Бярэзінская ступень
Бярэзінская ступень — тэктанічная структура ў Светлагорскім, Буда-Кашалёўскім і Гомельскім раёнах, у паўночнай структурнай зоне Прыпяцкага прагіну.
Выдзяляецца па паверхні фундамента, падсалявых і міжсалявых адкладах. На поўначы і поўдні абмежавана адпаведана Паўночна-Прыпяцкім краявым і Бярэзінскім рэгіянальным разломамі. На поўначы мяжуе з Беларускай антэклізай і Гарадоцка-Хацецкай ступенню, на поўдні — з Рэчыцка-Шацілкаўскай ступенню. Распасціранне субшыротнае. Даўжыня больш за 100 км, шырыня 3-5 км. Фундамент у межах Бярэзінскай ступені на адзнаках ад -2400 да -5200 м.
У разрэзе платформавага чахла пароды верхняга пратэразою магутнасцю 230 м, дэвонскія падсалявыя тэрыгенныя 260 м, падсалявыя карбанатныя 300 м, ніжнесаляносныя да 800 м, міжсалявыя да 710 м, верхнесаляносныя да 2500 м і надсалявыя дэвонскія, каменнавугальныя і мезазойска-кайназойскія да 1500 м адклады. Падсалявыя і міжсалявыя адклады на большай частцы ступені апускаюцца на поўдзень. Разрыўнымі парушэннямі Бярэзінская ступень разбіта на блокі.
Адкрыта Бярэзінскае радовішча нафты.
Літаратура
правіць- Кудравец І. Д. Бярэзінская ступень // Энцыклапедыя прыроды Беларусі. У 5-і т. Т. 1. Ааліты — Гасцінец / Рэдкал. І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ імя Петруся Броўкі, 1983. — 575 с., іл. — 10 000 экз.