ВАЗ-2101
Тып(ы) кузавы: | 4‑дзв. седан (5‑месн.) |
Платформа: | Fiat 124, ВАЗ-2101 |
Аб'ём бака: | 39 л |
ВАЗ-2101 «Жыгулі» (на экспартных рынках прадаваўся як Lada 1200) — савецкі заднепрывадны легкавы аўтамабіль з кузавам тыпу седан. Першая мадэль, якую вырабілі на Волжскім аўтамабільным заводзе. За ўвесь час вытворчасці (з 1970 па 1988 гады) ВАЗ вырабіў 4,85 млн аўтамабіляў ВАЗ-2101 усіх мадыфікацый з кузавам седан.
На аснове ВАЗ-2101 было створана так званае «класічнае» сямейства аўтамабіляў ВАЗ, якое знаходзілася на канвееры да 17 верасня 2012 года.
У 2000 годзе ВАЗ-2101 быў названы лепшым расійскім аўтамабілем XX стагоддзя па выніках усерасійскага апытання, якое правеў часопіс «За рулём»[1].
Гісторыя
правіць16 жніўня 1966 года ў Маскве было падпісана генеральнае пагадненне паміж італьянскай кампаніяй Fiat і савецкім Знешгандлем аб навукова-тэхнічным супрацоўніцтве ў галіне распрацоўкі легкавых аўтамабіляў. У яго рамках быў зацверджаны праект будаўніцтва аўтазавода на тэрыторыі СССР. Гэтым пагадненнем вызначаліся і самі мадэлі: два аўтамабілі ў камплектацыі «норма» з кузавамі седан (ВАЗ-2101) і ўніверсал (ВАЗ-2102), і аўтамабіль «люкс» (ВАЗ-2103). У якасці прататыпа для «нормы» адразу быў вызначаны Fiat 124, які атрымаў у 1967 годзе тытул «Аўтамабіль года».
Улетку 1966 года праходзіла першае знаёмства савецкіх спецыялістаў з італьянскім аўтамабілем. У ходзе выпрабаванняў на дарогах СССР у аўтамабіляў выявіліся сур'ёзныя праблемы з даўгавечнасцю кузава і задніх дыскавых тармазоў. Невялікі дарожны прасвет і адсутнасць буксірных правушын рабілі праблематычнай эксплуатацыю машын на прасёлку. Ніжневальны рухавік — абсалютна бесперспектыўны з пункту гледжання далейшага развіцця канструкцыі. Усе заўвагі савецкіх спецыялістаў былі ўлічаны італьянскімі канструктарамі. Усяго ў канструкцыю Fiat 124 было ўнесена звыш 800 змен. Адаптаваны варыянт атрымаў назву Fiat 124R.
Першыя шэсць машын былі сабраныя з замежных камплектуючых у ноч з 18 на 19 красавіка 1970 года. Мантаж і наладка вытворчых ліній актыўна працягваліся да ліпеня ўключна, першы серыйны аўтамабіль сышоў з канвеера 5 жніўня 1970 года. Працаёмкасць вытворчасці аўтамабіля на канец 1970 года складала 136,7 нормагадзіны, фактычны сабекошт аўтамабіля ў снежні 1970 года склаў 3703 рублі[2].
У 1970 годзе ў Тальяці сабралі 21 530 машын ВАЗ-2101, а ў 1971 годзе гэтая колькасць узрасла да 172 175 аўтамабіляў, а пік выпуску ВАЗ-2101 прыйшоўся на 1973 год, калі было сабрана 379 007 экзэмпляраў. На праектную моц завод выйшаў у 1974 годзе.
Мадыфікацыі
правіцьБазавыя
правіць- ВАЗ-2101 — базавы варыянт, рухавік 1,2 л. (1970–1983); Выраблена 2.710.930 асобнікаў[3].
