Гістарычная сацыялогія

Гістарычная сацыялогія — «памежная» навука, якая яшчэ знаходзіцца на стадыі станаўлення і не мае дастатковай увагі з боку грамадазнаўства і гісторыі, але займаецца шматбаковымі даследаваннямі чалавека і грамадства ў гістарычнай перспектыве[1]. Узнікла ў ЗША ў 1960 — 1970-я гг. як адмысловы тэарэтычны пункт гледжання на навуковае даследаванне грамадства ці індывіда ў межах метадалогіі сучаснай сацыялогіі. Такі адмысловы падыход да вывучэння грамадства дазваляе выкарыстоўваць сацыяльную тэорыю ў вызначанай прасторы і часе, дзе яна ўжо здольная рэфлектаваць гістарычныя перамены ў сацыяльнай рэчаіснасці. Асновай зацікаўленасці гістарычнай сацыялогіі з’яўляюцца параўнальныя даследаванні структурна-функцыянальных, выпадковых, універсальных, сталых, пераменных ці культурніцкіх аспектаў жыцця грамадства. У адрозненне ад класічнага падыходу да вызначаных пытанняў у сацыялогіі і гісторыі, гістарычная сацыялогія з’яўляецца міждысцыплінарнай навуковай плынню, якая выкарыстоўвае дасягненні культурніцкай і сацыяльнай антрапалогіі, этнаграфіі, эканомікі, псіхалогіі, філалогіі, сацыялінгвістыкі і г. д.

Метады і прадмет даследавання правіць

Пакуль няма выразнага ўяўлення аб прадмеце і метадзе гэтай навуковай дысцыпліны. Рускі гісторык В. В. Ключэўскі меркаваў, што гістарычная сацыялогія займаецца вывучэннем зменлівых спалучэнняў знешніх і ўнутраных умоў развіцця ў розных краінах і грамадствах: «Таямніца гістарычнага працэсу, уласна, не ў краінах і народах, па меншай меры не выключна ў іх саміх, у іх унутраных, пастаянных, дадзеных раз і назаўжды асаблівасцях, а ў тых шматлікіх і зменлівых шчаслівых і няўдалых спалучэннях знешніх і ўнутраных умоў развіцця, якія складаюцца ў вядомых краінах для таго ці іншага народа на больш ці менш працяглы час. Гэтыя спалучэнні — асноўны прадмет гістарычнай сацыялогіі».

Галоўнае значэнне ў гістарычнай сацыялогіі займае параўнальны (кампаратыўны) падыход, які дапамагае апісаць, прааналізаваць, інтэрпрэтаваць і растлумачыць падабенства і адрозненні, агульныя і асаблівыя аспекты гісторыка-сацыяльных працэсаў. Менавіта гэта паказвае, чаму гістарычная сацыялогія часта вызначаецца як параўнальная і гістарычная сацыялогія. Гісторыка-сацыялагічны аналіз звяртае сваю ўвагу на гістарычнасць існуючага парадку, на агульныя і на асаблівыя кампаненты гісторыка-сацыялагічнага працэсу, на макра- і мікрааналітычны ўзровень, і нават на ягоныя сацыяльна-эканамічныя, палітычныя і культурныя вымярэнні, дзеля чаго даследчыкі карыстаюцца шматлікімі метадамі з палітры класічнага сацыялагічнага аналізу: аналітычны, канструктывісцкі, высвятляльны і паясняльны, колькасны і якасны.

Кірункі даследаванняў правіць

Галоўнымі кірункамі даследаванняў у сучаснай гістарычнай сацыялогіі з’яўляюцца пытанні працэсаў сацыяльнай змены і іх вынікаў, мадэрнізацыя і мадэрнізацыйныя працэсы, цывілізацыяністыка, узнікненне дзяржаў і народаў, фарміраванне сусветнай сістэмы і шляхоў глабалізацыі, якія даследуюцца з дапамогай усебаковага кампаратыўнага аналізу, улічваючы тэрытарыяльную перспектыву і доўгія часовыя інтэрвалы. Таксама да спецыфічных інтарэсаў гістарычнай сацыялогіі можна аднесці пытанні калектыўнай ментальнасці, габітусу і народных эмоцый, сацыяльнай памяці, гістарычнага ўсведамлення і культурных траўм.

Плыні правіць

Сацыяльна-навуковая плынь даследчыкаў грунтуецца на параўнальнай-гістарычнай сацыялогіі. Сярод прыхільнікаў гэтай плыні — амерыканскі сацыёлаг Т. Скокпал  (англ.), якая правяла глыбокі параўнальны аналіз гістарычнага мінулага Францыі, Расіі і Кітая, каб высветліць прычыны, падабенства і разыходжанні трох вялікіх рэвалюцый у межах гэтых краін[2]

Культурна-асветніцкая плынь узнікае на хвалі культурніцкага павароту і з’яўлення канструктывісцкага, постмадэрнісцкага, посткаланіяльнага падыходаў у гуманітарных і сацыяльных навуках. У адрозненне ад сацыяльна-навуковай плыні, тут з’яўляецца адмысловая прастора да вывучэння праблематыкі бюракратыі, сацыяльнай палітыкі, грамадзянскіх і сацыяльных правоў, рэлігіі, палітычных арганізацый і рухаў, эканамічнай сферы.

Постдысцыплінарны рэфлексіўны тып гістарычнай сацыялогіі. Ядро гэтай плыні складаецца менавіта з еўрапейскіх інтэлектуалаў, перадусім класікаў сацыялогіі Карла Маркса, М. Вебера, Фердынанда Тоніса, Норберта Эліаса, Эміля Дзюргейма, а таксама цэлага шэрагу сацыёлагаў і гісторыкаў XX ст.[3].

Зноскі

  1. Šubrt, Jiří (ed.). Historická sociologie. Teorie dlouhodobých vývojových procesů. Plzeň: Aleš Čeněk, 2007. 548 s. ISBN 978-80-7380-061-1.
  2. Skocpol, Theda. 1976. France, Russia, China: A Structural Analysis of Social Revolutions Архівавана 23 жніўня 2015.. Comparative Studies in Society and History 18 (2): 175—210.
  3. Spohn, Willfried. «Historical and Comparative Sociology in a Globalizing World». In Historická Sociologie № 1. 2009: 9-27.