Беларуская фанетыка

Фанетычная сістэма беларускай мовы, «беларуская фанетыка»: гукавы лад беларускай літаратурнай мовы.

Гукавы склад правіць

Улучае 6 галосных і 39 зычных гукаў. Часам да іх далічваюцца 9 падоўжаных адмен зычных гукаў, якія могуць выконваць фаналагічную функцыю. Некаторыя аўтары залічваюць у асноўны гукавы склад толькі 32 зычныя гукі, а 7 зычных азначаюць як рэдкія.

Галосныя: [а], [о], [у], [ы], [е][1], [і].

Зычныя: [б], [б’], [в], [в’], [г][2], [г’][2], [г´][3], [г´’][3], [з], [з’], [д], [дз], [дз’], [ж], [дж], [й], [к], [к’], [л], [л’], [м], [м’], [н], [н’], [п], [п’], [р], [с], [с’], [т], [ў], [ф], [ф’], [х], [х’], [ц], [ц’], [ч], [ш].

Падоўжаныя адмены зычных: [ж̅] [з̅’̅] [д̅з̅’̅] [л̅’̅] [н̅’̅] [с̅’̅] [ц̅’̅] [ч̅] [ш̅]

У цэлым галосныя гукі беларускай мовы падобныя да аналагічных гукаў іншых усходнеславянскіх моў. Але, напрыклад, адсутнічаюць аналагі рускіх [ъ] і [ь]. У складзе зычных гукаў:

  • існуюць спецыфічныя [дз’], [дж], [ў], [ц’];
  • няма мяккіх падоўжаных [ж̅’̅] і [ш̅’̅];
  • заўсёды цвёрдыя [ч] і [р];
  • гукі [г] заўсёды фрыкатыўныя, выбухныя гукі [г´] у беларускіх словах практычна не існуюць, апроч іншаземных слоў;
  • шырока ўжываюцца падоўжаныя зычныя на месцы гістарычнага спалучэння "мяккая зычная+j".

Гл.далей: Табліца артыкуляцыі беларускіх галосных, Табліца артыкуляцыі беларускіх зычных.

Артыкуляцыйная база правіць

Агульныя рысы артыкуляцыйнай базы беларускай мовы — агульная ненапружанасць пры гукаўтварэнні, моцнае памякчэнне (палаталізацыя) адных зычных і цвёрдасць (велярызацыя) іншых.

З агульнай ненапружанасці вынікаюць: замена губна-губнога [в] у пэўных месцах на губна-губны [ў] і цвёрдае вымаўленне губных у канцы слоў і перад зычнымі (сем, дроб, сям'я [с'амйа]). Ненапружанасць кончыка языка пры памякчэнні зубных [д], [т] ператварае іх у мяккія змычна-шчылінныя [дз'] і [ц'] адпаведна.

Пераважная колькасць гукаў утвараюцца ў цэнтры ротавай поласці пры высокім агульным пад'ёме языка, самая актыўная частка яго — сярэдняя. У задняй частцы ротавай поласці ўтвараецца нязначная колькасць гукаў[4].

Ад многіх моў беларуская адрозніваецца вялікай колькасцю мяккіх зычных. Пры ўтварэнні большасці мяккіх зычных кончык языка падымаецца да паднябення, што стварае ўражанне іх асаблівай мяккасці (палатальныя [з'] і інш.).

Характэрная і досыць яркая рыса — схільнасць да моцнага памякчэння зычных ("мяккасць") і велярызацыя ўсіх цвёрдых зычных.

«Спеўнасць» мовы праяўляецца ў адсутнасці рэдукцыі галосных[5].

Мяккія і цвёрдыя зычныя правіць

Частка беларускіх зычных можа быць цвёрдымі і мяккімі, утвараючы пары.

Заўсёды цвёрдыя, без мяккіх адпаведнікаў: [ж], [ш], [дз][6], [дж], [ч], [ц][7], [р].

Заўсёды мяккія: [й].

Санорныя правіць

Калі гэтыя гукі ўтвараюцца, паветра праходзіць праз поласць рота і поласць носа: [м], [н], [в], [л], [р], [м’], [н’], [в’], [л’], [ў], [й].

Свісцячыя і шыпячыя зычныя правіць

Паводле акустычнага ўражання вылучаюцца свісцячыя зычныя: [с], [з], [ц], [дз], [с’], [з’], [ц’], [дз’] — і шыпячыя зычныя: [ш], [ж], [ч], [дж].

Падоўжаныя зычныя правіць

У беларускай мове зычныя могуць адрознівацца даўжынёй гучання, якая ўказвае на стык марфем: [ад̅ац’] аддаць, [ат̅ул’] адтуль.

Таксама даўжыня гучання зычных можа служыць дзеля адрознення слоў, набываючы, т. ч., фаналагічнае значэнне: насенне—на сене, мяккі ж— мякіш. Да такіх належаць: [з’], [с’], [дз’], [ц’], [ж], [ч], [л’], [н’].

Асаблівасці ў спалучэнні і вымаўленні гукаў правіць

"Аканне" і "яканне" правіць

Вымаўленне [о], [а], [э] як [а] (графічна — "а", "я") у ненаціскных складах.

"Дзеканне" і "цеканне" правіць

Пераход гукаў [д] і [т] адпаведна ў [дз’] і [ц’] пры змякчэнні.

Прыстаўныя і ўстаўныя гукі правіць

Наяўнасць прыстаўных і ўстаўных галосных перад збегам зычных і зычных перад націскнымі галоснымі. А таксама наяўнасць устаўнога гука [й] у некаторых[8] іншамоўных словах.

Пераход галосных у зычныя правіць

Пераход гуку [у] ў гук [ў] пасля галосных[9].