- ВАЗ-21011 — так званая «адзінаццатая» — асноўныя змены прыйшліся на мадыфікацыю кузава, салон якога атрымаў больш зручныя па форме пярэднія сядзенні і некалькі змененыя органы кіравання, а таксама попельніцы, якія былі перанесены з задніх падлакотнікаў у панэлі дзвярэй. У дадатак да гэтага мадыфікацыя атрымала больш магутны 69-моцны рухавік працоўным аб'ёмам 1,3 л. Гэтыя аўтамабілі маюць іншую рашотку радыятара, у ніжняй частцы панэлі перадка з'явіліся чатыры дадатковыя прарэзы, для найлепшага паветрапрытоку да радыятара сістэмы ахаладжэння. Бамперы страцілі «іклы» і атрымалі ў замест гумавыя накладкі па перыметры. На стойках кузава ВАЗ-21011 ззаду пачалі месціць адтуліны спецыяльнай выцяжной вентыляцыі салона, якія прыкрывалі арыгінальнымі рашоткамі, стоп-сігналы і паказальнікі павароту атрымалі адбівальнікі. На аўтамабіль пачалі ўсталёўваць ліхтар задняга ходу (1974–1983).
- ВАЗ-21013 — адрозніваецца ад ВАЗ-21011 рухавіком ВАЗ-2101 меншай магутнасці (працоўны аб'ём 1,2 л) (1977–1988). Экспартны варыянт (Lada 1200s) меў адрознае аздабленне: акантоўкі фар, рашотка радыятара і вонкавае люстэрка былі чорнага колеру, колы — ад 2103, а ў салоне — сядзенні з падгалоўнікамі[4].
Гл. таксама : ВАЗ-2102 — мадыфікацыя з кузавам універсал.
Для краін з левабаковым рухам
правіць- ВАЗ-21012 і ВАЗ-21014 — праварульныя мадыфікацыі ВАЗ-2101 і ВАЗ-21011 адпаведна;
З ротарна-поршневым рухавіком
правіцьПрацы па стварэнні на ВАЗе ротарна-поршневага рухавіка пачаліся ў 1974 годзе, а у 1976 годзе было выраблена 30 эксперыментальных узораў ротарна-поршневых рухавікоў ВАЗ-311 (1 секцыйны, магутнасцю 70 к.с.). Аўтамабіль на базе ВАЗ-21011 аснашчаны гэтым рухавіком атрымаў назву ВАЗ-21018. У перыяд 1979–1980 гг. выраблена 260 аўтамабіляў[5].
У красавіку 1980 выраблена першая доследна-прамысловая партыя аўтамабіляў ВАЗ-21019 з рухавіком ВАЗ-411 (2 секцыйны, 120 к.с.).
Адмысловыя
правіць- ВАЗ-2101-94 — дадзеная мадыфікацыя ўяўляла сабой ВАЗ-2101, укамплектаваны рухавіком працоўным аб'ёмам 1,5 л ад ВАЗ-2103. Аўтамабіль у першую чаргу прызначаўся для міліцыі і спецслужбаў.
- ВАЗ-21016 — кузаў ВАЗ-2101 з 1,3 л рухавіком ВАЗ-21011.[6]
Канструкцыя
правіць- Рухавік: чатырохтактны, карбюратарны, радны, з верхнім размяшчэннем размеркавальнага вала, аб'ёмам 1198 см³, магутнасцю 47,2 к.с. пры 5600 аб/хв.
- Карбюратар: двухкамерны вертыкальны ДААЗ-2101 (Weber 32 DCR) з паслядоўным адкрыццём дроселяў.
- Каробка перадач: чатырохступеньчатая з касазубымі шасцернямі пастаяннага счаплення і сінхранізатарамі — пярэдняга ходу, і прамазубай — задняга.
- Галоўная перадача: касазубая з перадатачным лікам 4,3.
- Дынаміка: разгон да 100 км/г за 20 секундаў, максімальная хуткасць складае 145 км/г.
Дыск шырынёй 4,5 цалі і з вылетам 37 мм меў восем вентыляцыйных адтулін авальнай формы. На машынах перыяду 1970-1974 гг. таксама маглі ставіцца і іншыя дыскі — з шаснаццаццю круглымі адтулінамі. У першыя гады дыскі фарбаваліся ў срэбны колер, аднак пазней на ўсе аўтамабілі 2101 усталёўваліся толькі дыскі з авальнымі адтулінамі, афарбаваныя ў шэра-белы колер. Цэнтральную частку вобада закрываў храмаваны каўпак[7]. Ва ўсіх мадыфікацыях для ўнутранага рынку аўтамабілі камплектаваліся дыяганальнымі шынамі И-151[8].
