Боль
Боль — фізічная або душэўная пакута, пакутлівае ці непрыемнае адчуванне, пакута.
Pain | |
---|---|
![]() | |
МКХ-10 | R52 |
МКХ-9 | 338 |
DiseasesDB | 9503 |
MedlinePlus | 002164 |
MeSH | D010146 |
![]() |
У медыцыне
правіцьЗ пункту гледжання медыцыны, боль — гэта:
- від пачуцця, своеасаблівае непрыемнае адчуванне;
- рэакцыя на гэта адчуванне, якая характарызуецца пэўнай эмацыянальнай афарбоўкай, рэфлекторнымі зменамі функцый унутраных органаў, рухальнымі безумоўнымі рэфлексамі, а таксама валявымі намаганнямі, накіраванымі на збавенне ад болевага фактару;
- непрыемнае сэнсарнае і эмацыйнае перажыванне, звязанае з рэальным ці меркаваным пашкоджаннем тканак, і адначасова рэакцыя арганізма, якая мабілізуе розныя функцыянальныя сістэмы для яго абароны ад уздзеяння патагеннага фактару.
Вылучаюць два асноўныя тыпы болю: нацыцэптыўны і нейрапатычны. Іх адрозненне абумоўлена крыніцамі болю. Нацыцэптыўны боль — следства актывацыі рэцэптараў перыферычнай нервовай сістэмы, болевымі стымуламі з прычыны пашкоджання тканкі. Нейрапатычны боль — следства пашкоджання або дысфункцыі цэнтральнай нервовай сістэмы або перыферычных нерваў.
Таксама боль можа выклікацца дзеяннем хімічных рэчываў на цеплавыя рэцэптары нервовай сістэмы. Напрыклад, этылавы спірт зніжае парог адчувальнасці тэмпературнага рэцэптара з 42 да 34 градусаў і пры нармальнай тэмпературы з’яўляецца боль.
Працяглы боль суправаджаецца змяненнем фізіялагічных параметраў (крывяны ціск, пульс, пашырэнне зрэнак, змяненне канцэнтрацыі гармонаў).
Востры боль таксама суправаджаецца зменамі гемадынамікі, што звязана са стымуляцыяй сімпата-адрэналавай сістэмы. Больш за тое, са змен параметраў сімпата-адрэналавай сістэмы медык можа разумець, наколькі боль інтэнсіўны (аб’ектыўныя параметры болю). Прыклад: падчас хірургічнай аперацыі пад наркозам у пацыента пашыраюцца зрэнкі, пачашчаецца пульс, нязначна павышаецца АЦ (10-20 мм рт. сл.); гэта сведчыць, што доза наркозу, уведзеная пацыенту, недастатковая.
Ёсць захворванні нервовай сістэмы, пры якіх у чалавека цалкам няма здольнасці адчуваць боль; такое назіраецца, напрыклад, пры прыроджанай неадчувальнасці да болю з ангідрозам.
Разнавіднасці фізічнага болю
правіцьВостры боль
правіцьВостры боль вызначаецца як кароткая па часе праява болю з прычыны, якая лёгка ідэнтыфікуецца. Востры боль — гэта папярэджанне арганізму аб існуючай у дадзены момант небяспецы арганічнага пашкоджання або захворвання. Часта ўстойлівы і востры боль суправаджаецца таксама ныючым болем. Востры боль звычайна канцэнтруецца ў пэўным участку перад тым, як ён нейкім чынам распаўсюдзіцца шырэй. Гэты тып болю звычайна добра паддаецца лячэнню.
Хранічны боль
правіцьХранічны боль захоўваецца даўжэй таго адпаведнага адрэзка часу, на працягу якога ён звычайна павінны завяршацца. Часта ён больш цяжкі для лячэння, чым востры боль. Асаблівая ўвага патрабуецца пры абыходжанні з любымі болямі, якія сталі хранічнымі.
У выключных выпадках нейрахірургі могуць правесці складаную аперацыю па выдаленні асобных частак галаўнога мозгу пацыента, каб справіцца з хранічнымі болямі. Падобнае ўмяшанне можа пазбавіць пацыента ад суб’ектыўнага адчування болю, але, як сігналы ад болевага ачагу ўсё роўна будуць перадавацца па нейронах, цела працягне рэагаваць на іх.
Скурны боль
правіцьСкурны боль узнікае пры пашкоджанні скуры альбо падскурных тканак. Скурныя нацыцэптары заканчваюцца крыху ніжэй скуры і дзякуючы высокай канцэнтрацыі нервовых канчаткаў даюць высокадакладнае, лакалізаванае адчуванне болю малой працягласці.
Саматычны боль
правіцьСаматычны (нацыгенны) боль узнікае ў звязках, сухажыллях, суставах, касцях, крывяносных сасудах і нават у саміх нервах. Ён вызначаецца саматычнымі нацыцэптарамі. З прычыны недахопу болевых рэцэптараў у гэтых участках яны вырабляюць тупы, дрэнна лакалізаваны, больш працяглы боль, чым у скурных боляў. Сюды ўваходзяць, напрыклад, расцяжэнні суставаў і зламаныя косткі.
