«Беавульф» (англ.: Beowulf), «Бэўвульф» у перакладзе А. Ф. Брыля — стараанглійская эпічная паэма з 3182 радкоў, напісаная алітэрацыйным вершам на стараанглійскай мове.

Першая старонка рукапісу «Беавульфа»

Назва паэмы, «Беавульф», з’яўляецца ўмоўнай, бо ў рукапісе тэкст не мае загалоўка. Адзначаецца[1], што ў стараанглійскай мове спалучэнне літар eo чыталася як дыфтонг [eo] ці [eʊ].

Датаванне правіць

Магчымая дата стварэння паэмы строга абмежавана знізу пачаткам VI стагоддзя (час згаданай у тэксце гібелі конунга Хігелака), а зверху — першаю чвэрцю XI стагоддзя (не пазней гэтага часу быў створаны вядомы нам манускрыпт паэмы). У гэтых, даволі шырокіх, рамках на карысць кожнага стагоддзя выказваліся пэўныя аргументы. Калі распаўсюджанае датаванне паэмы VIII стагоддзем слушнае, то найбольш верагоднае месца яе стварэння — Нартумбрыя ці Мерсія.

Рукапіс правіць

Адзіны рукапіс паэмы, які дайшоў да нас, датуецца прыблізна 1000 годам і створаны, відавочна, двума перапісчыкамі. Разам з рукапісам паэмы Юдыт і некалькімі празаічнымі тэкстамі ён уваходзіць у так званы кодэкс Cotton Vitellius A. xv, які захоўваецца зараз у Брытанскай бібліятэцы. У 1731 годзе рукапіс, які захоўваўся тады ў Котанаўскай бібліятэцы, быў значна пашкоджаны пажарам. У 1786 годзе ісландскі даследчык Грымур Ёнсан Торкелін перапісаў тэкст паэмы і заказаў яшчэ адну копію перапісчыку. З таго часу рукапіс паэмы яшчэ больш разбурыўся (працягвалі абсыпацца пашкоджаныя агнём часткі аркушаў), таму сёння копіі Торкеліна з’яўляюцца важнаю дадатковаю крыніцаю тэксту паэмы.

Гісторыя пра Беавульфа правіць

Паэма апісвае ўчынкі геацкага героя Беавульфа (яго імя перакладаецца, верагодна, як «пчаліны воўк», г.зн. «мядзведзь»).

Пачынаецца паэма з таго, як дацкі конунг Хродгар загадаў збудаваць вялікі харом Хэарат для баляванняў. Шум весялосці, музыка і песні ў палацы раз’юшылі Грэндэля, пачварнага людаеда, які жыў непадалёк. Грэндэль пачынае нападаць на Хэарат, пажыраючы воінаў. Даны не могуць зладзіць з пачвараю і пакідаюць палац. Пачуўшы пра гэта, малады Беавульф, пляменнік геацкага конунга Хігелака, прыходзіць са сваімі воінамі на дапамогу данам. Ён абяцае адолець Грэндэля голымі рукамі, і гэта аказваецца шчасліваю здагадкаю, бо той заварожаны супраць зброі. Беавульф адрывае людаеду руку, і той ледзьве збягае прэч. Радасць данаў з нагоды гэтае перамогі аказваецца заўчаснай: Грэндэлева жудасная маці прыходзіць помсціць за сына і забівае аднога з дарадцаў конунга. Малады герой згаджаецца спусціцца ў падводны дом пачвар, і там забівае маці Грэндэля. Там жа ён знаходзіць памерлага ад раны Грэндэля, і забірае з сабою ягоную галаву.

Шчодра адораны Хродгарам, Беавульф вяртаецца на радзіму і праз пэўны час робіцца конунгам свайго народу. Праз шмат гадоў, у часы Беавульфавай старасці, нейкі неразумны злодзей выкрадае залатую чашу са скарбніцы магутнага цмока. Раз’юшаны цмок пачынае знішчаць усё вакол, і Бэавульф разам са сваімі воінамі выходзіць біцца з ім. Толькі адзін з дружыннікаў, Віглаф, аказваецца дастаткова стойкім, каб разам з гаспадаром выйсці супраць цмока. Разам два воіны забіваюць пачвару, але Бэавульф і сам памірае ад ран. Ягоная смерць прадвяшчае заняпад геатаў.

Беавульф у сусветнай культуры правіць

Пераклады правіць

Першы пераклад паэмы (на лацінскую мову) быў выкананы Торкелінам. На англійскую мову паэма перакладалася не менш як сотню разоў, у тым ліку Шэймасам Хіні.

Беларускія пераклады правіць

Па-беларуску невялікія ўрыўкі выходзілі ў часопісе «Наша Вера» (№ 46), пазней некалькі першых раздзелаў паэмы друкаваліся ў часопісе «Дзеяслоў» (№ 38), у абодвух выпадках пад загалоўкам «Бэўвульф». Урэшце, у чэрвені 2013 года пад назвай «Бэўвульф» выйшаў поўны пераклад на беларускую аўтарства Антона Францішка Брыля[2][3].

У навейшай літаратуры правіць

У кінематографе правіць

Зноскі

  1. Peter S. Baker. Introduction to Old English (Oxford: Blackwell, 2003)
  2. Бэўвульф / пер. са стараанглійскай мовы Антона Францішка Брыля. — Мінск : Зміцер Колас, 2013. — 130 с.
  3. Чарнякевіч Ц. І наш «Бэўвульф» Архівавана 29 чэрвеня 2017. // Звязда, № 117 (27482), 27 чэрв. 2013.

Спасылкі правіць