Геаграфія Антыгуа і Барбуды

Дзяржава Антыгуа і Барбуда размешчана на двух адносна вялікіх астравах і шэрагу дробных. Плошча краіны складае 441 кв. км. Сталіца — горад Сент-Джонс на востраве Антыгуа.

Карта краіны.

Геаграфічнае становішча правіць

 
Англійская бухта, Антыгуа

Антыгуа і Барбуда знаходзяцца ў паўночнай частцы Наветраных Малых Антыльскіх астравоў, высоўваючыся на ўсход ад асноўнай восі архіпелага, на 17-м градусе паўночнай шыраты. На ўсход прасціраецца Атлантычны акіян, на захад — Карыбскае мора. Найбліжэйшыя суседзі — Сент-Кітс і Невіс ды Мантсерат на захадзе.

Большы з двух галоўных астравоў — Антыгуа, на яго прыпадае 62 % плошчы краіны. Амаль што ўдвая меншая Барбуда ляжыць за 48 км на поўнач. За 56 км на захад ад Антыгуа можна знайсці трэці па велічыні востраў — драбнюткую незаселеную Рэдонду. Берагі астравоў моцна зрэзаныя, з пляжамі, лагунамі і прыроднымі гаванямі, абрамленыя рыфамі і водмелямі.

Рэльеф і клімат правіць

Сучасны рэльеф астравоў абавязаны сваім паходжаннем вапняковым пародам і вулканічнай актыўнасці, прычым уплыў першых значна большы. Самы высокі пункт краіны — Абама на Антыгуа (раней Boggy Peak, перайменаваны у 2009 у гонар першага цёмнаскурага прэзідэнта ЗША) — рэшткі вулканічнага кратара, што ўздымаецца на 402 метры. Вышэйшы пункт Барбуды дасягае ўсяго 42 м. Большая ж частка астравоў уяўляе сабой нізіну, якая не чапляе паўночна-ўсходнія пасаты, і яны праходзяць паўз, не пакідаючы тут дастатковай для фарміравання рачной сеткі колькасці ападкаў (у сярэднім - 990 мм).

Дажджлівы сезон (верасень-лістапад) непасрэдна звязаны з сезонам ураганаў. Антыгуа і Барбуда ляжаць акурат на шляху знакамітых карыбскіх ураганаў, што наведваюць астравы ў сярэднім раз на год. 7 верасня 2017 года ўраган "Ірма" знішчыў 90% пабудоў на востраве Барбуда.[1]. Сярэднегадавая тэмпература +27, сярэднемесячныя адхіляюцца ад гэтай лічбы вельмі нязначна.

Расліннасць правіць

Асабліва распаўсюджаныя на астравах пясчаныя глебы, здольныя падтрымаць існаванне хіба што хмызняковай расліннасці. Толькі на ўзбагачаных вулканічным попелам глебах цэнтральнай раўніны Антыгуа растуць пасаджаныя лясы-плантацыі акацый, махагоняў і чырвоных і белых кедраў, якія займаюць 11 % тэрыторыі вострава. Дзякуючы лесапасадкам, палепшылася сітуацыя з воднымі рэсурсамі і глебамі.

Зноскі