Вікіпедыя:Вікідапаможнік/Змест/1. Як працуе Вікіпедыя

Эпіграф: Уявіце свет, дзе кожны чалавек мае свабодны доступ да ўсіх ведаў чалавецтва.Джымі Вэйлз

1.2. Што такое Вікіпедыя наогул, па якіх прынцыпах працуе правіць

Вікіпе́дыя (англ.: Wikipedia; вікі (тэхналогія супольнага стварэння сайтаў — ад гавайскага wiki) + энцыклапедыя) — шматмоўная агульнадаступная Інтэрнэт-энцыклапедыя свабоднага распаўсюджвання, якую ствараюць супольнай працай добраахвотныя аўтары і каардынуе некамерцыйная арганізацыя Фонд Вікімедыя, якая знаходзіцца ў Сан-Францыска (Каліфорнія, ЗША). Распачатая Джымі Вэйлзам і Лары Сэнгерам у 2001 годзе, Вікіпедыя з'яўляецца найбуйнейшым і найпапулярнейшым даведнікам у Інтэрнэце і надзвычай хутка развіваецца.

Вікіпедысты ствараюць найбуйнейшую базу свабодных ведаў у свеце.

Усё, што ёсць у Вікіпедыі, было напісанае такімі ж людзьмі, як вы. І насамрэч Вікіпедыя не працягне заставацца найбуйнейшай онлайн-энцыклапедыяй у свеце без людзей, якія будуць рабіць далейшы ўклад інфармацыі, выяў і звестак.

Вялікая колькасць удзельнікаў Вікіпедыі імкнецца забяспечыць бясплатныя веды кожнаму. Людзі з усяго свету ахвяруюць свой вольны час дзеля захавання і паляпшэння якасці артыкулаў у Вікіпедыі. Яна дае кожнаму магчымасць свабодна абменьвацца ведамі.

Кароткая спасылка Вікіпедыя:Пра Вікіпедыю

Bubble text правіць

Вітаю! Мяне завуць Вікі. Я карыстаюся Вікіпедыяй, калі трэба даведацца болей пра нешта. Але мне цікава ведаць, хто піша гэтыя артыкулы? Чаму яны з часам змяняюцца? Я чула, што кожны можа правіць Вікіпедыю, ці магу я таксама гэта рабіць? Якім чынам?

1.3. Пяць правілаў Вікіпедыі правіць

Асноўныя прынцыпы, на якіх заснавана Вікіпедыя, былі гістарычна абагульнены суполкай рэдактараў у пяць «слупоў»:

  Вікіпедыя — энцыклапедыя, якая ўвабрала элементы агульных энцыклапедый, спецыялізаваных энцыклапедый і альманахаў. Усе артыкулы мусяць адпавядаць прынцыпу «Не ўласнае даследаванне» і імкнуцца да дакладнасці. Вікіпедыя не месца для асабістых думак, досведу, аргументаў.
 
  Вікіпедыя трымаецца нейтральнага пункту гледжання, мы імкнёмся рабіць артыкулы, якія не абараняюць нейкі пэўны пункт гледжання. Часам гэта значыць прадстаўленне некалькіх пунктаў гледжання; дакладнага апісання кожнага з іх; тлумачэння кантэксту для кожнага з іх, каб чытач разумеў, чый гэта пункт гледжання; і непрадстаўленне ніводнага з пунктаў гледжання як «праўды» або «найлепшага погляду».
 
  Вікіпедыя складаецца са свабоднага зместу, які можа правіць кожны. Увесь тэкст робіцца даступным на ўмовах Ліцэнзіі адкрытай дакументацыі GNU (GFDL) і можа распаўсюджвацца або быць мэтай спасылак толькі адпаведна з гэтай ліцэнзіяй. Памятайце, артыкул можа правіць кожны; такім чынам, усё, што вы напішаце, можа без абмежаванняў правіцца і распаўсюджвацца супольнасцю. Тым жа часам, заўсёды памятайце пра аўтарскае права і паважайце яго.
 
  У Вікіпедыі трэба трымацца правілаў паводзін, паважайце вашых калег з Вікіпедыі, нават калі нязгодныя з імі. Будзьце культурнымі, не пераходзьце на асобы і не абагульняйце празмерна. Заставайцеся спакойнымі, нават калі атмасфера напальваецца, заўсёды шукайце кампраміс. Будзьце адкрытымі і ветлівымі.
 
  Вікіпедыя не мае цвёрдых правілаў, апроч пяці агульных прынцыпаў, выкладзеных тут. Смела праўце, пераносьце, апрацоўвайце артыкулы, радасць творчасці ў тым, што дасканаласць не патрабуецца, хоць і вітаецца. Не хвалюйцеся, што нешта папсуеце. Гэта пяты і самы важны слуп!

Кароткая спасылка ВП:5С

Bubble text правіць

Хто вырашае, што будзе апублікавана? Галоўны рэдактар ці хтосьці іншы?

1.5. Ролі і магчымасці правіць

Змяняць наяўныя артыкулы ў Вікіпедыі можа кожны, хто мае доступ да Інтэрнэту.

Кожны ўдзельнік Вікіпедыі працуе на развіццё супольнасці. І вы можаце выступіць у найбольш цікавай вам ролі ў Вікіпедыі:

Ролі нікім не рэгламентаваныя і не абмежаваныя, можна прыдумаць свае карысныя для Вікіпедыі справы.
  • пачатковец

Робіць дробныя праўкі. Напрыклад, выпраўляе арфаграфію або памылкі друку, афармляе, робіць дробныя дапаўненні, паведамляе на старонках размоў артыкулаў пра праблемы з іх зместам, якія не можа вырашыць сам.

  • рэдактар

Дадае інфармацыю да артыкулаў з кніг, вэб-сайтаў, газет і іншых крыніц, якія заслугоўваюць даверу. Стварае новыя артыкулы. Структуруе або вікіфікуе артыкулы.

  • карэктар

Паляпшае наяўныя артыкулы, выпраўляе стылістыку і граматыку.

  • перакладчык

Перакладае артыкулы з іншых моўных версій, або з беларускай у іншыя моўныя версіі.

  • ілюстратар

Загружае малюнкі, фотаздымкі, карты і візуальныя дапаможнікі, якія тычацца артыкула, не забываючыся на аўтарскія правы на графічныя матэрыялы.

  • пасрэднік

Мадэруе абмеркаванні на спрэчныя тэмы, дапамагае вырашаць спрэчкі.

  • даглядчык

Выяўляе артыкулы з недахопамі і выпраўляе іх, назірае за зменамі ўнесенымі іншымі ўдзельнікамі. Каб забяспечыць верагоднасць звестак у артыкулах, пры неабходнасці, ставіць запыты на крыніцы сцвярджэнняў, выдаляе не пацверджаныя крыніцамі або неверагодныя сцвярджэнні з артыкулаў, сочыць за нейтральнасцю зместу, пазначае праблемныя артыкулы адпаведнымі шаблонамі.

  • адміністратар

У пэўных выпадках мае магчымасць ахоўваць ад правак і выдаляць старонкі. Мае магчымасць перакладаць інтэрфейс. Падводзіць вынікі абмеркаванняў розных тэм. Часта ад адміністратара чакаюць актыўнага ўдзелу ў развіцці Вікіпедыі, прапаноў сродкаў яе развіцця.

  • арганізатар падзей

Ладзіць мерапрыемствы, скіраваныя на развіццё Вікіпедыі, узмацненне і пашырэнне вікісупольнасьці.

  • медыя-актывіст

Піша пра навіны і падзеі Вікіпедыі дзеля пашырэння яе вядомасці і разумення.