Гомсін камень Куранецкі

«Гомсін камень Куранецкі» — вялікі валун каля вёскі Куранец Вілескага раёна. Найбуйнейшы ледавіковы валун Вілейшчыны, геалагічны помнік прыроды рэспубліканскага значэння.

Валун «Гомсін камень» куранецкі

Камень вельмі вялікі, а калісьці быў яшчэ большы, пакуль у пачатку ХХ стагоддзя яго часткова не ўзарвалі, пасля чаго ад яго адваліліся пяць буйных кавалкаў. Гомсін камень адносяць да той групы культавых камянёў, якія ў беларускай міфалогіі маюць назвы камяні-краўцы, або камяні-шаўцы. У такіх камянях па легендзе жывуць або чэрці, або змеі, або абстрактныя шаўцы-краўцы, якія вельмі дбайна і за невялікую плату шыюць або адзенне, або боты. Паводле павер'яў, пашытыя такім чынам боты і адзенне нельга надзяваць у царкву, бо там яны адразу распаўзуцца.

Пра ўзнікненне валуна захавалася такая легенда. «Некалі на месцы камня стаяла хата шаўца па прозвішчы Гомсін. Ён быў філосаф, ні ўва што не верыў, не хадзіў у царкву і не зважаў ні на якія святы. І вось на Вялікдзень, калі ўсе людзі пайшлі ў царкву, шавец вырашыў у гэты дзень замест адной пары ботаў пашыць дзве. Пасмейваючыся з аднавяскоўцаў, ён узяўся за працу. Калі людзі вярталіся з царквы, Гомсін усё яшчэ працаваў. Але калі аднавяскоўцы наблізіліся да шаўцовай хаты, на чыстым блакітным небе раптам з'явілася хмара, лінуў дождж, у той жа самы момант грымнула, і маланка ўдарыла ў саму хату. Уражаныя і спалоханыя людзі пападалі на калені і прыкрылі вочы рукамі. Калі ўсё сціхла, і людзі наважыліся адсланіць вочы, то замест шаўцовай хаты яны ўбачылі велізарны камень, быццам ніколі і не стаяла нічога іншага на тым месцы. Многія з сялян і дагэтуль упэўненыя, што, як нахілішся да каменя, то пачуеш крык пеўня і грукат шавецкага малатка. Яшчэ яны сцвярджаюць, што ледзь не кожнае лета ў камень б'е пярун». А камень і сапраўды ў многіх месцах расколаты.

Літаратура правіць

  • Дучыц Л., Клімковіч І. Таямніцы каменных валуноў // Полымя. №10. 2007.