Адрозненні ад Fiat 124
правіцьЗамест ніжневальнага рухавіка (73х71,5 мм) ВАЗ-2101 атрымаў новы верхневальны рухавік (76х66 мм). Маючы такую ж ступень сціску (8,8) матор меў большую магутнасць (64 к.с. супраць 60 к.с. пры 5600 аб/хв). Круцільны момант павялічыўся з 87 Н·м да 89 Н·м (пры 3400 аб/хв). У каробцы перадач прымянілі сінхранізатары ад спартовай версіі Fiat 124. Павялічылі памер счаплення: 200 мм замест 182 мм у «Фіата». Пярэдняя падвеска ВАЗа у параўнанні з прататыпам канструктыўна не змянілася, але была зменена кінематыка, узмоцнены і зменены некаторыя дэталі, у прыватнасці, спружыны, шаравыя апоры. Ззаду, замест спружыннай падвескі з трыма штангамі і стабілізатарам спераду, паставілі іншую — на пяці штангах (падобная ўсталёўвалася на Fiat 124 Special). Ад задніх дыскавых тармазоў адмовіліся на карысць барабанных. Кожны з асобных контураў тармазоў атрымаў асобны бачок для тармазной вадкасці, у італьянскай версіі бачок быў агульны.
Кузаў быў узмоцнены, маса вырасла прыкладна на 100 кг (955 кг у параўнанні з 855 кг у Фіата 124). Павелічэнне вагі часткова скампенсавана павелічэннем магутнасці рухавіка. Знешне машыны мала адрозніваліся. Іклы на бамперах у «Жыгулей» былі большага памеру, чым у «Фіата». Замест кнопкавых ручкак дзвярэй — выцяжныя, пад ніжні ўхоп. Такія дзвярныя ручкі першапачаткова планавалі ставіць толькі на ВАЗ-2103, аднак з мэтай уніфікацыі іх атрымаў таксама і ВАЗ-2101. На панэлі прыбораў замест сігнальнай лямпы перагрэву рухавіка з'явіўся паказальнік тэмпературы ахалоджвальнай вадкасці. Санкі пярэдніх сядзенняў Fiat перарабілі такім чынам, каб сядзенні раскладваліся, утвараючы спальнае месца[9][10].
У спорце
правіць- Ралі
Упершыню на старт міжнародных спаборніцтваў Лада выйшла ў 1971 годзе. Дэбют адбыўся на ралі-марафоне «Тур Еўропы», арганізаваным нямецкім аўтаклубам ADAC. Экіпаж Касціціса Гірдаускаса і Ульдзіса Мадравіца выйграў марафон у класе «1300» і заняў другое месца ў абсалютным заліку. Экіпаж Якава Лук'янава і Аляксандра Карамышава паказаў трэці вынік у класе і дзявяты ў абсалютным заліку[11].
У чэмпіянаце свету па ралі ВАЗ-2101 выступалі да 1982 года.
- Кальцавыя гонкі
У 1972 годзе ВАЗ-2101 накіраваўся на кальцавыя гонкі, для ўдзелу ў якіх быў істотна мадыфікаваны. Павялічылі магутнасць рухавіка і ўзмацнілі тармазы, памянялі рулявое кіраванне і падвеску. З салона прыбралі непатрэбныя кампаненты, такія як сядзенні і шумаізаляцыю. У другой палове 1970-х завадскія гоншчыкі пачалі выкарыстоўваць адмыслова створаныя машыны. Яны адрозніваліся ад серыйных аўтамабіляў адсутнасцю абароны ад карозіі, для памяншэння вагі асобныя дэталі былі выраблены з больш тонкіх лістоў. Частка кузаўных панэляў была алюмініевай, напрыклад, капот або крышка багажніка. Пазней з'явіліся і аэрадынамічныя мадыфікацыі з выкарыстаннем розных спойлераў або дапрацаванага пярэдняга бампера[12].
