Глетчарны лёд
Глетчарны лёд, ледавіковы лёд — лёд, які ўзнікае з снегу ў абласцях вышэй снегавой лініі. Снег спачатку ператвараецца ў фірн (крупчасты снег) пры ўдзеле працэсаў сублімацыі і перакрышталізацыі. Затым ніжнія пласты фірна, прасуючыся пад ціскам вышэйлеглых, ператвараюцца ў белы фірнавы лёд, а апошнія — у глетчарны лёд — канчатковы прадукт ператварэнняў снежнага полага ў гарах.
![](http://upload.wikimedia.org/wikipedia/commons/thumb/d/d5/Hubbard_Glacier_%286%29.jpg/220px-Hubbard_Glacier_%286%29.jpg)
Глетчарны лёд — празрыстая блакітнаватая маса буйных ледзяных зерняў, аптычныя восі якіх спачатку арыентаваны бязладна, а затым пачынаюць набываць пераважную арыентацыю, што і палягчае рух лёду ў ледніках.
Акрамя зярністасці, характэрнай прыкметай глетчарнага лёду з’яўляецца палосчатасць. Поласы могуць быць першаснымі, гэта значыць успадкаванымі ад слаістасці фірнавай тоўшчы, ці ж другаснымі, якія ўзніклі пры дэфармацыі і разрывах лёду пры руху ледавіка, замярзання вады ў трэшчынах.