Гомельскі камітэт РСДРП (1898—1900)

Гомельскі камітэт РСДРП 1898 – 1900. Утвораны ў канцы 1898 г. на базе Гомельскага рабочага саюза барацьбы. Кіраўнікі: П.У.Карповіч, Л.Драгунскі і інш. Члены камітэта перайшлі ад гуртковай работы да масавай агітацыі сярод рабочых горада. Пад кіраўніцтвам камітэта на рамесных прадпрыемтсвах ствараліся цэхавыя арганізацыі рабочых, стачачныя касы, у час забастовак выпрацоўваліся патрабаванні ад прадпрымальнікаў. Пры камітэце існавала нелегальная бібліятэка (каля 200 кніг рэвалюцыйнай літаратуры). Камітэт наладзіў сувязь з сацыял-дэмакратычнымі арганізацыямі Кіева, Екацярынаслава, Адэсы, удзельнічаў у транспарціроўцы нелегальнай літаратуры. У пачатку сакавіка 1899 г. з дапамогай прадстаўніка Кіеўскага камітэта РСДРП члены камітэта надрукавалі на гектографе сваю першую адозву «Да ўсіх чыгуначных рабочых», у якой адзначалася пагаршэнне становішча чыгуначных рабоых, абгрунтоўвалася неабходнасць арганізаванай барацьбы за свае інтарэсы. Распаўсюджанне адозвы стала прычынай масавых вобыскаў, арыштавана 8 чалавек. 9(21) красавіка 1899 г. камітэт распаўсюдзіў гектаграфічную «Адозву да ўсіх гомельскіх рабочых», у якой выкрывалася антынародная сутнасць дзяржаўнага ладу ў Расіі, палітычнае бяспраўе рабочага класа, рабочых заклікалі аб’ядноўвацца ў адзіны саюз, здольны адстойваць іх правы на свабоднае абмеркаванне інтарэсаў працоўных у друку, права сходак, саюзаў і стачак. З-за новых арыштаў у красавіку 1899 г. камітэт не здолеў своечасова узначаліць барацьбу гомельскіх чыгуначнікаў за павышэнне заработкаў, якая пачалася 11(23) мая 1899 г., а 9(21) чэрвеня 1899 г. перарасла ў агульную стачку сярод рамеснікаў. Детам 1899 г. завяршылася арганізацыйнае афармленне Гомельскага рамесніцкага рабочага саюза, які дзейнічаў пад кіраўніцтвам камітэта РСДРП і паводле свайго статута быў «мясцовым аддзяленнем РСДРП». У адозве да рамесных рабочых камітэт заклікаў аб’ядноўвацца для барацьбы за лепшыя ўмовы жыцця і працы. Пад уплывам агітацыі ў жніўні 1899 г. адбылася забастоўка рабочых 5 швейных майстэрняў, якія дамагліся скарачэння рабочга дня. У сувязі з аршытам 5 удзельнікаў стачкі ў верасні камітэт выдаў лістоўку, дзе сцвярджаў, што галоўнай прычынай цяжкага становішча рабочых з’яўляецца царскае самаўладдзе, вызваленне ад прыгнёту звязвалася з аб’яднаннем і барацьбой пралетарыяту. 1 — 2 (13 — 14) кастрычніка 1899 г. адбыліся новыя арышты. Камітэі лістоўкай паведаміў пра акцыю жандараў, і 18(30) кастрычніка 1899 г. зноў пачаліся арышты. У красавіку 1900 г. камітэт выдаў лістоўку, якая заклікала рабочых адзначыць дзень 1 мая забастоўкай з патрабаваннем палітычнай свабоды, 8-гадзіннага рабочага дня, свабоды стачак, саюзаў і друку, свабоднага святкавання 1 мая. Аднак арганізаваць першамайскае выступлене не ўдаслося. Аслаблены арыштамі, Гомельскі камітэт РСДРП ва ўмовах ідэйна-арганізацыйнага крызісу ў партыі ў чэрвені 1900 г. уступіў у Гомельскі сацыял-дэмакратычны камітэт Бунда.

Літаратура правіць

  • Біч, М. Гомельскі камітэт РСДРП 1898 – 1900 / Міхась Біч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. Т. 3. Гімназіі — Кадэнцыя / БелЭн; Рэдкал.: Г.П.Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э.Э.Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1996. — 527 с.: іл. – С. 74. — ISBN 985-11-0041-2.