Віцебскі дзяржаўны політэхнічны каледж
Віцебскі дзяржаўны політэхнічны каледж установы адукацыі «Віцебскі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт» (ВДПК ВДТУ) — сярэдняя спецыяльная навучальная ўстанова ў г. Віцебск. Размешчаны па адрасе пр. Чарняхоўскага, 14.
Віцебскі дзяржаўны політэхнічны каледж (ВДПК ВДТУ) | |
---|---|
Дата заснавання | 15 сакавіка 1964 |
Дата закрыцця | 1 верасня 2021 |
Тып | адукацыйная ўстанова[d] |
Дырэктар | Уладзімір Аркадзевіч Шлома |
Размяшчэнне | Віцебск |
Адрас | г. Віцебск, пр. Чарняхоўскага, 14 |
www.vgpt.vitebsk.by | |
Гісторыя правіць
Віцебскі дзяржаўны політэхнічны тэхнікум адкрыты 15 сакавіка 1964 года пастановай Савета Міністраў БССР ад 27 лютага 1964 года. У першым навучальным годзе прыём на дзённае аддзяленне палітэхнікума склаў 240 чалавек, на вячэрняе — 30 і на завочнае — 50. Навучальнай установе таксама былі перададзены 58 навучэнцаў, якія завяршылі адзін курс навучання ў станкаінструментальным тэхнікуме. Спецыяльнасцяў тады было ўсяго тры: «электрапрыборабудаванне», «вытворчасць апаратуры аўтаматыкі і тэлемеханікі» і «радыёапаратабудаванне»[1].
З 27 снежня 1965 года ператвораны ў Віцебскі політэхнічны тэхнікум. Прыём па спецыяльнасцях «вытворчасць апаратуры аўтаматыкі і тэлемеханікі» і «радыёапаратабудаванне» праз цяжкасці ў размеркаванні выпускнікоў быў скарочаны, у 1966 годзе адкрыта новая — «прамысловае і грамадзянскае будаўніцтва»[1].
У 1973—1985 гады было адкрыта пяць новых спецыяльнасцяў, некалькі закрыты праз цяжкасці ў размеркаванні[1].
30 чэрвеня 1976 года ў сувязі з будаўніцтвам у Віцебску тэлевізійнага завода распараджэннем Савета Міністраў СССР тэхнікум быў перададзены ў распараджэнне Міністэрства радыёпрамысловасці СССР і пачаў рыхтаваць кадры толькі радыёэлектроннага профіля. З дапамогай Міністэрства і телезавода лабараторыі і кабінеты былі абсталяваны найноўшымі вымяральнымі прыборамі і абсталяваннем. Мелася каля сарака ПЭВМ маркі ЕС, якія шырока выкарыстоўваліся ў навучальным працэсе[1].
У 1992 годзе пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 7 лютага тэхнікум быў перададзены ў падпарадкаванне Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь. З верасня 1992 года па просьбе вытворчага аб'яднання «Маналіт» тут была адкрыта спецыяльнасць «вытворчасць вырабаў электроннай тэхнікі»[1].
25 красавіка 2009 г. тэхнікум пераназваны ў «Віцебскі дзяржаўны політэхнічны каледж»[1].
Напярэдадні новага 2021 навучальнага года на базе Віцебскага дзяржаўнага політэхнічнага каледжа і Віцебскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя №5 прыборабудавання быў створаны Віцебскі дзяржаўны каледж электратэхнікі[2].
Спецыяльнасці правіць
- Вытворчасць і тэхнічная эксплуатацыя прыбораў і апаратаў
- Праектаванне і вытворчасць радыёэлектронных сродкаў
- Праграмнае забеспячэнне інфармацыйных тэхналогій
- Электразабеспячэнне (паводле галін)
- Камерцыйная дзейнасць
- Эканоміка і арганізацыя вытворчасці
- Фінансы
- Маркетынг