Грэнск (археалагічны помнік)
Грэнск, археалагічны помнік — стаянка фінальнага палеаліту каля в.Ворнаўка Кармянскага раёна Гомельскай вобласці. За 2 км на ўсход ад вёскі, на ўсходняй ускраіне астанца 1-й надпоймавай тэрасы правага берага р.Сож, ва ўрочышчы Грэнск. Вышыня 6 — 7 м над узроўнем вады. Выявіў у 1927 г. К. М. Палікарповіч, у 1959 — 1961 гг. У. Д. Будзько даследаваў 90 м². Культурны пласт 1,9 — 2 м, знойдзена 708 прылад працы. У ніжнім пласце выяўлены рэшткі 3 вогнішчаў, вакол аднаго з іх знойдзена вялікая колькасць расшчэпленага крэменю, драўлянага і касцянога вугалю. Рэчавы матэрыял верхняга пласта прадстаўлены лінзамі драўлянага вугалю і крамянёвымі вырабамі. Ніжні культурны пласт У. Д. Будзько датаваў сярэднім дрыясам (12,3 — 11,8 тыс. гадоў таму назад), верхні — алеродскім часам (11,8 —10,8 тыс. гадоў таму назад). У 1972 — 1981 гг. В. Ф. Капыцін даследаваў 380 м². Культурны пласт 0,2 — 0,5 м. У выніку зроблены вывад пра памылковае вылучэнне 2 культурных пластоў. Знойдзены шматлікія адна- і двухпляцовачныя нуклеусы, ашчэпы, пласціны, мелкія лускі. Прылады працы прадстаўлены канцавымі, двайнымі, авальнымі і з «шыпам» скрабкамі, рэтушаванымі, сярэдзіннымі і на вугле зламанай нарыхтоўкі разцамі, праколкамі, вастрыямі, вырабамі з выемкай, сякучымі прыладамі. Прадметы ўзбраення вызначаюцца 2 асноўнымі тыпамі наканечнікаў: тронкавымі і асіметрычнымі з бакавой выемкай. Адзінкавыя наканечнікі маюць плоскае падчэсванне чаранка з боку брушка. Ад назвы стаянкі Грэнск атрымала назву грэнская культура. Маюцца таксама матэрыялы свідэрскай культуры і бутаўскай культуры, эпох неаліту і бронзавага веку.
Літаратура
правіць- Будько, В. Д. Памятники свидерско-гренской культуры на территории Белоруссии // Материалы и исследования по археологии СССР. – 1966. – № 126. – С.
- Будько, В. Д., Вознячук, Л. Н. Палеолит Белоруссии и смежных территорий // Древности Белоруссии: Доклады к конф. по археологии Белоруссии: март 1969 / АН БССР, Сектор археологии Ин-та истории, Бел. общество охраны памятников истории и культуры; Под ред. В.Д.Будько, П.Ф.Лысенко, Л.Д.Поболь, М.М.Чернявского. – Мн.: [Б. и.], 1969. – С.
- Коласаў, А. У. Грэнск / А. У. Коласаў // Археалогія Беларусі: энцыклапедыя: у 2 т. / [складальнік Ю. У. Каласоўскі; рэдкалегія: Т. У. Бялова (гал. рэд.) і інш.]. Т. 1: А — К. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2009. — 492, [1] c. — С.. — ISBN 978-985-11-0354-2.
- Копытин, В. Ф. Некоторые итоги изучения Гренской стоянки // ГАЗ. – 1994. – № 5. – С.
- Копытин, В. Ф. Памятники финального палеолита и мезолита Верхнего Поднепровья / Мин-во народного образования РБ, Могилевский гос. пед. ин-т им. А.А.Кулешова, Могилевский обл. краевед. музей. – Могилев: Могилевское управление по печати, 1991. – 85, [2] с.: ил.
- Копытин, В. Ф. Поздний мезолит Посожья // Изыскания по мезолиту и неолиту СССР. – Л., 1983.
- Очерки по археологии Белоруссии. Ч. 1. – Мн.: Наука и техника, 1970.
- Палікарповіч, К. М. Доследы культур каменнага і бронзавага перыодаў у Усходняй Беларусі // Працы. Т. 1. – С.