- Ралі-крос
У 1973 годзе ВАЗ-2101 пачалі выступаць у ралі-кросе. Спачатку гэта былі толькі мінімальна мадыфікаваныя аўтамабілі, якія адрозніваліся, перш за ўсё, каркасам бяспекі і пазадарожнымі шынамі. З канца 1970-х гадоў да падрыхтоўкі аўтамабіляў для ралі-кроса сталі падыходзіць больш сур'ёзна. Канструкцыя узмацнялася ахоўным каркасам з адмысловай сталі. Змянялася падвеска: звычайна выкарыстоўваліся больш цвёрдыя спружыны ад універсала ВАЗ-2102 ці пазней ад ВАЗ-2121 «Ніва». У некаторых аўтамабіляў нават былі дэталі шасі ад Волгі. Узмацнялі таксама восі, стабілізатары, дарожны прасвет павялічваўся да 240–245 мм. Часта мянялі выхлапную сістэму, каб яна стала карацей, выводзячы выхлапную трубу збоку кузава[12].
Зноскі
- ↑ Референдум // За рулём : часопіс. — 2000. — № 01. — С. 10-13. (руск.)
- ↑ ВАЗ-2101. Дром утверждает: в 1970 году первую серийную «копейку» собрали не 19 апреля, а в августе (руск.). drom.ru (12 чэрвеня 2020). Праверана 20 сакавіка 2021.
- ↑ Символ минувшего века // За рулём : часопіс. — 2011. — № 9. — С. 156–165. (руск.)
- ↑ Экспортный вариант: 12 неожиданных фактов о редких Жигулях (руск.). zr.ru (19 лютага 2020). Праверана 20 лютага 2020.
- ↑ Киселева, Р. А. Борис Поспелов. — Тальяці: АВТОВАЗ, 2006. — С. 96–101. — (Творцы АВТОВАЗа.). — 500 экз. (руск.)
- ↑ Кароткі аўтамабільны дапаможнік НВІАТ. — выданне дзясятае, перапрацаванае й дададзенае. — Масква: «Транспорт», 1985. — С. 26. — 220 с. — 350 000 экз.
- ↑ Колёса страны советов: заводские диски автомобилей ВАЗ (руск.). kolesa.ru (23 верасня 2015). Праверана 29 студзеня 2020.
- ↑ По следам Pirelli и Michelin: история штатных шин автомобилей ВАЗ (руск.). kolesa.ru (28 лістапада 2015). Праверана 29 студзеня 2020.
- ↑ "Жигули": перспективный автомобиль или обман советского руководства? (руск.). abw.by (4 студзеня 2015). Праверана 20 сакавіка 2021.
- ↑ Вкус Жигулёвского. ВАЗ-2101 и Fiat 124: ищем разницу. И находим // За рулём : часопіс. — 2018. — № 9. — С. 120–121. (руск.)
- ↑ Самый первый спорткар Lada: как он появился и что выиграл? (руск.). ru.motor1.com (19 красавіка 2020). Праверана 22 красавіка 2020.
- ↑ а б Lada závodí už 50 let. Připomeňte si závodní žigulíky pro rallye i okruhy (чэшск.) . auto.cz (18 сакавіка 2021). Праверана 20 сакавіка 2021.
Літаратура
правіць- Вершыгора В.А., Зельцэр В.І., Пяткоў К.Б. Аўтамабілі ВАЗ. — Масква: Транспорт, 1974. — 368 с. (руск.)
- Катляроў В.А. Высокай думкі полымя. — Тальяці: АВТОВАЗ, 2000. — 357 с. (руск.)
- Каліскі В.С., Манзон А.І., Нагула Г.Е. Дапаможнік кіроўцу-аматару. — Кіеў: Техника, 1975. — 256 с. (руск.)
- Аўталегенды СССР. ВАЗ-2102 «Жыгулі». №15. «DeAgostini». 2010. ISSN 2071-095X.
{{cite journal}}
:|volume=
мае залішні тэкст (даведка); Адсутнічае або пусты|title=
(даведка) (руск.) - Аўталегенды СССР. ВАЗ-2101 «Жыгулі». №25. «DeAgostini». 2011. ISSN 2071-095X.
{{cite journal}}
:|volume=
мае залішні тэкст (даведка); Адсутнічае або пусты|title=
(даведка) (руск.) - Вкус Жигулёвского. ВАЗ-2101 и Fiat 124: ищем разницу. И находим // За рулём : часопіс. — 2018. — № 9. — С. 120–121. (руск.)
Гл. таксама
правіцьВАЗ-2101 на Вікісховішчы |