Вольга Аліфіравец

Вольга Аліфіравец (8 чэрвеня 1987, Наваполацк, Беларуская ССР) — шведская біятланістка беларускага паходжання, удзельніца Кубка IBU, прызёр чэмпіяната Швецыі па біятлоне і летнім біятлоне. У складзе зборнай Беларусі — прызёр юніёрскага чэмпіяната свету, уладальніца юніёрскага Кубка IBU.

Вольга Аліфіравец
Род дзейнасці біятланіст
Дата нараджэння 8 чэрвеня 1987(1987-06-08) (36 гадоў)
Месца нараджэння
Грамадзянства
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Біяграфія правіць

Пачала займацца біятлонам у Наваполацку з 1995 года, трэнеры — Васіль Міхайлавіч і Наталля Феліксаўна Лешчанка, трэнер у зборнай — Фёдар Свабода.

З сезона 2004/05 прымала удзел у гонках юніёрскага Кубка IBU. На чэмпіянаце свету сярод юніёраў 2005 года ў Контыялахты ў катэгорыі «да 19 год» здабыла бронзавыя медалі ў гонцы пераследвання, саступіўшы Дар’і Домрачавай і Святлане Сляпцовай, а таксама заняла чацвёртае месца ў спрынце, дзясятае — у індывідуальнай гонцы і шостае — у эстафеце. На наступным чэмпіянаце свету, у 2006 годзе у Прэск-Айле, лепшым вынікам стала сёмае месца ў гонцы пераследвання.

Юніёрская кар’ера правіць

На юніёрскім чэмпіянаце свету 2007 года ў Валь-Мартэла выступала ў катэгорыі «да 21 года» і не паднялася вышэй за 24-е месца ў асабістых відах. У тым жа годзе упершыню прыняла ўдзел у юніёрскім чэмпіянаце Еўропы, дзе была сёмай у індывідуальнай гонцы, восьмай — у спрынце, 14-й у гонцы пераследвання і шостай — у эстафеце.

У сезоне 2007/08 стала пераможцам агульнага заліку юніёрскага Кубка IBU. На асобных этапах здабыла дзве перамогі (у спрынтах у Гейло і Вальрамее) і некалькі разоў падымалася на подыум. На юніёрскім чэмпіянаце свету ў Рупольдзінгу і чэмпіянаце Еўропы ў Нове-Места выступала не так паспяхова, не падымалася ў асабістых відах вышэй за 10-е месца. Па сканчэнні сезона 2007/08 выйшла замуж і вырашыла завяршыць спартыўную кар’еру. Эмігрыравала разам з мужам у Швецыю, нарадзіла дзіця.

Дарослая кар’ера правіць

У Швецыі спачатку займалася біятлонам на аматарскім узроўні. Праз аматарскія спаборніцтвы прабілася на ўзровень чэмпіяната Швецыі, дзе была заўважана трэнерскім штабам зборнай. Атрымаўшы падданства Швецыі, была ўключана ў склад другой зборнай краіны. Трэніруецца пад кіраўніцтвам Вольфганга Піхлера.

У снежні 2015 года здабыла бронзавы медаль чэмпіяната Швецыі ў індывідуальнай гонцы. У летнім біятлоне станавілася срэбраным прызёрам у спрынце і бронзавым — у пасьюце (2015).

З сезона 2015/16 выступала на Кубку IBU, дэбютавала ў лістападзе 2015 года на этапе ў Ідры, заняла 65-е месца ў спрынце. У тым жа сезоне на этапе ў Нове-Места ўпершыню набрала ачкі, заняўшы 38-е месца ў спрынце. На чэмпіянаце Еўропы 2016 года ў Цюмені займала 24, 25 і 26 месцы. Таксама прымала ўдзел у чэмпіянаце Еўропы 2017 года ў Душнікі-Здруй, лепшым вынікам стала 24-е месца. У сакавіку 2017 года на этапе Кубка IBU ў Контыялахты паказала найлепшы вынік у дарослай кар’еры, заняўшы трэцяе месца ў індывідуальнай гонцы.