Лявоніха на арбіце
Лявоніха на арбіце — п’еса, напісаная А. Макаёнкам, пастаўленая на сцэне Купалаўскага тэатру ў 1961 годзе.
Лявоніха на арбіце | |
---|---|
| |
Аўтар | А. Макаёнак |
Дырыжор | Андрэй Ягоравіч Макаёнак |
Акцёры | гл. у тэксце |
Кампанія | Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы |
Краіна | БССР |
Год | 1961 |
Узнагароды | Літаратурная прэмія імя Янкі Купалы |
А. Макаёнак напісаў п’есу ў той перыяд, калі ў адносінах да вёскі пачала праводзіцца даволі негатыўная дзяржаўная палітыка. П’еса «Лявоніха на арбіце» поўнасцю адпавядала афіцыйнай ідэалогіі і была, так бы мовіць, на злобу дня[1]. Па сюжэце калгасніца-перадавічка Лушка змагаецца са сваім прасякнутым прыватнаўласніцкімі настроямі і памкненнямі гультаяватым мужам Лявонам і ўрэшце бярэ над ім верх[2]. Тым не менш на той час спектакль напаткаў значны поспех, што абумоўлівалася як моцнай драматургіяй, так і яркімі акцёрскімі працамі. Спектакль «Лявоніха на арбіце», грамадскі прагляд якога прыпаў на час палёту Юрыя Гагарына ў космас, захоўваўся ў рэпертуары каля 20 гадоў.
Сюжэт
правіцьУ п’есе раскрываюцца праблемы сельскай рэчаіснасці, пытанні калгаснага будаўніцтва, паказваюцца людзі з абывацельскай псіхалогіяй, асэнсоўваюцца жыццёвыя клопаты сельскіх працаўнікоў[3].
Лушка Чмых, якую ўсе клічуць Лявоніхай, не хоча пасля працы на ферме ісці ў свой агарод і ў брудны хлеў, каб корпацца ў зямлі і даглядаць жывёлу, бо цяпер усё можна купіць у калгаснай краме. Лушка марыць бавіць свой вольны час разумна і цікава. Афіцыйна абвешчана, што хутка надыдзе камунізм, навошта працаваць як раней ад зоркі да зоркі. Час жыць па новаму. Так думае не адна Лушка, а многія ў калгасе, таму і вылучаюць яе сваім кандыдатам у дэпутаты райсавета. Такім чынам Лявоніха «выходзіць на арбіту», гэта значыць асэнсавана ўздымаецца над сваім былым прыніжаным жыццём, робіць псіхалагічны віток «да больш высокіх» каштоўнасцей і запатрабаванняў.
Адна толькі бяда — чужыя людзі добра разумеюць Лявоніху, а вось родны муж ёй ледзь не вораг. Лявон — закаранелы ўласнік. Да калгаса яму няма ніякай справы. Спектакль пачынаўся начной сцэнай на лужку, дзе Лявон краў сена з калгаснай капы і кідаў яго на сваю посцілку. У той жа час вартаўнік Максім падкраўся з другога боку капы і лёг на посцілку. Лявон вярнуўся з вялікай ахапкай сена, накрыў ім старога і стаў цягнуць посцілку. Калі ж ён зразумеў падвох, то спалохаўшыся, так сігануў адтуль, што вартаўнік не паспеў пазнаць злодзея. 3 гэтай посцілкай як з галоўным доказам Максім стаў хадзіць па хатах і пытацца чыя яна. Дайшла чарга і да Чмыха. Лявон горача адмаўляўся і раптам знянацку пачынаў падміргваць абодвума вачыма (першы выканаўца ролі, Барыс Платонаў, выдатна імітаваў нервовы цік, які з’явіўся ў яго героя пасля няўдалага крадзяжу сена).
Лявон стаў самым яркім персанажам у спектаклі. Вынаходліва вырашаліся і іншыя сцэнічныя характары. Сатырычна кідка абмаляваны вобраз непаваротлівага, аплыўшага ад тлушчу Глуздакова, які марыў абы як дасядзець поўгода да пенсіі ў кіруючым крэсле. Дасціпным гумарам афарбаваны характар старога вартаўніка. Выклікалі глядацкую сімпатыю людзі працы: Міхаіл, яго нявеста Соня, старшыня калгаса.
