Гастраэнтэракаліт

Гастраэнтэракаліт (ад стар.-грэч.: γαστήρ — страўнік, ἔντερον — кішка, κόλον — тоўстая кішка) — запаленчае захворванне ўсяго страўнікава-кішачнага тракта. Адрозніваюць гастраэнтэракаліт востры і хранічны. Востры гастраэнтэракаліт развіваецца звычайна ў выніку харчовых токсікаінфекцый, грыпу, які суправаджаецца кішачнымі крывацёкамі, іншых інфекцыйных захворванняў (тыф, сухоты, сепсіс і інш.) алергічных фактараў (гл. алергія), атручванняў (моцныя кіслоты і шчолачы, спірты, цяжкія металы, лекавыя атручванні і інш.). Інфекцыя ў кішэчнік можа трапляць праз рот або заносіцца з крывёй. Спрыяльным фактарам з'яўляюцца ахілія, авітамінозы і анемія. Гастраэнтэракаліт праяўляецца адрыжкай, пякоткай, болямі і цяжарам ў падуздушнай вобласці. Часам захворванне пачынаецца ванітамі з наступным паносам, уздуццем, балючасцую жывата, буркатаннем і пераліваннем ў кішэчніку. Стан хворага залежыць ад характару інфекцыі і супраціўляльнасці арганізма. У цяжкіх выпадках адзначаецца слабасць, млоснасць, зблытаныя свядомасць, павышэнне тэмпературы і сардэчна-сасудзістыя разлады. У лёгкіх выпадках востры гастраэнтэракаліт праходзіць праз 5-7 дзён; ў цяжкіх — хвароба можа зацягвацца, прымаючы нярэдка хранічны характар. Лячэнне вострага гастраэнтэракаліта: ліквідацыя прычыны, якая выклікала гастраэнтэракаліт, напрыклад лячэнне харчовых токсікаінфекцый.