Чаргаванне складоў правіць

У выніку фанетычных працэсаў — чаргаванне складоў "ро", "ло", "ле" адпаведна са складамі "ры", "лы", "лі".

Асаблівасці артыкуляцыі правіць

У параўнанні, напр., з рускай мовай, цалкам падобныя губныя і зубныя, але значна адрозніваюцца паднябенныя, іншае месца артыкуляцыі [с’], [з’].

Наогул пярэдне-сярэдне-паднябенныя гукі [с’], [з’], [ц’], [дз’] — гэта найбольш характэрныя гукі беларускай мовы.

Асаблівасці памякчэння зычных правіць

У параўнанні, напр., з рускай мовай, іншы характар памякчэння некаторых гукаў.

Пры памякчэнні наступных гукаў мяняюцца і спосаб, і месца ўтварэння: [д]—[дз’], [т]—[ц’].

Пры памякчэнні наступных гукаў мяняецца месца ўтварэння: [с], [з], [г], [к], [х].

Таксама у асобную групу зацвярдзелых вылучаюцца: [ш], [ж], [ч], [дж], [р], [ц][7].

Артыкуляцыя зычных правіць

Артыкуляцыйна-фізіялагічная класіфікацыя зычных:

Месца ўтварэння Губна-губныя Губна-зубныя Зубныя Пярэднеязычныя дарсальныя Пярэднеязычныя апікальныя Сярэднеязычныя Заднеязычныя
Насавыя m /м/ /м’/ /н/ /н’/    
Змычныя p /п/ /п’/ b /б/ /б’/ /т/ /д/ k /к/ /к’/ ɡ /г/† ɡʲ /г’/†
Змычна-шчылінныя (афрыкаты) t͡s̞ /т͡с (ц)/ d͡z̞ /д͡з (ѕ)/ t͡s̞ʲ /т͡с’ (ц’)/ d͡z̞ʲ /д͡з’ (ѕ’)/ t͡ʂ /т͡ш (ч)/ d͡ʐ /д͡ж (џ)/        
Шчылінныя (фрыкатыўныя) f /ф/ /ф’/ v /в/ /в’/ /с/ /з/ s̞ʲ /с’/ z̞ʲ /з’/ ʂ /ш/ ʐ /ж/ x /х/ /х’/ ɣ /ғ/ ɣʲ /ғ’/
Дрыжачы r /р/
Ротавыя /л/ l̪ʲ /л’/   j /й/ w /ў/

Артыкуляцыя галосных правіць

Артыкуляцыйна-фізіялагічная класіфікацыя галосных:

Арфаграфія МФА Апісанне Прыклады
i [i] верхні, неагублены, пярэдняга рада лiст
э [ɛ] сярэдне-ніжні, неагублены, пярэдняга рада гэты
ы [ɨ] верхні, неагублены, сярэдняга рада мыш
a [a] ніжні, неагублены, пярэдняга рада кат
у [u] верхні, агублены, задняга рада шум
о [ɔ] сярэдне-ніжні, агублены, задняга рада кот

У залежнасці ад пазіцыі галосныя ў беларускай мове могуць мяняць свой характар без змянення асноўных акустычных якасцяў, напр. пасля мяккіх зычных галосныя бываюць больш пярэднімі, чым пасля цвёрдых.

Зноскі

  1. Азначаецца таксама знакам [э].
  2. а б Фрыкатыўны гук.
  3. а б Выбухны гук. У асноўным сустракаецца ў запазычаных словах.
  4. Дзеля параўнання: у каўказскіх мовах больш характэрная заднеязычная, гартанная артыкуляцыя; ва ўкраінскай мове больш зычных утвараецца ў пярэдняй частцы ротавай поласці, артыкулююць кончык языка і яго пярэдняя частка, таму ўкраінскія зычныя — больш напружаныя. Сучасная беларуская мова... C.34,35.
  5. Сучасная беларуская мова... C.35.
  6. Пару паводле цвёрдасці-мяккасці ўтвараюць [д] і [дз’]. Гл. таксама: [#"Дзеканне" і "цеканне"].
  7. а б Пару паводле цвёрдасці-мяккасці ўтвараюць [т] і [ц’]. Гл. таксама: [#"Дзеканне" і "цеканне"].
  8. Паводле некаторых аўтараў (Сцяцко), заўсёды.
  9. Але не кожнае спалучэнне "галосная+ў" з'яўляецца вынікам такога пераходу.

Літаратура правіць

  • Фанетыка беларускай літатурнай мовы / І. Р. Бурлыка, Л. Ц. Выгонная, Г. В. Лосік, А. І. Падлужны; Рэд. А. І. Падлужны. — Мн.:Навука і тэхніка, 1989. — 335 с ISBN 5-343-00292-7
  • Беларуская мова: Вучэб. дапам. / Э. Д. Блінава, Н. В. Гаўрош, М. Ц. Кавалёва і інш.; Пад рэд. М. С. Яўневіча. — Мн. : Выш. школа, 1991. ISBN 5-339-00539-9
  • Падлужны А. І. Артыкуляцыя гукаў // Беларуская мова: Энцыклапедыя / Беларус. Энцыкл.; пад. рэд. А. Я. Міхневіча; рэдкал Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелЭн, 1994. — 654 с. ISBN 5-85700-126-9
  • Сучасная беларуская мова: Уводзіны. Фанетыка. Фаналогія. Арфаэпія. Графіка. Арфаграфія. Лексікалогія. Лексікаграфія. Фразеалогія. Фразеаграфія: Вучэб. дапам. / Я. М. Камароўскі, В. П. Красней, У. М. Лазоўскі і інш. — 2-е выд., дапрац. і дап. — Мн. : Выш. школа, 1995. — 334 с. ISBN 985-06-0075-6.