Вобласць цывільнага кіравання
Вобласць цывільнага кіравання (ням.: CdZ-Gebiet, вытворнае ад Chef der Zivilverwaltung — кіраўнік цывільнай адміністрацыі) — адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка на тэрыторыях, акупаваных Трэцім рэйхам у час Другой сусветнай вайны. Тэрыторыі, на якіх пасля акупацыі замест ваеннай адміністрацыі паступова ўводзілася нямецкая цывільная адміністрацыя, прызначаліся для поўнай германізацыі і наступнага далучэння да Трэцяга рэйха.
Усяго ў выніку вайны былі створаны наступныя вобласці цывільнага кіравання:
- Карынтыя і Крайна (югаслаўская тэрыторыя) для наступнага далучэння да рэйхсгау Карынтыя;
- Ніжняя Штырыя (югаслаўская тэрыторыя) для наступнага далучэння да рэйхсгау Штырыя;
- Латарынгія (французская тэрыторыя) для наступнага далучэння да рэйхсгау Вестмарк;
- Эльзас (французская тэрыторыя) для наступнага ўваходжання да гау Бадэн;
- Люксембург (герцагства Люксембург) для наступнага ўваходжання да гау Мозельланд.
На чале гэтых адміністрацыйных адзінак стаяў кіраўнік цывільнай адміністрацыі (ням.: Chef der Zivilverwaltung).
Нягледзячы на тое, што на тэрыторыях нямецкага цывільнага кіравання прымянялася нямецкае права, яны афіцыйна не былі анексаваны і ўключаны ў склад Трэцяга рэйха[крыніца?]. Аднак яны, у адрозненне ад Пратэктарата, Генерал-губернатарства і іншых акупаваных тэрыторый, не лічыліся замежжам[крыніца?].