Беларуская праваслаўна-каталіцкая субожня
Беларуская праваслаўна-каталіцкая субожня — рэлігійная аб’яднанне беларусаў у ЗША, якое дзейнічала ў пачатку 1960-х гадоў. Узнікла як спроба стварэння альтэрнатыўнай Царквы для беларусаў, арыентаванай на яднанне праваслаўных і католікаў.
Тэрмін «Субожня» прапанаваў у 1950-я гады рымска-каталіцкі прэлат Пётр Татарыновіч. Матэрыялы, якія абгрунтоўвалі выкарыстанне гэтага тэрміну, публікаваліся на старонках рэдагаванага ім часопіса «Źnič». У прыватнасці ён паказваў на выкарыстанне тураўскімі князямі ў X—XI ст. слоў «боженка», «божня» замест слова «царква». Жадаючы надаць архаічнаму слову значэнне царкоўнага адзінства, П. Татарыновіч выкарыстаў прыстаўку «су-».
У 1960 годзе беларускі рэлігійны дзеяч Уладзіслаў Рыжы-Рыжскі, які ў 1959 годзе перабраўся ў ЗША, заснаваў новую рэлігійную арганізацыю «Беларуская каталіцкая субожня» і ўзначаліў яе ў званні апостальскага візітатара. Першы анонс аб з’яўленні «Субожні» быў апублікаваны ў рэдагаванай Сяргеем Хмарай газеце «Беларускі голас» № 66 за 1960 г. Аб’яднанне пазіцыянавалася як незалежная ад Ватыкана каталіцкая царква для беларускага народа. Для папулярызацыі сваіх поглядаў і інфармавання аб дзейнасці «Субожні» Уладзіслаў Рыжы-Рыжскі ў маі 1960 г. выдаў у Прынстане (штат Нью-Джэрсі) першы нумар часопіса «Беларускі каталік», а з 1960 па 1961 гады выпусціў на лацінцы 14 нумароў часопіса «Biełaruskaja Chryścijanskaja Artadaksalna-Katalickaja Subožnia. (Naślednica Litouskae Jadnoty)». Назва другога часопіса сведчыць аб пераіменаванні арганізацыі ў «Беларускую праваслаўна-каталіцкую субожню».
Пасля ўтварэння «Беларускай праваслаўна-каталіцкай субожні» апостальскім мадэратарам яе 1-га сінода прызначаны быў каталіцкі артадаксальны святар Пётр Журавецкі. Працягваючы знаходжанне ў старакаталіцкай юрысдыкціі, ён паралельна прыняў тут тытул Патрыярха.
Утварэнне некананічнай Царквы не выклікала шматлікіх водгукаў у беларускай эмігранцкай прэсе. Гэта можна разглядаць і як сведчанне малазаўважнасці новага рэлігійнага праекта.
Цераз чатыры гады пасля ўтварэння Беларускай праваслаўна-каталіцкай субожні, у 1964 годзе, Пётр Журавецкі далучаўся да новастворанай Амерыканскай праваслаўнай каталіцкай царквы. А ў 1965 г. яе святаром стаў і Уладзіслаў Рыжы-Рыжскі.
Спасылкі
правіць- minds.by Архівавана 21 ліпеня 2020.