Брыгада КАП «Палессе»

Брыга́да Ко́рпуса ахо́вы паме́жжа «Пале́ссе» (польск.: Brygada KOP «Polesie») — пятая брыгада Корпуса аховы памежжа часоў міжваеннай Польскай Рэспублікі, якая размяшчалася ў 1925—1939 гадах у Лахве і Лунінцы. Прымала ўдзел у абароне дзяржаўных межаў падчас пахода Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь.

Брыгада Корпуса аховы памежжа «Палессе»
Brygada KOP «Polesie»
Ваяводства, усходнюю мяжу якога ахоўвала брыгада, выдзелена цёмна-сінім колерам
Гады існавання 1925 — 1939
Краіна  Польшча
Уваходзіць у Корпус аховы памежжа
Тып брыгада
Функцыя Ахова савецка-польскай мяжы
Дыслакацыя Лахва (1925—1938)
Лунінец (1938—1939)
Войны Польская абарончая вайна (1939)
Удзел у
Камандзіры
Вядомыя камандзіры палкоўнік Станіслаў Уржалінскі
палкоўнік Тадэвуш Ражыцкі-Каладзейчык

Гісторыя

правіць

На паседжанні палітычнага камітэта Рады міністраў Польскай Рэспублікі, якое адбывалася 21—22 жніўня 1924 года было прынята рашэнне аб стварэнні адмысловага ўзброенага фармавання для аховы ўсходняй мяжы, з прычыны чаго 12 верасня 1924 г. польскае Міністэрства вайсковых спраў выдала распараджэнне аб стварэнні Корпуса аховы памежжа, а 17 верасня таго ж года — дапаўненне з указаннем яго структуры. На другім этапе арганізацыі гэтага вайсковага ўтварэння на падставе загада генеральнага штаба №1600 была заснавана пятая памежная брыгада[1].

Адзінкай для яе фармавання быў 78-ы пяхотны полк[2]. Утворанае на яе базе падраздзяленне заступіла на варту 12 сакавіка 1925 г. і пачало дзейнічаць на тэрыторыі Палескага ваяводства, дзе для ажыццяўлення памежнай службы ёй быў адведзены адрэзак дзяржаўнай савецка-польскай мяжы даўжынёй у 445 км і глыбінёй 30 км. У склад брыгады ўвайшлі 15-ы, 16-ы, 17-ы і 18-ы памежныя батальёны, а таксама 15-ы, 16-ы і 17-ы кавалерыйскія эскадроны. Камандаванне знаходзілася ў мястэчку Лахва[3].

У 1926 г. на ўзроўні брыгады была ўтворана школа для ўнтэр-афіцэраў пяхоты, якая была размешчана ў Давыд-Гарадку пры 17-ым памежным батальёне, пазней ліквідаваная ўлетку 1928 года[4]. Замест яе і іншых падобных установаў у крэпасці Асавец на Падляшшы быў адчынены школьны батальён Корпуса аховы памежжа[5].

У наступным годзе брыгада «Палессе» пашырылася за кошт уключэння ў яе склад другога памежнага батальёна, размешчанага ў Бэрэзным і пятага кавалерыйскага эскадрона з першай памежнай брыгады «Валынь». З мэтай павелічэння патрэбнай колькасці кваліфікаваных вайскоўцаў-сапёраў, 1 красавіка 1928 года быў адчынены навучальны цэнтр для іх падтрыхтоўкі пры сямнаццатым памежным батальёне ў Давыд-Гарадку, а ў 1931 г. сапёрныя роты з’явіліся пры ўсіх памежных брыгадах[6]. Яны дзяліліся на 4 часткі і называліся ў адпаведнасці з адзінкамі іх размяшчэння. У пятай брыгадзе была ўтворана рота першага тыпу, якая ўтрымлівала камандаванне, гаспадарчую дружыну і тры ўзводы: першы меў чатыры, а астатнія — па тры дружыны. Штат роты складаўся з чатырох афіцэраў, трынаццаці ўнтэр-афіцэраў і 106 шараговых жаўнераў[7].

