Глебазнаўства
Глебазнаўства — навука пра глебу[1], як самастойнае прыроднае цела. Уваходзіць у склад прыродазнаўства, адносіцца да навук аб Зямлі. Глебазнаўства вывучае паходжанне, развіццё, будову, склад, уласцівасці, урадлівасць і распаўсюджванне глебаў, а таксама распрацоўвае меры па іх ахове і рацыянальным выкарыстанні.
Заснавальнік навукі пра глебу — рускі вучоны В. В. Дакучаеў.
Глебазнаўства выкарыстоўвае вынікі геалагічных даследаванняў рэчыўнага складу і ўласцівасцяў горных парод, якія выходзяць на дзённую паверхню зямной кары. Паверхневыя гарызонты горных парод, якія пад уздзеяннем глебаўтваральных працэсаў ператвараюцца ў глебу, называюцца мацярынскімі, або глебаўтваральнымі, пародамі. Іх уласцівасці і склад залежаць ад горных парод, разнастайнасць якіх вельмі вялікая. Асаблівая роля ў глебаўтварэнні належыць жывым арганізмам. Ад іх уздзеяння горная парода ператвараецца ў глебу і фармуецца яе ўрадлівасць.
Разнастайнасць кліматычных умоў, расліннасці, горных парод, рэльефу, розны ўзрост асобных тэрыторый абумоўліваюць вялікую якасную разнастайнасць глебы ў прыродзе. Маючы ўласцівасць урадлівасці, у сельскай гаспадарцы глеба — гэта галоўны сродак вытворчасці.
Чалавек значна ўплывае як на глебаўтварэнне, уласцівасці, рэжымы, урадлівасць глебы, так і на прыродныя фактары, што вызначаюць глебаўтварэнне. Такім чынам, глебазнаўства вывучае глебу, яе асобнае прыроднае цела, як сродак вытворчасці, як прадмет прыкладання чалавечай працы, а таксама, у вядомай ступені, як прадукт гэтай працы[2].
Зноскі
Літаратура
правіць- Марцуль І. М. Глебазнаўства // Асновы аграноміі: Падручнік / Пад рэд. Л. А. Верамейчык. — Мн.: Ураджай, 1999. — 416 с.: іл. ISBN 985-04-0122-2
- Ганжара Н. Ф. Почвоведение.— М.: Агроконсалт, 2001. — 392 с. — ISBN 5-94325-003-4
- Добровольский Г. В. , Никитин Е. Д. Сохранение почв как незаменимого компонента биосферы. — М.: Наука, 2000. — 185 с.
- Крупеников И. А. История почвоведения. — М.: Наука, 1981
- Розанов Б. Г. Генетическая морфология почв. — М.: Изд-во Московского университета, 1975
Спасылкі
правіцьГлебазнаўства на Вікісховішчы |
- Архіў часопіса Архівавана 6 лістапада 2014. «Почвоведение», заснаванага ў 1899 г.