ААТ «ВІЗАС» — былое прадпрыемства, якое выпускала шліфавальныя і спецыяльныя заточныя станкі, у тым ліку з ЛПК[1].

Размяшчалася па адрасе: Віцебск, праспект Фрунзэ, 83.

Гісторыя

правіць

Да 1992 года «ВІЗАС» называўся Віцебскім заводам заточных станкоў. З 1962 па 1991 гады прадпрыемства насіла імя XXII з’езда КПСС.

Завод заточных станкоў лічыўся першым буйным прамысловым прадпрыемствам, якое пачало працаваць у вызваленым ад гітлераўцаў Віцебску. Адбылося гэта на пачатку 1945 года. Завод быў перабазіраваны ў Віцебск з горада Беларэцка ў Башкірыі, куды, у сваю чаргу, быў эвакуіраваны ў пачатку вайны з горада Клін Маскоўскай вобласці. На момант пераезду ў Віцебск прадпрыемства ўжо выпускала станкі.

Першай прадукцыяй завода ў Віцебску былі крапежныя дэталі для пантоннага моста праз Заходнюю Дзвіну, які ўзвялі ўзамен разбуранага ў гады вайны Дзвінскага (сучаснага Кіраўскага) маста. А ў маі 1945 года завод выпусціў першыя станкі.

У сярэдзіне 1950-х гадоў завод заточных станкоў быў мадэрнізаваны. Для яго быў спецыяльна пабудаваны новы будынак на Успенскай горцы, на месцы ўзарванага ў 1936 годзе сабора. Такое незвычайнае знаходжанне завадскіх карпусоў — у самым цэнтры горада, на бачным месцы — выклікала здзіўленне. Гэта таксама перашкаджала росту і развіццю прадпрыемства. Таму, калі ў сярэдзіне 1960-х гадоў было прынятае рашэнне пачать будаўніцтва Усходняга прамысловага вузла ў канцы праспекта Фрунзэ, завод было вырашана туды перанесці. У 1969 годзе прадпрыемства пачало працаваць на новым месцы.

У 1970-я гады завод заточных станкоў быў адным з самых вядомых прадпрыемстваў Віцебска. Ён выпускаў станкі высокай і асоба высокай дакладнасці з аўтаматычным і паўаўтаматычным цыклам працы. Яны экспартаваліся не толькі ў сацыялістычныя краіны, але і ў Велікабрытанію, Францыю, Фінляндыю, Турцыю.

Апроч станкоў, завод выпускала таксама ключы, прыстасаванні для аўтаўладальнікаў, гаражныя замкі. У прадпрыемства былі 2 бібліятэкі, дзіцячы сад, піянерскі лагер. У 1976 годзе завод узнагародзілі Ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга.

У 1991 годзе завод стаў арэндным прадпрыемствам, а ў 1992 годзе атрымаў сучасную назву.

У студзені 2019 года завод заточных станкоў «ВІЗАС» быў уключаны Дзяржаўным камітэтам па маёмасці ў прыватызацыйны спіс. Дзяржава выходзіла з акцыянернага капіталу ААТ і выстаўляла на продаж акцыі, якія ёй належалі. Меркавалася адправіць атрыманыя сродкі на тэхнічную мадэрнізацыю, захаваўшы пры гэтым асноўны від дзейнасці, пашырыць асартымент прадукцыі і геаграфію экспарту, а таксама ўстанавіць зарплаты работнікаў на ўзроўні не ніжэйшым за сярэднія па Віцебску[2].

Аднак прадпрыемства працяглы час працавала са стратамі, і ў чэрвені 2021 года сходам акцыянераў было прынятае рашэнне ліквідаваць прадпрыемства[3].

Крыніцы

правіць

Літаратура

правіць
  • Віцебскі завод заточных станкоў "Візас" // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. / рэдкал.: Г.П. Пашкоў [і інш.]. - Мн., 1997. - Т. 4. - С. 214.
  • Віцебскі завод заточных станкоў "Візас" // Памяць: гісторыка-дакументальная хроніка Віцебска : у 2 кн. / рэдкал.: Г.П. Пашкоў [і інш.] ; склад. А.І. Мацяюн ; маст. Э.Э. Жакевіч. - Мн., 2003. - Кн. 2. - С. 457.