Гістарычная школа
Гістарычная школа у фалькларыстыцы — адзін з пашыраных кірункаў рускай фалькларыстыкі канца XIX — пачатку XX стст. Яе тэарэтычныя асновы сфармуляваны У. Ф. Мілерам у «Нарысах рускай народнай славеснасці» (Том 1, 1897 г.), развіты і дапоўнены ў працах М.Н. Сперанскага , С.К. Шамбінага , Б. М. Сакалова. У адрозненне ад міфалагічнай школы і міграцыйнай тэорыі (тэорыя запазычвання, або вандроўных сюжэтаў) прадстаўнікі гістарычнай школы імкнуліся растлумачыць фальклор, апіраючыся на гісторыю, пазнаць побыт народа, суаднесці факты, падзе, імёны народнай паэзіі з рэальнымі, з тымі, што мелі месца ў мінулым. У рэканструкцыі эпічных цыклаў яны ішлі ад твораў позняга паходжання да больш ранніх, старажытных. У былінах і гістарычных песнях прыхільнікі гістарычнай школы бачылі фрагменты своеасаблівага вуснага летапісу, несупадзенні гістарычных падзей і зместу твораў тлумачылі скажэннямі тэксту вусным пераказам у выніку бытавання ў сялянскім асяроддзі. Вялікае значэнне ў фальклоры, але ў некаторых выпадках перабольшвалі, абсалютызавалі яго. Недаацэньвалі ролю народных мас у стварэнні духоўных каштоўнасцей, прыпісвалі паходжанне былін выключна княжацка-дружыннаму асяроддзю. Пры многіх метадалагічных недахопах гістарычнай школы зрабіла прыкметны ўклад у навуку пра фальклор, стварыла гістарычную геаграфію рускага эпасу, сабрала і абагульніла значны матэрыял. Школа карысталася міжнародным аўтарэтэтам і зрабіла ўплыў на вучоных шэрагу краін. Як кірунак гістарычная школа распалася ў сярэдзіне 1920-х гадоў. Асобныя яе прадстаўнікі ў 20 — 30-я гг. ўнеслі ў яе метад сацыяльны пачатак. Аб'ектыўная ацэнка дзейнасці гістарычнай школы зроблена ў 1960-я г. У зборніках і даследаваннях, выдадзеных прадстаўнікамі гістарычнай школы (М. Я. Анучкоў, А. В. Маркаў, А. Д. Грыгор’еў , М. С. Ціхаміраў, У. Ф. Мілер, браты Б. М. і Ю. М. Сакаловы) ёсць блізкія да беларускіх варыянты і паралелі эпічных твораў, пераважна казкі і гістарычныя песні, якія ў розны час былі запісаны на Беларусі (пазней сабраны ў кнізе «Беларускі эпас» (1959).
У беларускай фалькларыстыцы гістарычны падыход да вуснапаэтычнай творчасці абазначыўся ў працы І. Я. Храпавіцкага «Погляд на паэзію беларускага народа» (1845 г.). Ідэі гістарычнай школы падзялілі М.Янчук і Я.Карскі.
Літаратура
правіць- Ліс, А. С. Гістарычная школа / А. С. Ліс // Этнаграфія Беларусі: Энцыклапедыя / Беларуская савецкая энцыклапедыя; Рэдкалегія: І. П. Шамякін (галоўны рэдактар), В. К. Бандарчык, Я. В. Малашэвіч [і іншыя]; Навуковыя кансульанты: М. В. Біч, А. П. Грыцкевіч, У. С. Гуркоў [і іншыя]. — Мн.: БелСЭ, 1989. — С. 149.