Па звестках 1928 г., брыгада ахоўвала адрэзак дзяржаўнай мяжы працягласцю ў 424.205 км[8]. У ліпені 1929 года пятая памежная брыгада была афіцыйна пераназвана ў брыгаду «Палессе» згодна з правілам, у адпаведнасці з якім адзінкі Корпуса аховы памежжа сталі называцца паводле мясцовасцяў іх дыслакацыі. Тое ж самае адбылося і з усімі адзінкамі, якія ўваходзілі ў яе склад. Праз два гады нумарацыя адзінак, якая ў 1929—1931 г. з’яўлялася дадатковай, увогуле была скасавана.

Загадам камандавання ад 23 лютага 1937 года была распачата першая фаза рэканструкцыі Корпуса аховы памежжа «R.3», у выніку чаго падраздзяленне апынулася перагрупаваным: полк «Сарны» быў выключаны са склада брыгады, а яе камандаванне падверглася рэарганізацыі. Паводле загада, выдадзенага камандаваннем Корпуса аховы памежжа 18 кастрычніка 1938 г., месца размяшчэння штаба брыгады «Палессе» і камандавання паліцэйскага ўзвода было перанесена з Лахвы да Лунінца[9].

Мабілізацыя і ўдзел у абарончай вайне

правіць

У сакавіку 1939 г. рота сапёраў «Столін» пад камандаваннем капітана Чэслава Павульскага была мабілізавана і перадыслакавана ў раён баявых дзеянняў арміі «Познань»  (англ.)[10].

У верасні таго ж года на базе камандавання брыгады «Палессе» была арганізавана 38-я рэзервовая пяхотная дывізія, якая ўключала тры батальёны: «Людвікова», «Сінкевічы» і «Давыд-Гарадок». У сувязі з пачаткам польскай абарончай вайны дывізія была мабілізавана. Па вяртанні адзінак брыгады, яе дзейнасць па ахове ўсходняй мяжы даўжынёй 262.339 км была адноўлена[11].

17 верасня 1939 г. брыгада «Палессе» была атакавана падраздзяленнямі 17-га аддзела памежных войскаў НКУС. Надыходзячыя ў тым кірунку адзінкі 4-й арміі камкора Васіля Чуйкова і 23-га самадзейнага стралковага корпуса ў той дзень яшчэ не былі гатовыя дзейнічаць, таму баі, якія адбываліся паміж польскімі і савецкімі войскамі на той час не былі вельмі інтэнсіўнымі[12]. Гэта дазволіла камандзіру Корпуса аховы памежжа Вільгельму Орліку Рукеману выдаць загад аб адступленні брыгады і ўтварэнні імправізаванага вайсковага згуртавання з колішніх памежнікаў, якое працягнула ўдзел у абарончай вайне[13].

Аднак, з-за няправільных дзеянняў часткі падраздзяленняў, брыгада «Палессе» не здолела дасягнуць пастаўленай камандзірам мэты. У выніку таго, што памежнікі не змаглі выканаць загад аб нанясенні ўдара па 52-й стралковай дывізіі, палкоўнік Ружыцкі-Каладзейчык пачаў напад на савецкія войскі ў паўднёва-заходнім кірунку толькі з дапамогай адной пяхотнай роты, якая была разбіта часткамі Чырвонай Арміі. Камандзір брыгады аддаў загад аб яе расфармаванні, але жаўнеры кінулі зброю і здаліся ў палон[14].

Структура

правіць

Арганізацыя ў 1925 годзе

правіць
  • Камандаванне брыгады
  • 15-ы памежны батальён
  • 16-ы памежны батальён
  • 17-ы памежны батальён
  • 18-ы памежны батальён
  • 15-ы кавалерыйскі эскадрон
  • 16-ы кавалерыйскі эскадрон
  • 17-ы кавалерыйскі эскадрон

Арганізацыя ў 1927 годзе

правіць
  • Камандаванне брыгады
  • Школа для ўнтэр-афіцэраў пяхоты
  • 2-і памежны батальён
  • 15-ы памежны батальён
  • 16-ы памежны батальён
  • 17-ы памежны батальён
  • 18-ы памежны батальён
  • 5-ы кавалерыйскі эскадрон
  • 15-ы кавалерыйскі эскадрон
  • 16-ы кавалерыйскі эскадрон
  • 17-ы кавалерыйскі эскадрон

Арганізацыя ў 1934 годзе

правіць
  • Камандаванне брыгады
  • Полк «Сарны»
  • 15-ы памежны батальён «Людвікова»
  • 16-ы памежны батальён «Сінкевічы»
  • 17-ы памежны батальён «Давыд-Гарадок»
  • 15-ы кавалерыйскі эскадрон «Ганцавічы»
  • 16-ы кавалерыйскі эскадрон «Быстрыцы»
  • Рота сапёраў «Столін»[15]

