Медыцына

Навука пра лячэнне хвароб

Медыцына (ад лац.: ars medicina — мастацтва вылечвання) — сістэма навуковых ведаў і практычных прыёмаў, накіраваных на зберажэнне і ўмацаванне здароўя людзей, папярэджанне, распазнаванне і лячэнне хвароб, падтрымліванне актыўнага даўгалецця; састаўная частка аховы здароўя. Вывучае будову, працэсы жыццядзейнасці арганізма ў норме і паталогіі, уплыў фактараў прыроднага і сацыяльнага асяроддзя на здароўе і хваробы чалавекаю На стан і ўзровень развіцця медыцыны, змест і метады медыцынскай дзейнасці ўплываюць матэрыяльныя ўмовы жыцця грамадства. узровень развіцця эканомікі, агульны ўзровень культуры, дасягненні навукі і тэхнікі. Найважнейшы кірунак медыцыны — фарміраванне здаровага ладу жыцця.

Густаў Клімт, Медыцына, фрагмент карціны

Медыцына падзяляецца на 3 групы дысцыплін: медыка-біялагічныя (анатомія чалавека, біяфізіка, біяхімія, вірусалогія, генетыка, гісталогія, паразіталогія, паталагічная анатомія, паталагічная фізіялогія, таксікалогія, фармакалогія. фізіялогія), клінічныя (акушэрства, алергалогія,андралогія, анестэзіялогія, анкалогія, артапедыя, афтальмалогія, венералогія, гематалогія, герыятрыя, гінекалогія,дэрматалогія, кардыялогія, неанаталогія, нефралогія, педыятрыя, псіхіятрыя, пульманалогія, рэнтгеналогія, стаматалогія, транспланталогія, траўматалогія, уралогія, ядзерная медыцына) і гігіенічныя (гігіена, мікрабіялогія, эпідэміялогія і іншыя).

Гісторыя

правіць
 
Гіпакрат

У часы язычніцтва лекарамі былі вешчуны, жрацы. Асновы народнай медыцыны мелі эмпірычны і стыхійны характар. Дасягненні ў Старажытнай Грэцыі абагульніў Гіпакрат (5 ст. да н.э.). У сярэднявечнай Еўропе медыцына падпарадкоўвалася царкве, знаходзілася пад уплывам схаластыкі. У эпоху Адраджэння ў медыцыне ўмацаваліся клінічны і эксперыментальных метад, развівалася анатомія (А.Везалій). У 17 стагоддзі У.Гарвей распрацаваў вучэнне аб кровазвароце, М.Мальпігі — аб кровазвароце ў капілярах. З 18 стагоддзя развіваўся даследчы кірунак. У 19 стагоддзі распрацаваны метады фізіялагічнай дыягностыкі, заснаваны тэорыя клетачнай паталогіі (Р.Вірхаў), асновы бактэрыялогіі і імуналогіі (Л.Пастэр, І. І. Мечнікаў), ваенна-палявой хірургіі (М. І. Пірагоў), удасканалены хірургічныя аперацыі (М. В. Скліфасоўскі). У 20 стагоддзі распрацаваны вучэнне пра вышэйшую нервовую дзейнасць (І. П. Паўлаў), фізіялагічныя, гігіенічныя і біялагічныя асновы тэрапіі, сувязь арганізма з навакольным асяроддзем, пра вітаміны, хіміятэрапеўтычныя сродкі. Укаранёны ў практыку рэнтгенаграфія. гіпатэрмія, пераліванне крыві, трансплантацыя і іншае.

Літаратура

правіць
  • Медыцына // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т.10: Малайзія — Мугараджы / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 2000. — Т. 10. — С. 253. — 544 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0169-9 (Т. 10).