Беларуска-саудаўскія адносіны

Беларуска-саудаўскія адносіны — адносіны паміж Рэспублікай Беларусь і Каралеўствам Саудаўская Аравія. Дыпламатычныя адносіны паміж дзяржавамі ўсталяваныя 6 чэрвеня 1997 года.

Пасол Рэспублікі Беларусь у ААЭ Андрэй Іванавіч Лучанок акрэдытаваны ў Каралеўстве Саўдаўская Аравія па сумяшчальніцтве. Пасол Каралеўства Саудаўская Аравія ў Расійскай Федэрацыі Абдулрахман аль-Рас акрэдытаваны ў Рэспубліцы Беларусь па сумяшчальніцтве.

Саудаўскую Аравію з візітамі наведалі Міністр замежных спраў, першы намеснік міністра замежных спраў, намеснік Міністра замежных спраў Рэспублікі Беларусь. Беларусь наведалі Міністр фінансаў КСА, дэлегацыі Міністэрства ўнутраных спраў КСА.

6-7 мая 2015 года ў г. Рыяд адбылося першае пасяджэнне Сумеснага камітэта па супрацоўніцтве паміж Урадам Рэспублікі Беларусь і Урадам Каралеўства Саудаўская Аравія. Беларускую дэлегацыю ўзначаліў намеснік Міністра замежных спраў Рэспублікі Беларусь Валянцін Барысавіч Рыбакоў.

16-18 мая 2016 года ў г. Мінску адбылося другое пасяджэнне Сумеснага камітэта. Саудаўскую дэлегацыю ўзначаліў намеснік міністра замежных спраў КСА па эканамічных і культурных пытаннях доктар Юсуф бен Тарад аль-Саадун.

16 лютага 2020 года у рамках візіту ў Германію міністр замежных спраў У. Макей правёў перамовы з міністрам замежных спраў Саудаўскай Аравіі прынцам Фейсалам бін Фарханам аль-Саудам. Былі дасягнуты дамоўленасці аб правядзенні ў бліжэйшай перспектыве пасяджэння Сумеснага камітэта па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве, а таксама аб абмене візітамі рознага ўзроўню[1].

Дагаворна-прававую базу двухбаковых адносін складаюць Генеральнае пагадненне, міжурадавыя пагадненні аб пазбяганні двайнога падаткаабкладання і аб узаемнай абароне інвестыцый, аб супрацоўніцтве ў галіне навукі і тэхналогій, міжведамасныя мемарандумы ў галіне спорту, адукацыі, аб правядзенні палітычных кансультацый паміж міністэрствамі замежных спраў, аб супрацоўніцтве паміж НАН Беларусі і Навукова-тэхналагічным гарадком імя Караля Абдэль Азіза, а таксама пагадненне аб супрацоўніцтве паміж БелГПП і Саветам ГПП КСА.

Зноскі