Гвардзейская стужка

Гвардзейская стужка — двухколерная стужка, якая выкарыстоўвалася ва ўзнагароднай сістэме СССР.

Гвардзейская стужка на паштоўцы, прысвечанай Дню савецкай арміі
Гвардзейская стужка на марцы пошты СССР
Гвардзейская стужка ў «Ілюстраваным апісанні знакаў адрознення асабовага складу ВМФ СССР»
Гвардзейская стужка на Гварддзейскім ваенна-марскім сцягу эсмінца «Гремящий»
Гвардзейская стужка на чырвонафлоцкай фуражцы

Гісторыя

правіць

З восені 1941 г. часткам, злучэнням і караблям узброеных сіл СССР, асабовы склад якіх учыніў баявы подзвіг, надавалася ганаровая назва «гвардзейскіх». Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 21 траўня 1942 г. для гвардзейцаў быў заснаваны нагрудны знак «Гвардыя». Не зважаючы на тое, што знак быў заснаваны як адзіны, у ВМФ вырашылі заснаваць свой гвардзейскі знак (народная назва - «Марская Гвардыя»). НК ВМФ капітан 2-га рангу Б.М.Хоміч прапанаваў ужываць прамавугольную (выкарыстоўвалася яшчэ ў рускай арміі і на флоце) пласціну, абцягненую чорна-аранжавай стужкай, а таксама скарыстоўваць апошнюю на бесказырках матросаў. Наркам ВМФ адмірал Т.Г.Кузняцоў зацвердзіў гэтыя ўзнагароды сваім загадам № 142 от 10 июня 1942 г.[1]. У гэтым загадзе стужка мае назву «Гвардзейская». 5 мая 1943 г. ён жа зацвердзіў да выдання «Ілюстраванае апісанне знакаў адрознення асабовага складу ВМФ СССР», у якім яе выява падпісана гэтай жа назвай.

Апісанне

правіць

Гвардзейская стужка ўяўляе сабой шаўковую рыпсавую муаравую стужку залаціста-аранжавага колеру з нанесенымі на яе трыма падоўжнымі чорнымі палосамі.

Шырыня стужкі - 32,5 мм, даўжыня — 1420 мм. Шырыня чорных палос — 6 мм, шырыня аранжавых прасветаў між імі — 6,25 мм, шырыня аблямоўкі — 1 мм.

Гвардзейская стужка пракладаецца па аколышку чырвонафлоцкіх фуражак (бесказырак) шараговага складу гвардзейскіх караблёў і частак і замацоўваецца ля задняга шва, прычым канцы стужкі застаюцца свабоднымі.

На гвардзейскіх стужках, у месцы, што супадае з перадам фуражкі, залатым цісненнем накладаецца назва карабля, часткі, злучэння, а на свабодных канцах - якары.

Падабенства да іншых сімвалаў

правіць

Апошнім часам часцяком узнікаюць спрэчкі і блытаніна наконт чорна-аранжавых стужак, звязаныя з распаўсюджаннем т.зв. «Георгіеўскай стужачкі», прымеркаванага да Дня Перамогі, і адсутнасцю дакладнага апісання ўсіх гэтых сімвалаў. Безумоўна толькі адно: усе яны бяруць пачатак ад сістэмы ўзнагарод і ваенных традыцый Расійскай Імперыі. Далей пачынаецца няпэўнасць. Калі адкінуць усе домыслы, атрымаецца наступнае:

  1. Георгіеўская стужка. Не мае дакладнага апісання. Ужывалася ў Расійскай Імперыі і мела на працягу свайго існавання некалькі колеравых рашэнняў. Звязана з ордэнам, медалём, крыжам і сцягам святога Георгія. Адменена Дэкрэтам СНК РСФСР ад 16 снежня 1917 г. «Аб ураўнаванні ў правах усіх вайскоўцаў». Шмат хто з лідараў антысавецкага руху, якія ваявалі на баку нацыстаў, мелі ўзнагароды з гэтай стужкай.
  2. Гвардзейская стужка. Мае дэталёвае апісанне. Выкарыстоўвалася ў ВМФ СССР.
  3. Стужка ордэна Славы і стужка медаля «За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945 гг.» Маюць няпоўнае апісанне. У апісанні няма іх назвы.

Паколькі апошнія стужкі не маюць назвы, улічваючы ідэнтычнасць іх апісанняў, а таксама тое, што ордэн больш важкая ўзнагарода, мае больш кароткую і мілагучную назву, што ён быў зацверджаны значна раней за медаль, і тое, што медаль размяшчаўся на ордэнскай калодцы, мэтазгодней аб'яднаць іх пад адной назвай — «стужка ордэна Славы». Варта адрозніваць стужку ордэна Славы і Гвардзейскую стужку.

Параметр\Стужка Гвардзейская ордэна Славы
Шырыня 32,5 мм 24 мм
Даўжыня 1420 мм -
Колер Залаціста-аранжавы Аранжавы
Шырыня чорных палос 6 мм 4,4 мм
Шырыня прасветаў між чорнымі палосамі 6,25 мм 4,4 мм
Шырыня аблямоўкі 1 мм 1 мм
Тканіна Шаўковы рыпсавы муар Шаўковы муар
Прымяненне Знак «Марская Гвардыя», чырвонафлоцкія фуражкі і гвардзейскія сцягі ордэн Славы и медаль «За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945 гг.»

Часта можна пачуць меркаванне, што Гвардзейская і Георгіеўская стужкі — адно і тое ж. Аднак, Гвардзейская стужка не можа быць Георгіеўскай стужкай, бо:

  1. Георгіеўская стужка была звязаная з пэўнымі ўзнагародамі імя святога Георгія.
  2. Улады РСФСР ліквідавалі Георгіеўскую стужку сваім дэкрэтам. Аж да распаду СССР стужка не ўжывалася ў савецкай узнагароднай сістэме.
  3. Нягледзячы на знешняе падабенства з Георгіеўскай стужкай, Гвардзейская стужка распрацавана і заснавана з нуля. Ва ўказе адсутнічаюць згадкі пра аднаўленне Георгіеўскай стужкі пад іншай назвай.
  4. Гвардзейская стужка мае дэталёвыя параметры, якія дазваляюць з максімальнай дакладнасцю вылучыць гэтую стужку з шэрагу падобных ёй па вонкавым выглядзе, а таксама канкрэтную сферу прымянення — ВМФ СССР.

Улічваючы адзначанае вышэй, больш лагічнай назвай для «Георгіеўскай стужачкі» будзе «Гвардзейская стужачка» або «стужачка ордэна Славы», бо менавіта гэтыя стужкі выкарыстоўваліся ў савецкай узнагароднай сістэме. Георгіеўская ж стужка не мае простага дачынення да СССР.

Зноскі

Спасылкі

правіць