Браслаўскі народны тэатр
Браслаўскі народны тэатр — народны тэатр раённага Дома культуры Браслава. Створаны з драматычнага гуртка (існаваў з 1944), з 1961 мае званне народнага.
Кіраўнікі
правіць- В. Галкін (1948—52, 1958—72),
- А. Ламберт (1953— 57),
- У. Сівіцкі (1972—74),
- Г. Міхайлава (1975—77),
- Т. Міхайлава (1978—79),
- Н. Ісаенка (з 1981),
- І. Кандрашова, Э. Багдановіч, І. Крот (з 1985),
- В. Рушкоўскі (з 1997).
Дзейнасць
правіцьКалектыў — дыпламант рэспубліканскага фестывалю самадзейнага мастацтва (1967, спектакль «Хто смяецца апошнім» К. Крапівы), лаўрэат 1-га (1975—76, «Мікітаў лапаць» М. Чарота), 2-га (1986—87, «Паўлінка» Я. Купалы), 3-га (1988—91, «Мудрамер» М. Матукоўскага). Сярод іншых пастановак: беларускія і рускія класічныя п'есы — «Мінулася кату масленіца» А. Астроўскага, «Жаніцьба» М. Гогаля, «Пінская шляхта» В. Дуніна-Марцінкевіча, пастаноўкі сучаснай, у т. л. беларускай драматургіі — «Выбачайце, калі ласка!», «Трыбунал», «Лявоніха на арбіце» А. Макаёнка, «Злавацца не трэба» В. Зуба, «Чужое дзіця» В. Шкваркіна, «Дзяўчына і красавік» Т. Ян, «Адважнае сэрца» І. Эвальд і інш. Сярод пастановак апошніх гадоў: «Пярэстыя старонкі», «Мядзведзь» А. Чэхава, «Камедзью» паводле «Камедыі» К. Марашэўскага і «Птушка шчасця» Ф. Аляхновіча, «П. С. Х.» Л. Родзевіча, «Аплявуха» Э. Лабіша. Спектаклі афармлялі мастакі І. Радзіка, П. Скрабаўскі.
Літаратура
правіць- Браслаўскі народны тэатр // Тэатральная Беларусь : энцыклапедыя : у 2 т. / рэдкал. Г.П. Пашкоў [і інш.]. – Мн., 2002. – Т. 1. – С. 161.