Кіраўніцтва

правіць

Камандзіры брыгады

правіць
  • кастрычнік 1925 — 1 чэрвеня 1926 — палкоўнік пяхоты Станіслаў Уржалінскі[16]
  • 2 чэрвеня 1926 — 3 верасня 1926 — маёр Багуслаў Кунц
  • 28 мая 1926 — палкоўнік пяхоты Браніслаў Астроўскі (→ камандзір брыгады «Навагрудак»)
  • 3 верасня 1926 — 24 ліпеня 1928 — палкоўнік пяхоты Баляслаў Антоні Фіялкоўскі
  • 24 ліпеня 1928 — 1930 — палкоўнік пяхоты Тадэвуш Валкоўскі
  • снежань 1933 — 5 красавіка 1937 — палкоўнік пяхоты Станіслаў Сабешчак
  • 5 красавіка 1937 — жнівень 1939 — дыпламаваны палкоўнік пяхоты Мечыслаў Равіч-Мыслоўскі
  • верасень 1939 — палкоўнік дыпламаваны Тадэвуш Ражыцкі-Каладзейчык[11]

Штат батальёна ў чэрвені 1939 года

правіць
  • Камандзір — палкоўнік Мечыслаў Равіч-Мыслоўскі
  • Камандзір штаба — маёр Тадэвуш Рычаль
  • 1-ы афіцэр штаба — капітан Францішак Лянарчык
  • Камандзір узвода — капітан Аўгусцін Сабат[17]

Зноскі

правіць

Літаратура

правіць
  • Анджэй Канстанкевіч, Ежы Прохвіч, Ян Руткевіч. Korpus Ochrony Pogranicza 1924—1939. — Варшава: Barwa i Broń, 2003. — ISBN 978-83-900217-9-9.
  • Багуслаў Поляк, Ежы Прохвіч, Марэк Яблонаўскі, Уладзімір Янкоўскі. O niepodległą i granice. Korpus Ochrony Pogranicza 1924—1939. Wybór dokumentów. — ВаршаваПултуск: Wyższa Szkoła Humanistyczna w Pułtusku. Wydział Dziennikarstwa i Nauk Politycznych Uniwersytetu Warszawskiego, 2001. — ISBN 83-88067-48-8.
  • Генрык Дамінічак. Ochrona granicy wschodniej w latach 1919-1939. Z dziejów formacji granicznych. — Варшава: Akademia Spraw Wewnętrznych. Katedra Historii i Archiwistyki, 1983.
  • Генрык Дамінічак. Granica wschodnia Rzeczypospolitej Polskiej w latach 1919—1939. — Варшава: Wydawnictwo Naukowe PWN, 1992. — ISBN 83-01-10202-0.
  • Ежы Прохвіч. Korpus Ochrony Pogranicza w przededniu wojny, Część II. Przemiany organizacyjne i przygotowania wojenne KOP w 1939 roku. — «Wojskowy Przegląd Historyczny», №4 (150)/1994. — Варшава: Czasopisma Wojskowe, 1994. — С. 148—160. — ISBN 0043-7182.
  • Ежы Прохвіч. Formacje Korpusu Ochrony Pogranicza w 1939 roku. — Варшава: Wydawnictwo Neriton, 2003. — ISBN 83-88973-58-4.
  • Здзіслаў Юзаф Кутар. Saperzy II Rzeczypospolitej. — Варшава: Pat, 2005. — ISBN 83-921881-3-6.
  • Івона Вішнеўская, Катажына Проміньская. Wstęp do inwentarza zespołu archiwalnego „Brygada Korpusu Ochrony Pogranicza «Wilno»”. — Шчэцін: Archiwum Straży Granicznej, 2013.
  • Крыштаф Камароўскі. Boje Polskie 1939–1945. Przewodnik encyklopedyczny. — Варшава: Bellona Spółka Akcyjna, 2009. — ISBN 978-83-7399-353-2.
  • Х’юберт Бяроза, Каятан Шчэпаньскі. Centralna Szkoła Podoficerska KOP. — Граева: Towarzystwo Przyjaciół 9 PSK, 2014. — ISBN 978-83-938921-7-4.