Гатычны раман
Гатычны раман (англ.: Gothic novel) — літаратурны жанр, які ўзнік у 2-й палове XVIII ст.
Гатычны раман — твор, заснаваны на прыемным адчуванні жаху чытача, рамантычны «чорны раман» у прозе з элементамі звышнатуральных «жахаў», таямнічых прыгод, фантастыкі і містыкі (сямейныя праклёны і прывіды). Развіваўся ў асноўным у англамоўнай літаратуры. Гэта папярэднік сучасных «жахаў». Назва — ад архітэктурнага стылю готыка (дзеянне раманаў часта разгортваецца ў старых гатычных замках). Аднак, па здагадцы пісьменніцы Маргарэт Дрэбл, тэрмін Gothic першапачаткова ўжываўся ў значэнні «сярэдневяковы», як у падзагалоўку рамана «Замак Отранта», дзеі якога адбываюцца ў Сярэднія вякі (Castle of Otranto, a Gothic Tale)[1].
У перыяд з 1765 па 1850 гатычны раман быў найбольш чытальнай кнігадрукаванай прадукцыяй як у Англіі, так і ў Еўропе[2]
Даследчыкі, ў залежнасці ад градацыі і мастацкай інтэрпрэтацыі жахлівага, выдзялялі ў гатычным рамане некалькі напрамкаў — гатычны раман, раман напружання і трывогі, раман жаху, усходняя аповесць жаху ды шэраг іншых. Мастацкі вопыт гатычнага рамана паслужыў з'яўленню навукова-фантастычнага, авантурна-прыгодніцкага, гістарычнага і дэтэктыўнага раманаў[3].
Зараджэнне жанру
правіцьЖанр гатычнай літаратуры ўзнікае у другой палавіне XVIII стагоддзя на хвалі рамантызму. Першапачаткова атрымаў развіццё ў англамоўнай літаратуры. Гатычны раман напоўнены таямнічымі містычнымі падзеямі, прыгодамі, змяшчае і фантастыку і элементы звышнатуральных «жахаў». Сваё вызначэнне жанр атрымаў у сувязі з адмысловай цікавасцю да «готыкі» Сярэдневякоўя, і сфарміраваўся на ўяўленні аўтараў таго часу пра свет як арэну адвечнай барацьбы процілеглых пачаткаў — дабра і зла, Бога і д'ябла… Падзеі гатычнага рамана разгортваюцца ў сярэдневяковых замках, манастырах, цэрквах і капліцах, падзямеллях, сутарэннях і т. п., на фоне змрочных пейзажаў, што надае апавяданню адчуванне і каларыт загадкавасці, страху, злавеснасці. Першаадкрывальнікам жанру справядліва лічыцца англійскі пісьменнік Хорас Уолпал, аўтар кананічнага гатычнага рамана «Замак Отранто» (1764). У Вялікабрытаніі ў 1764—1820-х гг. убачылі свет сотні гатычных раманаў[3].
Гатычная літаратура і літаратура жахаў у XX стагоддзі
правіцьУ XX стагоддзі з «гатычнага» жанру аддзялілася «літаратура жахаў» (Блэквуд, Лаўкрафт, Блох, Стывен Кінг). На стыку фэнтэзі і готыкі з'явіўся жанр Dark Fantasy. Шырокае распаўсюджанне ў XIX-XX стст. атрымалі розныя зборнікі і анталогіі. Адным з першых можна вылучыць зборнік апавяданняў Ганны Лемойн «Дзікія ружы», падобныя зборнікі паклалі пачатак кнігам фармату чэпбук (англ.: Chapbook — недарагое выданне кішэннага фармату). У лік найбольш папулярных можна аднесці лонданскі 1000-старонкавы серыял «Вампір Варні, або крывавы баль», які выходзіў з 1847 года. Кожная частка гэтага твора ўяўляла сабой асобную кнігу — восем старонак друкаванага тэксту (усяго выйшла 220 такіх кніг).
Асобныя элементы гатычнага рамана атрымала ў спадчыну так званая паўднёвая готыка.
Прыхільнікі гатычнай літаратуры некалькі пашырылі яе першапачатковае тлумачэнне, але асноўныя яе рысы і дагэтуль застаюцца тымі ж.
Гл. таксама
правіцьЗноскі
- ↑ The Oxford Companion to English Literature, 5-е и 6-е издания, 1985, 2000
- ↑ Из истории готического романа — предисловие к книге «Комната с призраком», Издательства «ИМА — пресс» (Москва) и «Деком» (Нижний Новгород), 1993 год ISBN 5-80050-011-X
- ↑ а б Алег Грушэцкі Малая гісторыя жахаў // Літаратура і мастацтва : Газета. — Мн.: СПБ, РВУ «Звязда», 19 снежня 2014. — В. 4799. — № 50. — С. 6. Архівавана з першакрыніцы 20 снежня 2014.