Ролі
правіць- Лявон Чмых — Барыс Віктаравіч Платонаў[4], Здзіслаў Францавіч Стома
- Лушка, жонка Лявона Чмыха — Галіна Кліменцьеўна Макарава[4], якая сыграла гэту ролю шэсцьсот разоў[2], Раіса Мікалаеўна Кашэльнікава, Любоў Іванаўна Дабржанская, Юдзіф Самойлаўна Гальперына, Клаўдзія Сямёнаўна Чаркова , Вера Аляксееўна Фінагеева , Валянціна Міхайлаўна Паўлава , Галіна Пятроўна Караткевіч
- Соня, дачка Лявона і Лушкі — Зінаіда Пятроўна Зубкова, Лілія Міхайлаўна Давідовіч
- Міхал, жаніх Соні — Віктар Паўлавіч Тарасаў, Станіслаў Іосіфавіч Дробыш, А. Н. Казачок
- Суседка Клава — Алена Васілеўна Рынковіч, М. М. Зінкевіч
- Глуздакоў, старшыня райвыканкама — Сцяпан Сцяпанавіч Бірыла[5], Павел Сцяпанавіч Малчанаў
- Цесакоў, памочнік Глуздакова — С. Ф. Хацкевіч, Уладзімір Уладзіміравіч Кудрэвіч, Анатоль Юр’евіч Равіковіч
- Вартаўнік Максім, бацька Міхала — Глеб Паўлавіч Глебаў, Генадзь Сцяпанавіч Аўсяннікаў, Аляксей Бараноўскі
- Буйневіч, старшыня калгаса — Уладзімір Іосіфавіч Дзядзюшка, С. Ф. Хацкевіч
- Дзед Цыбулька — Сяргей Сцяпанавіч Бульчык[6]
- Мікалай Сяргеевіч, сакратар абкама — Лявон Гдальевіч Рахленка , Павел Аляксеевіч Пекур, Аляксей Канстанцінавіч Ургалкін
Пастаноўкі
правіць- 1961 — Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы, галоўны рэжысёр тэатра В. У. Броўкін
- 1961 — Цэнтральны тэатр Савецкай Арміі
- 1961-63 — Санкт-Пецярбургскі акадэмічны тэатр імя Ленсавета, рэжысёр Ігар Пятровіч Уладзіміраў
- ? — Магілёўскі абласны драматычны тэатр
Узнагароды
правіцьУ 1962 годзе п’еса атрымала літаратурную прэмію імя Янкі Купалы.
Экранізацыя
правіцьПершым[7] каляровым шырокаэкранным беларускім фільмам стаў «Рагаты бастыён», зняты ў 1965[8] годзе рэжысёрам Пятром Васілеўскім паводле п’есы «Лявоніха на арбіце». Сцэнарый быў напісаны А. Макаёнкам[9].
Зноскі
- ↑ Беларусы. Т. 13. Тэатральнае мастацтва / Р. Б. Смольскі і інш. — Мн., 2002.
- ↑ а б Галіна Макарава(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 27 студзеня 2021. Праверана 20 кастрычніка 2012.
- ↑ Талент чалавечнасці і дабрыні Архівавана 7 жніўня 2012.
- ↑ а б Першы выканаўца
- ↑ Бирилло Степан Степанович // Биографический справочник. — Мн.: «Белорусская советская энциклопедия» имени Петруся Бровки, 1982. — Т. 5. — С. 59. — 737 с.
- ↑ Бульчик Сергей Степанович // Биографический справочник. — Мн.: «Белорусская советская энциклопедия» имени Петруся Бровки, 1982. — Т. 5. — С. 90. — 737 с.
- ↑ Першы каляровы шырокаэкранны беларускі фільм
- ↑ Василевский Пётр Савельевич // Биографический справочник. — Мн.: «Белорусская советская энциклопедия» имени Петруся Бровки, 1982. — Т. 5. — С. 59. — 737 с.
- ↑ Першы каляровы шырокаэкранны беларускі фільм
Спасылкі
правіць- Тэатр — крыніца яго жыцця Архівавана 7 жніўня 2012.
- Міхась Кавалёў. «Лявоніха на арбіце»(недаступная спасылка)