Унутраны боль
правіцьУнутраны боль узнікае ад унутраных органаў цела. Унутраныя нацыцэптары размешчаны ў органах і ва ўнутраных поласцях. Яшчэ меншая колькасць болевых рэцэптараў у гэтых участках цела прыводзіць да з’яўлення больш ныючага і працяглага болю, у параўнанні з саматычным. Унутраны боль асабліва цяжка лакалізаваць, і пры некаторых унутраных арганічных пашкоджаннях адчуванне болю «прыпісваецца» ўчастку цела, які ніяк не звязаны з участкам самога пашкоджання.
Сардэчная ішэмія (недастатковае ўтрыманне крыві ў сардэчнай мышцы) — гэта, магчыма, самы вядомы прыклад такога «прыпісвання» болю; адчуванне можа размяшчацца як асобнае пачуццё болю крыху вышэй грудной клеткі, у левым плячы, руцэ ці нават у далоні.
Боль, які ўспрымаецца як зыходзячы з іншага месца, узнікае з прычыны таго, што болевыя рэцэптары ва ўнутраных органах таксама ўзбуджаюць і спіннамазгавыя нейроны, якія ўзбуджаюцца пры скурных пашкоджаннях. Пасля таго як мозг пачынае звязваць узрушанасць гэтых спіннамазгавых нейронаў са стымуляцыяй саматычных тканак у скуры ці мускулатуры, болевыя сігналы, якія ідуць ад унутраных органаў, пачынаюць інтэрпрэтавацца мозгам як тыя, што не зыходзяць са скуры.
Фантомны боль
правіцьФантомны боль у канечнасцях — адчуванне болю, якое ўзнікае ў страчанай канечнасці ці ў канечнасці, якая не адчуваецца праз звычайныя адчуванні. Дадзеная з’ява практычна заўсёды злучана з выпадкамі ампутацый і паралічу. Акрамя фантомных боляў, рэгіструюць фантомныя канечнасці — не звязанае з болем адчуванне чалавекам страчанай канечнасці.
Нейрапатычны боль
правіцьНейрапатычны боль («неўралгія») можа з’явіцца як вынік пашкоджання або захворвання саміх нервовых тканак (напрыклад, зубны боль). Гэта можа парушыць магчымасць адчувальных нерваў перадаваць правільную інфармацыю таламусу (аддзелу прамежкавага мозгу), і адгэтуль мозг няправільна інтэрпрэтуе болевыя стымулы, нават калі адсутнічаюць відавочныя фізіялагічныя прычыны болю.
Боль пры злаякасных пухлінах
правіцьУ красавіку 2015 года ў часопісе Pain былі апублікаваныя вынікі даследавання, праведзенага пад кіраўніцтвам доктара Дэвіда Лэма з Універсітэта Таронта. Даследнікі паспрабавалі высветліць, чаму ў анкалагічных хворых узнікаюць моцныя болі. Яны прыйшлі да высновы, што галоўным трыгерам з’яўляецца ген TMPRSS2, які адказвае за развіццё некаторых агрэсіўных андрагензалежных пухлін.
TMPRSS2 знаходзіцца на паверхні ракавых клетак і можа ўзаемадзейнічаць з болевымі рэцэптарамі. Была выяўлена выразная карэляцыя: чым большая колькасць TMPRSS2 ўступае ў кантакт з болевымі рэцэптарамі, тым мацней боль, прычым колькасць TMPRSS2 выразна карэлюе з інтэнсіўнасцю боляў пры злаякасным наватворы.
Адкрыццё, звязанае з TMPRSS2, можа прывесці да стварэння новых лекаў для барацьбы з болем у анкалагічных хворых. Гэтыя прэпараты будуць падаўляць экспрэсію гена TMPRSS2 альбо блакаваць кантакт з болевымі рэцэптарамі.
Псіхагенны боль
правіцьПсіхагенны боль дыягнастуюць пры адсутнасці арганічнага захворвання альбо ў тым выпадку, калі апошняе не можа растлумачыць характар і выяўленасць болевага сіндрому. Псіхагенны боль заўсёды мае хранічны характар і ўзнікае на фоне псіхічных расстройстваў: дэпрэсіі, трывогі, іпахондрыі, iстэрыi, фобіі. У значнай часткі хворых важную ролю граюць псіхасацыяльныя фактары (незадаволенасць працай, імкненне атрымаць маральную або матэрыяльную выгаду). Асабліва цесныя сувязі існуюць паміж хранічным болем і дэпрэсіяй.
Паталагічны боль
правіцьПаталагічны боль — змененае ўспрыманне болевых імпульсаў у выніку парушэнняў у коркавых і падкоркавых аддзелах цэнтральнай нервовай сістэмы. Парушэнні могуць узнікаць на любым узроўні нацыцэптыўнай сістэмы, а таксама пры парушэнні сувязі паміж нацыцэптыўнымі ўзыходзячымі структурамі і антынацыцэптыўнай сістэмай.