Вулканоіды
Вулкано́іды — гіпатэтычныя астэроіды, якія могуць мець арбіту ў дынамічна стабільнай зоне паміж 0,08 і 0,21 а. а. ад Сонца, унутры арбіты Меркурыя. Назва паходзіць ад гіпатэтычнай планеты Вулкан, якую беспаспяхова шукалі астраномы XVIII ст. для тлумачэння залішняй прэцэсіі перыгелія Меркурыя. Пасля высветлілася, што анамальная арбіта Меркурыя гэта эфект, які тлумачыцца агульнай тэорыяй адноснасці.
Вулканоіды дагэтуль не выяўлены, нягледзячы на шматлікія пошукі з дапамогай наземных тэлескопаў і нядаўнія пошукі, якія правяла НАСА з выкарыстаннем паветраных суднаў для палётаў на вялікай вышыні F-18 і субарбітальных ракет Black Brant. Пошукі было надзвычай складана праводзіць з-за яркасці Сонца. Калі вулканоіды і існуюць, то мяркуецца, што іх дыяметр не перавышае 60 км з прычыны магчымага альбеда, бо буйнейшыя аб’екты ўжо былі б выяўлены.
Тым не менш, лічыцца, што вулканоіды могуць існаваць, бо пошукавы раён гравітацыйна стабільны. Акрамя таго, усыпаная кратарамі паверхня Меркурыя можа азначаць, што папуляцыя вулканоідаў, верагодна, існавала на самай ранняй стадыі ўтварэння Сонечнай сістэмы. Для будучых пошукаў вулканоідаў, хутчэй за ўсё, будуць выкарыстоўвацца невялікія тэлескопы касмічнага базіравання, здольныя весці назіранні за калясонечнымі абласцямі.
Фізічныя характарыстыкі
правіцьКалі вулканоіды ёсць, то мусяць быць адносна невялікімі, бо папярэднія пошукі (у прыватнасці з дапамогай касмічнага карабля STEREO) выключалі наяўнасць астэроідаў дыяметрам больш за 6 кіламетраў. Мінімальны памер складае каля 100 метраў, бо часціцы памерам менш за 0,2 мкм моцна адштурхваюцца ціскам выпраменьвання, а аб’екты памерам менш за 70 м будуць прыцягвацца да Сонца за кошт эфекту Пойнтынга-Робертсана. Лічыцца, што ў такіх памерных межах магчыма існаванне папуляцыі астэроідаў дыяметрам 1-6 кіламетраў.[1]
Лічыцца, што вулканоіды будуць вельмі багатыя элементамі з высокай тэмпературай плаўлення, такімі як жалеза і нікель. Малаімаверна, што яны змяшчаюць рэгаліт, бо такі фрагментаваны матэрыял награваецца і астуджваецца хутчэй і больш схільны да эфекту Яркоўскага, чым цвёрдая парода. Вулканоіды, імаверна, падобны да Меркурыя колерам і альбеда, і могуць змяшчаць матэрыял, які застаўся з самых ранніх этапаў фарміравання Сонечнай сістэмы.
Ёсць сведчанні, што Меркурый сутыкнуўся з буйным аб’ектам адносна позна ў сваім развіцці. Сутыкненне, якое магло знішчыць большую частку кары і мантыі Меркурыя (тэорыя тлумачыць тонкасць мантыі ў параўнанні з мантыяй іншых планет зямной групы), калі б адбылося, то большая частка ўтвораных абломкаў усё яшчэ магла б круціцца вакол Сонца (у зоне вулканоідаў).
Крыніцы
правіць- ↑ Vulcan in the twilight zone (англ.) (27 чэрвеня 2002). Праверана 4 снежня 2023.
Спасылкі
правіць- Britt, Robert R. (Jan. 26, 2004) Elusive Vulcanoids: Search Reaches New Heights