лячылася 829 чалавек. У 1897 г. у горадзе было дзве бальніцы на 145 месцаў (пры колькасці насельніцтва горада 66 тыс. чалавек). Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі ўведзена ў дзейнасць савецкая сістэма аховы здароўя, медыцынская дапамога насельніцтву стала бясплатнай. Значна павялічылася колькасць медыцынскіх устаноў, у 1917 г. адкрыта інфекцыйная бальніца, з 1918 г. – чыгуначная бальніца. У студзені 1921 г. у горадзе было 9 бальніц на 1051 месца; 15 амбулаторый, у тым ліку дзіцячая; 14 устаноў аховы мацярынства і дзяцінства, у тым ліку Дом немаўляці на 35 месцаў, 2 Дамы дзіцяці на 60 месцаў, дзіцячы лазарэт на 25 месцаў, яслі на фабрыцы “Дзвіна”, Дом маці і дзіця на 50 месцаў і г. д; 11 зубалячэбных амбулаторый. У 1921 г. адкрыта трохгадовая акушэрская школа і фармацэўтычныя курсы, Дом санітарнай асветы; у 1923 г. першая гарадская бальніца на базе таварыства сясцёр міласэрнасці; у 1935 г. – абласная бальніца. У 1934 г. адкрыта бальніца–медыцынскі інстытут (з 1938 г. – медыцынскі інстытут). У 1940 г. у горадзе было 11 бальніц на 1747 месцаў, 9 жаночых і дзіцячых кансультацый і паліклінік, працавала 336 урачоў і 590 чалавек сярэдняга медыцынскага персаналу. Дзеці малодшага ўзросту размяшчаліся ў 86 дзіцячых дашкольных установах на 6120 месцаў.
Падчас Другой сусветнай вайны сетка медыцынскіх устаноў горада і вобласці была поўнасцю разбурана.
У 1945 г. у прыстасаваных памяшканнях адкрыты: у Першамайскім раёне бальніца на 150 месцаў, з іх 45 – тэрапеўтычнага, 45 – хірургічнага і 25 – радзільнага аддзяленняў; у Чыгуначным раёне бальніца на 150 месцаў, інфекцыйная бальніца, жаночая кансультацыя і паліклініка. У 1947 г. адноўлена 1-я гарадская бальніца імя Калініна, у 1955 г. – абласная бальніца. Аднаўленне работы медыцынскага інстытута, адкрыцце ў 1959 г. фармацэўтычнага факультэта, а ў 1961 г. – медыцынскага вучылішча, садзейнічала паляпшэнню забеспячэння насельніцтва ўрачамі і сярэднім медыцынскім персаналам. У 1961 г. на праспекце Фрунзе была адчынена новая абласная інфекцыйная бальніца. У 1973 г. была адчынена псіхіятрычная бальніца, у 1974 г. – дзіцячая абласная бальніца.
Будуюцца новыя лячэбна-прафілактычныя ўстановы; радзільны дом № 1, гарадская дзіцячая бальніца, паліклініка імя У.І. Леніна.
Літаратура
правіць- Здравоохранение // Витебск : энциклопедический справочник / И.М. Шамякин [и др.]. - Мн., 1988. - С. 58-59.